500 герояў

 

Ва ўсе часы, калі бацькаўшчыне пагражала небясьпека, якім бы ні было імя той бацькаўшчыны, на абарону яе выходзілі маладыя. Ці ня так было, калі спартанскі цар Леанід і трыста дзецюкоў разам зь ім сталі жывым мурам ў Фэрмапільскай цясьніне, каб уратаваць Эладу? А ці былі Кастусь Каліноўскі і Эмілія Плятэр пэнсіянэрамі паводле ўзросту? Не!

Гэтаксама і эканамічныя навіны старога абываталя, падобнага на вашага карэспандэнта, могуць тычыцца хіба што падвышэньня на мінулым тыдні кватэрнай платы ды кошту цыгарэт. І што з таго? Кватэрная плата расьце з таго моманту, як людзі перасталі спаць на голай зямлі. Сапраўдны кошт на цыгарэты трымаўся адзін дзень, пакуль партовыя фарцоўшчыкі заганялі гішпанцам тытунь, прывезены экіпажам Калюмба. Рост…, падзеньне…, адключэньне ацяпленьня, якая лухта, калі раптам у Беларусь прыйшла вясна.

Першыя жаваранкі… вашы дакуменцікі… дубінай па карку… пасяўная, нарэшце. Пасяўная!!! І покуль апошняе зерне, якому наканавана стаць нашым хлебам, не накрые зямля, гэтая навіна будзе лепшай і галоўнай.

Інакш проста нельга. Бо два папярэднія гады на фронце барацьбы за ўраджай назіраўся плаўны адыход змагароў на пазыцыі 1970 году. Можна і далей адступаць: да шэрых хрушчоўскіх батонаў, чэргаў па хлеб, картачак, “продразвёрсткі”, рэвалюцыі. Можна, але ня хопіць БТРаў, ахвіцэраў і ўдзельнікаў дыялёгаў.

Вось чаму вырашальная бітва за вялікі хлеб будзе выйграная, чаго б гэта нацыі ні каштавала. Дарма што мінэральных угнаеньняў ёсьць усяго 53% ад таго, што трэба. Дарма што гною нарыхтавана 71% ад заплянаванага вэртыкальлю аб’ёму і чвэрць з таго так і не вывезеная на палі. Што ў лепшым выпадку атрымаецца «арганікі» па 12 т. на гектар яравых, супраць леташніх 14,8 т. Нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што кароваў паменела на 323 тысячы толькі за студзень-люты, ды і есьці ім ня надта давалі (а можа занадта, бо кармоў на 1 сакавіка засталося на 40% меней чым летась). Дарма што паліва “паступіла” толькі тры чвэрці ад таго, што трэба і запасы крыху большыя за палавіну леташніх. Дарма што трактараў на 7000 паменела, а з астатніх 85000 чвэрць не працуе, бо надта старыя. Яно і зь сеялкамі гэтаксама.

Голаду ня будзе. Нават недахопу ня будзе. Прасякнутыя верай у рынкавы сацыялізм, 500 студэнтаў славутай сваімі традыцыямі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі накіруюцца ў калгасы і саўгасы, каб працаваць там часова на пасадах галоўных спэцыялістаў, спэцыялістаў і мэханізатараў шырокага профілю.

Хочацца верыць, што, пакіраваўшы крыху грамадзкай сельскай гаспадаркай, якая выглядае нібыта чачэнскі аул пасьля зачысткі, і аператыўна выправіўшы становішча, яны вернуцца, каб вучыцца з патройнай энэргіяй. Яны будуць удасканальваць сваё цела і дух. І нехта зь іх стане нашым прэзыдэнтам, і…, зноў будзе вясна.

Міхал Залескі