БІБЛІЯТЭКА

 

Ад пяцірогу да зоркі

А.Цітоў. Сфрагістыка й геральдыка Беларусі. — Менск: Рэспубліканскі інстытут вышэйшае школы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 1999. — 176 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6299-36-5

Нарэшце зьявілася кніга, якую чакалі ўсе. Крок за крокам да яе ішоў знаны геральдыст Анатоль Цітоў. Спачатку былі выпушчаныя кнігі пра гарадзкія гербы, потым пра дзяржаўны герб «Пагоню», пра старажытныя пячаткі Беларусі, далей — артыкулы пра геральдыку і сымболіку рамесных цэхаў, рэлігійных суполак. Цяпер прыйшоў час усё абагульніць, і зьявілася кніга «Сфрагістыка і геральдыка Беларусі». Тут ёсьць асноўнае з папярэдніх працаў аўтара і галоўнае з таго, чаго не было сказана раней. Выданьне выйшла ў Мэтадычна-выдавецкім цэнтры Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы Белдзяржунівэрсытэту і пазначана як «ілюстраваны курс лекцыяў». Падручнік, значыць.

Зьмест і стыль кнігі разьлічаны, канечне, на навучэнца, на аматара гісторыі. Мінімум аргумэнтацыі, досыць ілюстрацыяў, высновы пры канцы кожнага разьдзелу, ляканічная і вобразная мова.

Асаблівасьці мовы, дарэчы, адразу кідаюцца ў вочы. Гэта не тарашкевіца, а наркамаўка з адвольным ужываньнем асобных варыянтаў з клясычнага правапісу. Да таго ж, аўтар перабірае розныя варыянты. Як утварыць прыметнік ад слова «ракако»? Аўтар кнігі скарыстоўвае амаль побач «ракаковы» і «ракальны». Ці яшчэ з аўтарскіх экспэрымэнтаў: на адной старонцы аўтар спачатку піша «божая маці тыпу «знак», а пасьля «Божая маці» тыпу «Знаменіе».

Цяжкасьць станаўленьня беларускай навукі пра гербы — і ў пошуку тэрміналёгіі. Аўтар перабірае магчымыя варыянты, а некаторыя зь іх прапануе як асноўныя. Як назваць адзін з галоўных элемэнтаў гербу — шчыт, тарч ці тарк? Шлем, шалом, гелм ці прылбіца? Цікавы тэрмін «намітка» прапануецца як назва покрыва на шлеме, раней у нас гэту штуку звалі «намёт».

З чым ня можна пагадзіцца — гэта са схемай распаўсюджаньня заканадаўства пра пячаткі на нашых землях. Знакаміты Вісьліцкі Статут 1347 г. (між іншым, помнік старабеларускай мовы) дзейнічаў выключна ў Польшчы. Тое самае і Статут 1504(?) г. Аляксандра Ягелончыка. Ня дзіва, што ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. няма нормаў пра пячаткі са Статутаў 1347 і 1504 г.

Добра дасталося папулярнай «рэліквіі» — пячатцы Міндоўга, нібыта ХІІІ ст. Пра яе проста напісана, што гэта фальсыфікат пачатку ХХ ст. Каб так і пра дзьве іншыя «рэліквіі» — пячаткі полацкага князя Ўсяслава і сына яго Барыса. Дык не, яны зноў уважаюцца за найстарэйшыя ўзоры сфрагістычнага мастацтва ў Беларусі. Хто б нарэшце дакапаўся да праўды пра гэтыя рамантычныя падробкі зь Віленскага музэю Івана Луцкевіча?

Аднаго кроку забракла аўтару, каб зьвязаць першую вядомую беларускую пячатку з выяваю коньніка («Пагоняй»?) полацкага князя XIV ст. зь летапіснай прыгадкай пра тое, што «Пагоню» ўпершыню займеў князь Нарымонт. А Нарымонт і Глеб Полацкі — адна асоба...

Не пашанцавала некаторым цудоўным малюнкам. Пячатка А.Корвін-Гасеўскага на розных старонках датуецца і 1614, і 1601 г.. Два разы на адной старонцы надрукаваны адзін герб, які быццам належаў ці Ф.Сапегу, ці М.Ломскаму. Затое з аднолькавым подпісам – як герб Рыгора Хадкевіча з заблудаўскага «Эвангельля» 1569 г. – даюцца зусім розныя гравюры (дарэчы, на якой гэта мове: «Герб Грегорея Аляксандравіча Хадкевіча»?).

