Весткі зь Літвы

 

Ня будзе прапіскі

Днямі Сойм Літвы пастанавіў адмяніць абавязковую прапіску для жыхароў краіны. Адбылося тое, пра што казалі і што абяцалі яшчэ ў самы разгар гарбачоўскае «перастройкі». Цяпер ад 1 верасьня гэтага году запіс пра месца жыхарства ў літоўскіх пашпартах будзе неабавязковы. Між тым, самі грамадзяне Літвы не сьпяшаюцца пазбыцца гэтага таўра. Для многіх такі запіс дадае псыхалягічнага камфорту — дамаўласьніку прыемна пазіраць на адрас свае маёмасьці ва ўласным пашпарце. Праўда, каб купіць у Літве жыльлё, ужо сёньня ня трэба ані тутэйшае прапіскі, ані тутэйшага грамадзянства...

У Беларусі тым часам прынялі новы жыльлёвы кодэкс, паводле якога ня толькі ўзмацняецца інстытут прапіскі, але й для жыхароў уласных кватэраў уводзяцца правілы, нічым не адрозныя ад правілаў пражываньня ў савецкіх інтэрнатах. У сябе дома нельга курыць, сушыць на кухні бялізну, ня кажучы ўжо каб мець офіс. У кожны момант можа прыйсьці міліцыянт і пакараць за парушэньне.

Беларускае і літоўскае заканадаўствы разьвіваюцца ў процілеглых кірунках.

 

Добрасуседзтва

Летась Літва прадала за мяжу 3,3 млрд kWh электрычнай энэргіі. Зь іх 1,3 млрд kWh у Латвію ды 2 млрд kWh у Беларусь. Гэта складае 31% ад усёй прададзенай літоўскай электрычнасьці. Цяпер тутэйшыя энэргетыкі маюць намер заняцца экспартам шырэй. Цікавасьць да літоўскага сьвятла маюць Польшча й Эстонія. Польскі прэм’ер Ежы Бузэк выказаў намер набыць у Літве 700 млн kWh. А паколькі будаваць новыя лініі электраперадачы задорага, дык польскі бок прапануе скарыстацца беларускімі дратамі. Усё было б добра і ўзаемакарысна... Але вось жа праблема — Беларусь ня выплаціла Літве грошай за электрычнасьць. Цяпер агульны памер беларускае запазычанасьці складае 65 млн. амэрыканскіх даляраў. І літоўцы ня хочуць рызыкаваць. Колькі б тое ні каштавала, яны будуць будаваць новую лінію ў Польшчу. Нам жа не давяраюць.

 

Беларускія елкі пад Вільняю

Днямі ў Вільні сустрэліся міністар асяродзьдзя Літвы Даніюс Лігіс і міністар лясной гаспадаркі Беларусі Валянцін Зорын. У выніку падпісалі дамову пра захады супраць лясных пажараў альбо іншых прыродных няшчасьцяў на Віленшчыне. Цяпер будзе створаная супольная сыстэма аховы прыродных рэсурсаў абапал беларуска-літоўскае мяжы. Зь Беларусяй мяжуюць літоўскі запаведнік Чапкеляй, Нацыянальны Дзукійскі Парк, некалькі рэгіянальных паркаў, напрыклад, у Дзевянішках, ды шмат дзе яшчэ. Беларускім лесьнікам неабыякавы досьвед Літвы, дзе ўжо 20 гадоў дзеіць нацыянальная сыстэма агульнага догляду лясоў і іх рэканструкцыі. Беларусы наўзаем прапануюць яловых саджанцаў, каб засадзіць імі землі на Віленшчыне. Ой, загудзе беларускі лес пад Вільняю!

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0