Навіны

 

І ў Менску — Мірон

У ноч на 2 красавіка ў менскiм мiкрараёне «Малiнаўка» былi вывешаныя каля двух дзясяткаў бел-чырвона-белых сьцягоў. Яны луналi на правадах i дахах дамоў, прычым некаторыя — даволi доўга. У выходны дзень iх не было каму апэратыўна зняць, паведаміў БелаПАН.

 

Прафсаюз выйграў суд

Магілёўскі абласны суд адмовіўся задаволіць зыск дырэкцыі завода трактарных дэталяў і агрэгатаў да суполкі Свабоднага прафсаюзу, якая арганізавала і правяла на заводзе ў жніўні мінулага году двухдзённы страйк. Людзі пратэставалі, што ім ня плоцяць заробку. На момант страйку запазычанасьць перавысіла 70 млрд “старых” рублёў. Двух дзён начальству хапіла, каб знайсьці грошы, і людзі неадкладна выйшлі працаваць. Дзіўна, што больш чым праз паўгады дырэкцыя звярнулася ў суд, каб той прызнаў дзеяньні прафсаюзу незаконнымі. На гонар судзьдзяў, яны не паддаліся ўціску адміністрацыі.

Сымон Глазштэйн

 

Няма за што вучыць

У Пінску школьныя вакацыі працягнутыя да 10 красавіка. Асноўная прычына — адсутнасьць сродкаў. Запазычанасьць бюджэту перад аддзелам адукацыі ў Пінску складае 253 мільёны рублёў. Аддзел адукацыі ня мае чым плаціць за камунальныя паслугі, харчаваньне і гэтак далей. Дык эканомяць сродкі.

Аляксей Дзікавіцкі

 

Будуць нам машыны

У Польшчы паведамлена, што з 1 студзеня наступнага году з дарог павiнны зьнiкнуць 3 мiльёны легкавiкоў, якiя маюць узрост больш за 10 гадоў.

Такiя правiлы дзейнiчаюць у Галяндыi. Польскi саюз аўтамабiлiстаў супраць гэтага, бо Польшча не такая ўжо багатая краiна. Хаця летась у РП была прададзена рэкордная колькасьць новых машын — больш за 600 тысяч, сёлета гэты паказчык iстотна зьменшыўся.

Аўтамабiлi, зробленыя да 1991 году, складаюць адну трэцюю частку ад усiх легкавiкоў, зарэгiстраваных у Польшчы. Улады раяць iхным уладальнiкам чым хутчэй прадаць iх за ўсходнюю мяжу.

Сяргей АСТРАЎЦОЎ

 

МАЛІТВА ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

Учора ў Менску каля помніка Янку Купалу маліліся за незалежнасьць і сьпявалі нацыянальныя гімны.

Гэткім чынам людзі выказвалі сваё стаўленьне да так званага «дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі» — паміналі тых, хто аддаў жыцьцё за незалежную Бацькаўшчыну. Людзі трымалі ў руках кветкі, запаленыя сьвечкі і партрэты герояў. Мікола Статкевіч казаў пра сотні тысяч палеглых патрыётаў. Калі ж браць увесь пэрыяд двухсотгадовае маскоўскае акупацыі і вынішчэньня нашага народа, можна безь перабольшаньня казаць пра мільёны. Слава іхная ўсё яшчэ блукае па беларускіх прасторах, будзячы цёмных, несьвядомых нашчадкаў.

Гаварылася і пра падзеі 2 красавіка 1996 году — дзень падпісаньня расейска-беларускага саюзнага дагавору, калі з пратэстам на менскія вуліцы выйшлі трыццаць тысяч беларусаў.

Пасля прамовы М.Статкевiча адбылося набажэнства ў памяць аб змагарах за незалежнасьць краiны, якое адслужылi сьвятары Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы Ян Спасюк i Леанiд Акаловiч.

