НАВІНЫ

 

Новыя пісьменьнікі

Саюз Пісьменьнікаў правёў сэмінар пачаткоўцаў. З 60-ці маладых літаратараў вылучылі найлепшых у сваіх жанрах: крытыка Ірыну Шаўлякову, паэта Юрыя Бурсава і празаіка Наталю Ўласаву. Дзяржкамдрук паабяцаў даць грошы на выданьне зборніка лепшых твораў, якія прагучалі на сэмінары.

Ю.Б.

 

Памёр кампазытар Дамарацкі

Заўчасна, на 54-м годзе жыцьця, памёр ад раку кампазытар Уладзімер Дамарацкі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, аўтар таленавітых твораў у сымфанічным, інструмэнтальным і камэрна-вакальным жанрах. На жаль, маэстра не пасьпеў скончыць першы беларускі мюзыкал “Панядзелак”, які абяцаў стацца сапраўдным шэдэўрам.

Ю.Б.

 

Мы — дняпроўскія балты

Аднавіў сваю дзейнасьць Цэнтар этнакасмалёгіі “Крыўя”, які займаецца адраджэньнем старажытнай паганскай культуры. Толькі што выйшаў з друку трэці нумар альманаху “Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica”, празь месяц мае выйсьці слоўнік тэрмінаў старажытнай культуры, рыхтуецца шэраг канцэртаў і мастацкіх выставаў. Паводле лідэраў гэтага руху, філёзафа Сержука Санькі і мастака Тодара Кашкурэвіча, найбліжэйшыя нам па крыві — не расейцы і ўкраінцы, а літоўцы і латышы, бо продкамі беларусаў былі “дняпроўскія балты”.

Юрась Барысевіч

 

Чыталі вершы, сьпявалі песьні

30 сакавіка ў полацкім музэі-бібліятэцы Сімяона Полацкага адбылася прэзэнтацыя альманаху “Наддзьвіньне”, які выдала аднайменнае літаб’яднаньне. Намесьніца старшыні гарвыканкаму Вольга Ждановіч выказала жаданьне і надалей падтрымліваць гэты выдавецкі праект. Рэдактар наваполацкай газэты “Хімік” пісьменьнік Лявон Неўдах са скрухай зазначыў, што наваполацкія гарадзкія ўлады, у адрозьненьне ад полацкіх, не спрыяюць літаратарам-навапалачанам.

Васіль Кроква

 

Жывёльны страх

Полацкі маладзёвы тэатар-студыя “Гармонія” паставіў спэктакаль паводле Брэхтавай вэрсіі трагедыі Сафокла “Антыгона”. 26 і 27 сакавіка ў гарадзкім Палацы культуры прайшлі прэм’ерныя паказы. Рэжысэрка спадарыня Нагорная патлумачыла журналістам, што тэатар адмыслова ўзяўся за такую сур’ёзную рэч, бо гэтая п’еса актуальная для сёньняшняга стану беларускага грамадзтва. У Нямеччыне Брэхтаўская “Антыгона” ішла ў тэатрах у 1948 годзе. Галоўная ідэя твору, як бачыць рэжысэрка, пераадоленьне жывёльнага страху ў сабе, супрацьстаяньне тыраніі. І дадае: гэта дамінантная тэма эўрапейскага мастацтва апошніх двух тысячагодзьдзяў.

В.К.