Дзень Волі — Дзень Няволі

у дакумэнтах і паведамленьнях нашых карэспандэнтаў

 

Рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзянаў і журналістаў у мінулую суботу 25 сакавіка, пра што мы паведамілі ў папярэднім нумары «НН», былі ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці на працягу мінулага тыдня. Рэха тых арыштаў гучала на судовых працэсах, у шматлікіх заявах і ў сьценах канцэртнае залі «Менск», дзе адбывалася акцыя калектыўнага самападману пад назваю «Дыялёг грамадзка-палітычных сілаў Беларусі».

 

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў абнародавала заяву «па факце масавага затрыманьня журналістаў і выкарыстаньня ў дачыненьні да іх грубай фізычнай сілы работнікамі органаў аховы парадку». У тэксьце заявы чытаем:

 

«У горадзе Менску міліцыяй і спэцслужбамі было затрымана каля 30-ці журналістаў... Супрацоўнікі здымачных групаў, іншыя журналісты замежных і беларускіх СМІ былі прымусова дастаўленыя на тэрыторыю вайсковай часткі МУС на вул.Маякоўскага ў Менску... Нікому з затрыманых не патлумачылі прычыны затрыманьня, некаторыя журналісты былі падвергнутыя проціпраўнаму асабістаму догляду, усім было забаронена паведаміць пра сваё затрыманьне ў рэдакцыі, а таксама сваякам і блізкім. Рабіліся спробы надзець наручнікі. Засьвечваліся адзьнятыя стужкі ў фотакарэспандэнтаў... У чарговы раз уладамі Беларусі было груба парушана канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў і палітычнае жыцьцё краіны, а таксама палажэньні Закону Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”...

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае рашучы пратэст супраць адкрытай і цынічнай расправы над журналістамі, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі. Мы патрабуем ад уладаў прыняць меры па неадкладным расьсьледаваньні абуральнага інцыдэнту і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Мы зьвяртаемся да грамадзянаў Беларусі з заклікам выступіць у абарону правоў журналістаў свабодна зьбіраць, атрымоўваць і распаўсюджваць інфармацыю. Мы заклікаем усіх калегаў, журналісцкую супольнасьць, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выказаць салідарнасьць у барацьбе за свабоду слова ў Беларусі».

 

Да гэтае заявы БАЖ далучыў сьпіс 36-ці рэпрэсаваных журналістаў.

Незаконныя рэпрэсіі 25 сакавіка былі ўжытыя ўладамі ня толькі ў Менску.

 

ШТРАФ ЗА МIТЫНГ

Судом Ленiнскага раёну Гораднi аштрафаваны адзiн з арганiзатараў мiтынгу 25 сакавiка Адольф Зацэпiн. Сума штрафу — 160 мiнiмальных заробкаў.

А.Зацэпiн — рабочы. Каб сплацiць гэткiя грошы, яму трэба працаваць цэлы год. Пра гэта судзьдзя — Дзмiтры Дземчанка — выдатна ведаў.

С.А., Горадня

 

СУД ЗА СЬЦЯГ

У аўторак 28-га сакавіка арганізатары сьвяточнай акцыі, што адбылася на Дзень Волі ў Пінску, былі выкліканыя ў мясцовы ГАУС.

25-га сакавіка ў Пінску на мітынгу было каля трохсот чалавек — у два разы болей, чым летась.

Напярэдадні акцыі ў гарвыканкаме арганізатарам Віктару Ярашуку і Алесю Моргалю прапанавалі падпісаць расьпіску, што пад час мітынгу яны ня будуць выкарыстоўваць ніякай нацыянальнай сымболікі. Арганізатары адмовіліся. Натуральна, што мітынг на Дзень Волі прайшоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Абвінавачваньні ў сымболіцы і былі прад’яўленыя 28-га сакавіка ў міліцыі спадарам Моргалю і Ярашуку. Ім паказалі таксама фотаздымкі выступоўцаў і ўдзельнікаў мітынгу, некаторыя зь якіх трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

У суседнім Драгічыне з нагоды Дня Волі актывісты Народнага Фронту правялі трохгадзінавы пікет у парку імя Горкага. Каля двух дзясяткаў фронтаўцаў распавядалі драгічынцам пра сёньняшняе сьвята, а таксама патрабавалі дастойнага жыцьця ды адстаўкі Лукашэнкі. Уражвала вялікая колькасьць людзей, якія прыйшлі паслухаць пікетоўшчыкаў, асабліва шмат было моладзі.

Аляксей Дзікавіцкі

 

Тымчасам у Менску ва ўсю ішлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі сьвята незалежнасьці. Пад знакам гэтых судоў пачаўся і лукашэнкаўскі «дыялёг» з апазыцыяй. Што праўда, не было там ані Лукашэнкі, ані апазыцыі. Тым ня менш, страсьці кіпелі менавіта з нагоды 25 сакавіка.

 

Наперадзе — жанчыны

Як гэта апошнім часам павялося ў Беларусі, першымі рашуча выказаліся лідэры жаночага руху «Адраджэньне Айчыны», Беларускай жаночай лігі, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, Міжнароднага фонду Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, асацыяцыі жанчын-юрыстаў, жаночага інфармацыйна-каардынацыйнага цэнтру ды фонду «Дзецям Чарнобыля». Яны яшчэ перад пачаткам пасяджэньня распаўсюдзілі заяву: «Немагчыма весьці дыялёг пад прыцэлам вадамётаў і пад міліцэйскімі дубінкамі. Сёньня на вуліцах Менску вайсковая тэхніка і салдаты ў бронекамізэльках, а заўтра ў Беларусі зьявяцца вязьні канцэнтрацыйных лягераў». Жаночыя рухі заклікалі грамадзкія арганізацыі адмовіцца ад удзелу ў «дыялёгу», пакуль ня будуць пакараныя вінаватыя ў рэпрэсіях 25 сакавіка, і запатрабавалі судовага разьбіральніцтва ў дачыненьні да «аўтараў» злачынных загадаў.

Тацяна Сьнітко, Менск

 

Урэшце залю пакінуў не адзін палітык і грамадзкі дзяяч. Па-першае, надта ж цынічна тут зь імі абышліся, а па-другое, языкамі, вядома, мянціць можна колькі хочаш, але ня кожнаму той занятак даспадобы, калі ў краіне сытуацыя робіцца ўсё горай.

Ох, нездарма згадалі жанчынкі пра канцлягеры. Можна яшчэ згадаць даўняе савецкае кіно пра фашыстоўскі такі лягер, дзе рабіліся ўсялякія экспэрымэнты над дзецьмі. Там немец-афіцэр заходзіць у дзіцячы барак і працягвае малечам цукеркі. Адзін байчэйшчы хлопец бярэ шакаляд і, зьвяртаючыся да астатніх, кажа: «Ня бойцеся, гэта нібыта засьнем». Надта ж нагадвае гэтая сцэна лукашэнкаўскі «дыялёг».

С.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0