Раз-пораз вызірала гарачае сонца, прымушаючы мужчын скідаць кепкі і капелюхі. Між людзьмі сноўдалі абмундзіраваныя і пераапранутыя ахоўнікі існуючага параду, абражаючы сваёй недарэчнай прысутнасьцю агульную малітву.

Акцыя прайшла без эксцэсаў, — паведаміў БелаПАН. — Аднак пасьля яе правядзеньня супрацоўнiкi мiлiцыi затрымалi аднаго ўдзельнiка — жыхара горада Горкi Магiлёўскай вобласцi.

Алесь Кебік

 

Жалобнае «яднаньне»

Магілёўцы ўчора на працягу дня падыходзілі да палаца Георгія Каніскага і ставілі там жалобныя сьвечкі.

Каніскі вядомы як апалягет інкарпарацыі беларускіх земляў у склад Расейскай імпэрыі. Вядома таксама, што калі тая інкарпарацыя ў канцы 18 стагодзьдзя адбылася, і праваслаўны святар пабачыў яе разбуральныя для горада наступствы, ён ледзь не пракляў усходнюю суседку і сам ператварыўся ў сьвятара-дысыдэнта. А пасля 1917 году ў палацы ягоным месьцілася ЧК. Вядома, што тут у скляпеньнях расстрэльвалі і катавалі людзей.

Сымон Глазштэйн

 

Завяршаецца суд Чыгіра

У пятніцу Міхаіл Чыгір сустрэўся з журналістамі з нагоды гадавіны свайго зьняволеньня. Экс-кіраўнік ураду й ягоныя абаронцы распавялі пра папярэднія вынікі працэсу. Паводле іхных высноваў, абвінавачваньні супраць М.Чыгіра трашчаць па швах.

Працэс набліжаецца да завяршэньня. З 47 сьведкаў па справе Чыгіра ўжо дапытана ў судзе 36. Ніхто зь іх ніякіх паказаньняў супраць экс-прэм’ера ня даў.

Міхаіл Чыгір не прызнае сваёй віны. Але ж адседзеў восем месяцаў. Якую каманду атрымаюць цяпер праваахоўныя органы, Чыгір ня ведае. Прысуд Чыгіру, дарэчы, супадзе па часе са стартам чарговай «бітвы за ўраджай». Адвакаты лічаць, што суд завершыцца ў сярэдзіне красавіка.

Тацяна Сьнітко

 

На пасяўную — як апошні раз

Па палях Магілёўшчыны закульгала пасяўная. Тэхнічны парк вёскі больш чым на 90% аджыў сваё, але і з гэтых машын толькі каля 70% адрамантаваныя і могуць хоць нешта рабіць. Крыху больш трэці гаспадарак забясьпечаныя насеньнем. Запазычанасьці па заробках не пагашаныя ў 70% гаспадарак, а ў палове зь іх людзям ня плоцяць ужо па 4-5 месяцаў. Ёсьць гаспадаркі, дзе яшчэ зь лістапада не выдавалі зарплаты. Старшыня Магілёўскага аблсельгасхарчу Пётр Кандратаў выказаў надзею, што ў хуткім часе ўсю зарплатную запазычанасць ліквідуюць. Гэта амаль 650 мільёнаў дэнамінаваных рублёў.

Сымон Глазштэйн

 

Яднаньне з Усходу, а грошы на Захадзе

Італійскі пасол гасьцяваў у Магілёве. Нашыя начальнікі пераконвалі яго, што трэба, каб бізнэсоўцы з Апэнінаў укладалі сюды свае грошы, што ім ёсць тут інтарэс. Ня буду казаць за чужых бізнэсоўцаў, але відавочна, што дарма трацілі час замежныя дыпляматы. Ніхто ў разбураную і антырынкавую эканоміку, акрамя дурняў, укладаць грошы ня будзе. А ў дурняў звычайна іх і няма. Яшчэ дыпляматы казалі, што расьце экспарт у гэтую краіну. За год вырас у 2,5 разы. Тое-сёе з вытворчасьці нашых прадпрыемстваў замежнікаў цікавіць. У прыватнасьці прадукцыя ВА “Хімвалакно” і некаторыя тавары машынабудаваньня. Бярэм, вядома, ня якасьцю, а нізкім коштам. Ну, хоць так. Хоць нейкую валюту заробіць прамысловасць, якая насуперак усім прэзыдэнцкім загадам “глядзець на Ўсход”, па грошы круціць галаву на Захад.

