АБ НАЗОВАХ НАШЫХ ПРАЎДА

 

КРЫВIЧЫ

Як толькi ні тлумачылi паходжаньне назвы крывiчоў — i роднасьць па крывi, i спадара Крыве-Крывейту прыцягвалi. Але нiхто не здагадаўся параўнаць iх з дрыгавiчамi. Ясна, што спачатку было «дрыгавiчы» i «крыгавiчы», але потым «га» выпала, засталося «крывiчы». Крыгавiчы — значыць, людзi, якiя засялялi новыя землi, плывучы на крыгах вясною ўнiз па рацэ. А дрыгавiчы, цi, дакладней, драгавiчы плылi па Герадотавым моры на драгах, якiмi яны вычэрпвалi зямлю са дна гэтага мора i клалi паверх вады; так i атрымалiся знакамiтыя Палескiя балоты. Недасьведчаныя ж людзi кажуць, што Герадотава мора высахла, але ў нашым вiльготным клiмаце ня тое што мора — лужыны не заўсёды высыхаюць.

ЛIТВА

Нашыя продкi ведалi — Палямон, заснавальнiк Лiтвы, прыйшоў да нас з паўднёвага боку, i думалi — з Рыму. Але яны памылялiся — шлях Палямона быў нашмат даўжэйшы. Якраз на поўдзень ад нас, у Руандзе, у рэштках афрыканскiх лясоў яшчэ й сёньня жывуць пiгмеi тва. У далетапiсныя часы многiя зь iх выправiлiся ў падарожжа на поўнач, i, пабачыўшы наднёманскiя ельнiкi, гэткiя ж вечназялёныя, як лясы на iх радзiме, аселi там.

Князь Уладзiмер, адпусьцiўшы Рагнеду з Iзяславам дадому, хутка стаў шкадаваць пра гэта i адправiўся да iх зь вялiкiм войскам. Але пад час бiтвы, калi Ўладзiмер ужо перамагаў, Iзяслаў усклiкнуў: «Лi, тва!» I з навакольных лясоў сапраўды палiлiся стройныя шэрагi маленькiх чорных жаўнерыкаў. Адсюль i пайшла назва зямлi гэтай — Лiтва.

БЕЛАРУСЬ

З даўнiх часоў беларусы перакручвалi летувiскiя словы на свой капыл. Замест Альгiрдас казалi Альгерд, замест Вiльнюс — Вiльня. У вынiку летувiсы страцiлi велiзарны пласт гiстарычнай памяцi — калi, напрыклад, iмя нацыянальнага героя Костаса Калiнаўскаса яшчэ раз-пораз згадваецца, дык слынны пiсьменьнiк Вальдэмарас Караткявiчус летувiсамi ўжо зусiм забыты. Даўжэй за ўсiх здолела захавацца спрадвечналетувiская назва Беларусь, бо да яе канца быў абачлiва дапiсаны мяккi знак. Але маскiроўка не дапамагла — як Мiцкявiчус перарабiлi на Мiцкевiч, так i Беларусь неўзабаве ператворыцца ў Белэр — краiну Белай Р (Рэчыпаспалiтай). Вось так! Недабразычлiўцы, аднак, кажуць, што белая рэч, пас палiтая — гэта проста дранiкi, палiтыя сьмятанай.

Сержык Карбоўскi,
Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0