сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Уладзімер Стальмашонак.
Якуб Колас

 

На мяжы 50-х і 60-х гадоў у мастацтва ва ўсім сьвеце вяртаецца фігуратыўнасьць. Але ўжо іншая, жорстка-лінэарная, самаабмежаваная ў жывапісных сродках. Ізноў зьявілася цікавасьць да манумэнталізму, да спадчыны Ходлера, Лежэ й заходніх мастакоў 30-х гадоў. Што праўда, гэтая хваля нэаманумэнталізму мела дзясяткі нацыянальных адценьняў. У Штатах у гэтым рэчышчы працаваў, напрыклад Кент, якога любілі ў СССР за «мужны й моцны» стыль, а ў Францыі Бюфэ ствараў нешта зусім супрацьлеглае, у мэлянхалічных інтанацыях. Нэаманумэнталізм, пакліканы касмапалітызмам тых гадоў, пераломліваўся паўсюдна ў нацыянальныя школы. Танны плястык, новыя магчымасьці шкла й керамікі, алюміній і бэтон ператвараліся ў жывое самабытнае мастацтва.

Беларусь у той пэрыяд адчула моцны ўплыў літоўскага мастацтва. У Літве вяртаньне манумэнталізму прыпала на ранейшыя, 50-я гады. Тут гэта быў працяг магутных даваенных ковенскіх традыцыяў і спроба адрадзіць літоўскасьць у выяўленчым мастацтве. Жывапіс Савіцкаса, скульптура Мікенаса й вітражы Маркунаса спарадзілі новы стыль, які стаў узорам для перайманьня і ў Беларусі. Напрыканцы 60-х хваля нэаманумэнталізму, абазванага ў СССР суровым стылем, дакацілася й да нас. Адначасова з ростам нацыянальнае сьведамасьці ў мастакоўскіх асяродках...

Паміж стваральнікаў новага нацыянальнага стылю ў жывапісе на сумежжы 60-х і 70-х самай адметнай фігураю стаў Уладзімер Стальмашонак. Дэбютаваўшы ў 1957 годзе палатном «Маладыя будаўнікі Менску», напісаным у духу клясычнага савецкага акадэмізму, ён парывае з гэтым самым акадэмізмам. Імпэтныя пошукі тэмаў і герояў, абавязкова эпічных, надзвычайных, непазьбежна зводзілі яго ад паўсядзённасьці. На шчасьце. Бо «бытавізацыя», якая панавала тады ў беларускім мастацтве, зьядала сэнс мастацкай дзейнасьці. Сацрэалізм праз тое дэградаваў на вачах. Цягам 60-х Стальмашонак у суаўтарстве з Гаўрылам Вашчанкам стварыў дзясятак манумэнтальных кампазыцыяў у разнастайных тэхніках: сграфіта й мазаікі ў Палацы піянэраў, пано са здробненай керамічнай пліткі ў Палацы камвольнага камбінату, сграфіта з прамалёўкаю ў Тэхналягічным інстытуце ды шмат яшчэ... Літоўскі ўплыў у іх відавочны. Але бракавала істотнага — нацыянальнага духу, які быў храбцінаю мастацтва Літвы.

І гэты дух пачынае шукаць Стальмашонак. Найперш у сюжэтах, пасьля ў формах. Узор таго этапу — партрэт Рыгора Шырмы. Сьведама імітуючы народнае мастацтва, Стальмашонак стварыў пярэстую дэкаратыўную кампазыцыю. Аднак стракацень арнамэнтаў і плоскаснасць выявы пярэчаць аб’ёмнай мадэліроўцы партрэту Шырмы. Партрэт згубіўся. А выпісаны ордэн на грудзях і камэртон за поясам робяць гэтую рэч зусім наіўнаю. Імітацыі народнай эстэтыкі не атрымалася.

Працуючы пасьля над партрэтам Якуба Коласа, мастак пайшоў іншым шляхам. У гэтай карціне ён інтэрпрэтаваў традыцыю праваслаўнага жывапісу, скарыстаўшы з рэлігійнае сэмантыкі і ўмоўных кананічных прыёмаў іканапісу. Гэта апавяданьне пра гармонію ўсяго існага, з жыцьцядайным хараством зямлі і ахвярным пакутніцтвам яе сыноў. А сам пэрсанаж, паэт, патрактаваны як біблейскі прарок, які ўсё гэта вычувае. У гэтым вобразе няма ні патэтыкі, ані сэнтымэнтальнасьці. Прарок мусіць быць мудры, зацяты і суровы. У Стальмашонка гэтак і атрымалася.