С.Г.

 

У Берасьцейшчыне няма каму рабіць

У саўгасах i калгасах вобласцi ўскладняецца кадравая праблема, — піша БелаПАН. Прычым, не хапае ня толькi даярак i трактарыстаў, але й спэцыялiстаў сярэдняга зьвяна i нават кiраўнікоў. Напрыклад, калгас «Новая жизнь» Столiнскага раёну сем месяцаў запар заставаўся без старшынi: нiхто не выказваў жаданьня. А ў калгасе iмя Сьвярдлова Пiнскага раёну на працягу апошняга году зьмянiлiся тры кiраўнiкі. А ўвогуле летась на Берасьцейшчыне змянiлiся 14,5 працэнты галоўных спэцыялiстаў, 11,5 працэнты кiраўнiкоў сярэдняга зьвяна. У Драгiчынскiм, Жабiнкаўскiм i Ляхавiцкiм раёнах кожны пяты кiраўнiк сярэдняга зьвяна палiчыў неабходным шукаць больш прыбытковае месца. Галоўныя прычыны, якiя адпужваюць спэцыялiстаў — нiзкiя зарплаты i праблемы з жыльлём. Так людзі кажуць. А яшчэ кажуць, што нераспушчаныя калгасы развальваюцца самі.

А.К.

 

«ДРУЖБА НАРОДАЎ» З КАЙДАНКАМI

У Гораднi закончыўся суд над 10 асобамi, якiя спрабавалi пераправiць празь беларуска-польскую мяжу дзьве групы нелегалаў.

У залю ўвялi скутых памiж сабою кайданкамi iндуса зь лiтоўцам i лiтоўскага азэрбайджанца зь беларусам, таксама лiтоўскiм. Падсудным далi апошняе слова. Яны сказалi па тры-чатыры сказы. Гэтыя, якiх прывялi ў кайданках, па-ранейшаму вiны сваёй не прызналi. А.Кiвелiс сказаў: «Абвiнавачаньне не пацьвердзiлася пад час суду. Просьба — мяне апраўдаць, у маiх дзеяньнях няма складу злачынства. Дзякуй за ўвагу. З Богам». Амрыт Пал, iндус, якi слухаў пытаньнi судзьдзi на расейскай мове, адказваў праз перакладчыцу — па-ангельску. Так публiка i не зразумела — прызнаў ён сваю вiну альбо не.

Так цi iнакш, чатырох запраторылi за краты. Беларуса С.Парфёнава — на 4 гады, С.Гасановаса — на 3,6 года, А.Кiвелiса — на 3. Усiм — «строгi рэжым». Адному толькi А.Палу дастаўся рэжым «агульны» — 3,6 года. Адзiн гарадзенец, якi таксама не прызнаваў сваю вiну, атрымаў 3 гады ўмоўна, але «з прыцягненьнем да працы». Патроны, якiя былi ў яго знойдзеныя, суд пастанавiў — зьнiшчыць.

Другая палова падсудных — шчасьлiўчыкi, якiя прызналi сваю вiну адразу. Два грамадзянiны РБ атрымалi па 300 мiнiмалак штрафу. З трох грамадзянаў Польшчы два сплацяць па 500 нашых мiнiмальных заробкаў, а трэцi — 400.

Сяргей АСТРАЎЦОЎ