БТ вачыма беларуса

Суворыя будні

 

Надыход юбілею беларускага паэта Францішка Багушэвіча БТ сустрэла паказам старога савецкага фільма пра расейскага генералісімуса Суворава. Пра захоп «Польшчы». А потым Сувораў выказвае жаданьне паехаць адпачыць у нейкае «Кобрино». А Багушэвіча адзначылі сьціплым выпускам «Роднага слова». На 20 хвілінаў.

Ня дзіва, што галоўнай падзеяй для БТ на тым тыдні стала «міна», якую нібыта падклалі на Макаёнка, 9 у аўторак. Калі браць палітычную вэрсію, дык акцыя з аднаго боку ўдалая — усе супрацоўнікі БТ апынуліся на вуліцы ды лішні раз задумаліся, дзе яны працуюць. З другога боку — ня вельмі плённая: вяшчаньне не перарывалася (бо ёсьць жа й комплекс на Камуністычнай, 6). Вось толькі праверылі, што «мінаў няма» нешта захутка, менш як за дзьве гадзіны. А там жа 17 паверхаў плюс 4 паверхі тэхнічнага комплексу. Мо, міна ўсё ж недзе засталася ляжаць?

У сувязі з гэтым узгадваецца адна троху падобная гісторыя. Неяк на БТ увесь час тэлефанаваў адзін вельмі незадаволены глядач ды абураўся якасьцю ды зьместам перадачаў. Званіў, праўда, на нумар, які найчасьцей бачыў на экране — у рэклямную службу. Тамтэйшым жанчынам надакучыла адказваць за ўсіх, яны паскардзіліся свайму кіраўніку, а той — у КГБ. У выніку «няўдзячнага» гледача вылічылі ды засадзілі на 15 сутак. Каб адпачыў ад нялюбага тэлебачаньня. Усё слушна: «Не падабаецца — не глядзі!».

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0