Кампазыцыя палатна жорстка прывязаная да партрэту Коласа, які стаў і сэнсавым цэнтрам кампазыцыі, і яе мэханічным ядром, ад якога яна разыходзіцца. Па аналёгіі з абразом, дзе выява сьвятога ёсьць усім. Шырокі капялюш на галаве пэрсанажа ператвараецца ў кола німбу, плашч — у хітон, а сялянская сьвітка — у срэбную туніку. Шматкроць паўтораны матыў кола: ад цэнтру ўверх — да паўцыркульнага краю палатна і ўніз — амаль сымэтрычным паўколам плячэй. Кола, сымбаль нябёсаў, якое акрэсьлівае павольны й раўнамерны рух — галоўны матыў гэтай кампазыцыі. Паўколы пагоркаў і ральлі, спавітыя стужкамі дарогі, што сыходзіць за далягляд. Рэлігійная сэмантыка тут дазваляе ўзвысіць вобраз да мэтафізычнае ідэі — незямнога наканаваньня таго, што адбывалася й адбудзецца на гэтай зямлі. А пэрсанаж, візуальна ўзьвялічаны скарачэньнем пэрспэктывы за ім, нібы сам вырастае зь яе. Алюзія на псэўданім паэта. Колас, нібы сьвяты прарок, становіцца сымбалем. Невыпадкова самотная постаць яго ледзь разгорнутая ўправа. Паводле іканапіснае сэмантыкі, гэты рух азначае замілаваньне немаўляцем, што некалі ўратуе сьвет. Адсюль жа, з умоўнае мовы іканапісу, запазычаны шэраг фармальных прыёмаў — гіганцкі маштаб фігуры, нэўтральнае тло, лінэарнасьць, анатамічная ўмоўнасьць. Жорсткія, «вітражныя» абрысы асобных дэталяў робяць гэты твор дэкаратыўным, тым самым яшчэ больш падкрэсьліваючы ягоны сымбалізм.

Жывапісны лад карціны гэтаксама аскетычны, як і кампазыцыя. Ён пабудаваны на спалучэньнях адно брунатных, барвовых і вохрыстых таноў, толькі месцамі падсьвечаных белым і жоўтым. І ў гэтым абмежаваньні схаваная яшчэ адна мэтафара. Паводле хрысьціянскае каляровае сымболікі, белы ніжні й барвовы верхні ўборы сымбалізуюць пакутніцтва. Белы — чысьціня й цнатлівасьць. Барвовы — сымбаль мудрасьці й крыві палеглых ваяроў. Колеры трывожнае восені, калі зямля прыносіць свае ахвяры.

Стальмашонак дадаў да свайго жывапісу яшчэ й элемэнт дэкаратыўнага мастацтва — адмысловыя драўляныя шаты з двума салярнымі знакамі-абярэгамі абапал. Гэтыя шаты зь лёгкай геамэтрычнаю разьбою крыху заважваюць драматызм кампазыцыі, поўнай трывожнага пачуцьця.

Зь цягам часу гэты твор, шмат рэпрадукаваны й выстаўляны да розных юбілеяў і датаў, набрыняў сваёй уласнай памяцьцю. Гэта ўзор тагачасных мастацкіх пошукаў, стылістычных і ідэалягічных, у якіх і нараджаліся шэдэўры. І калі давядзецца ўзгадаць Беларусь канца 60-х і месца беларушчыны ў ёй, дык найперш згадаецца абраз Якуба Коласа, напісаны Ўладзімерам Стальмашонкам. У стылі нацыянальнага нэаманумэнталізму.

Сяргей Харэўскі

 

 

Уладзімер Стальмашонак (1928, Менск) жывапісец, манумэнталіст, вітражыст. Пэдагог. Скончыў Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе ў 1957 годзе. З таго часу працаваў выкладчыкам у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР. Аўтар многіх манумэнтальных работ у жанры вітража, сграфіта, мазаікі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0