З зусім новых распрацовак аўтара — асэнсаваньне савецкай сымболікі. Паказана, што хвалёная пяціпрамянёвая зорка — зусім не чужы старабеларускай геральдыцы сымбаль. Быў нават у XVІ ст. такі шляхецкі герб — «Пяцірог» (і свастыка была, пад назовам шляхецкага гербу «Барэйка»). Аўтар спрабуе ўстанавіць повязь савецкай геральдыкі з масонскімі сымбалямі. У тэксьце кнігі пра гэта нічога, але красамоўна глядзіцца шэраг ілюстрацыяў пра гербы савецкіх рэспублік. Ён пачынаецца з адбітку адной масонскай пячаткі. Вельмі яна падобная да савецкіх: і вянок наўкол, і стужка зьнізу, і зорка зьверху. Пячатка, дарэчы, паходзіць з Горадні (толькі гэта не сярэдзіна ХІХ ст., бо ложа звалася «Сябар чалавецтва», існавала ў 10—20-х гадах і была забароненая ў 1829 годзе).

Некаторыя важныя высновы кнігі зусім ня цяжка аспрэчыць. Што гарады без магдэбурскага права не маглі мець гербу (а Гомель, Клецак?). Што брацтвы пачалі ўзьнікаць пасьля берасьцейскай вуніі 1596 году. Што на сёньня архівы БНР усе ў Маскве. Што Стары і Новы Запаветы — агульныя кнігі для хрысьціянства, юдаізму і мусульманства. Увогуле з рэлігійнай тэрміналёгіяй цяжка разабрацца. Прысутнічае дзіўнае «рымска-грэчаска-каталіцкае веравызнаньне» і, наадварот, «нярымская канфэсія». Цікава, зь якіх багоў складаецца «грэка-бізантыйскі пантэон»?

Увогуле, грандыёзная колькасьць лексычных і граматычных хібаў паказвае на тое, што надпіс на апошняй старонцы кнігі «ў аўтарскай рэдакцыі» проста маскуе адсутнасьць усялякай рэдактарскай падрыхтоўкі, а прозьвішча карэктара можна было б і не пазначаць, яго працы ня бачна. А ўсё гэта разам спрычынілася да таго, што кнігу ніяк ня можна ўважаць за падручнік. Так дрэнная выдавецкая праца абясцэніла важную і патрэбную кнігу. Хто б яе перавыдаў старанна?

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

А.Агееў, І.Пушкін. Магілёў на скрыжаваньні. — Магілёў: Магілёўская абласная друкарня, 1999. — 96 с.: іл. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6568-12-9

Пад навуковай рэцэнзіяй прафэсара Анатоля Грыцкевіча выйшла ўнікальнае выданьне з 77 фотаздымкаў старога Магілёва. Цікава, што да кожнага старога краявіду пададзены выгляд тае самае мясьціны цяпер. Перад чытачом паўстаюць вежы колішніх, зруйнаваных пераважна за саветамі бажніц і палацаў на тле цяперашніх гмахаў і пустак.

У.Ладысеў, П.Брыгадзін. На пераломе эпох: Станаўленьне беларускае дзяржаўнасьці (1917—20 г.). — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 1999. — 128 с., (6) арк.іл. — Наклад 500 ас. ISBN 985-445-191-Х

Аўтары спрабуюць максымальна аб’ектыўна разгледзець пэрыяд станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці ў ХХ ст. Не бракуе, аднак, у працы памылак, у тым і сэнсавых: прыкладам, сказ з дакумэнту на с. 120—123 «Энгельс развил…» трэба чытаць як «Энгельс разбил…». Кніга будзе добрым дапаможнікам для глыбейшага вывучэньня першых гадоў парэвалюцыйнага пэрыяду нашае найноўшае гісторыі.

Нацыяналізм у сьвеце: мінуўшчына, сучаснасьць, пэрспэктывы. — Менск: спартова-патрыятычная арганізацыя «Край», 1999. — 38 с. — Наклад 299 ас.

Беларускія нацыяналісты пішуць пра сваіх калегаў з ІРА, францускі Нацыянальны Фронт, пра «новых правых» у Эўропе і рух «белых» у Паўднёвай Афрыцы. Замовіць можна па адрасе 220037 Менск а/с 49.

З.Мажэйка, Т.Варфаламеева. Песьні Беларускага Падняпроўя / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Інстытут мастацтвазнаўства, этанаграфіі й фальклёру. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 392 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0173-5

Праз вывучэньне бальшыні жанраў мясцовага фальклёру аўтарка раскрывае песенную сыстэму ўсходняга рэгіёну Рэспублікі Беларусь.

Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Вып.1—2 (17—18), студзень 2000 г. — Менск: Супольнасьць, 2000. — 51 с. — Наклад 299 ас.

Дзейнасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, навіны з партнэрскіх арганізацыяў цэнтру «Супольнасьць», абвесткі ды іншая патрэбная інфармацыя для грамадзкіх дзеячоў.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0