Пасьля 10 дзён турмы Сiўчык выйшаў на волю

 

Пасьля дзесяцiдзённай «адсiдкi» ў спэцпрыёмнiку-разьмеркавальнiку на вул. Акрэсьцiна ў Менску вярнуўся намесьнiк старшынi БНФ Вячаслаў Сiўчык.

Сп. Сiўчык быў затрыманы крымiнальным вышукам 28 сакавiка недалёка ад памяшканьня ўправы Сойму БНФ. Затрыманьне адбылося ў 14.45, пасьля чаго Сiўчыка адвезьлi ў Савецкi РАУС Менску i толькi праз 28 гадзiнаў перавезьлi ў будынак Савецкага райсуду. Там вынесьлi прысуд: 10 сутак зьняволеньня за «арганiзацыю несанкцыяванага шэсьця» 25 сакавiка, у Дзень Волi.

За гэтыя 10 сутак Вячаслаў Сiўчык пасьпеў зьмянiць ажно 5 камэраў. Як сьведчыць сам сп. Сiўчык, там былi i людзi з адкрытай формай сухотаў. Чацьвёра сутак намесьнiк старшынi БНФ праседзеў у камэры, дзе была выбiтая шыба (на вулiцы было холадна і йшоў сьнег). У апошнюю ноч Сiўчыка кiнулi ў камэру, дзе, як ужо было вядома, ранiцай мусiлi правесьцi дэзiнсэкцыю. У 12 гадзiнаў наступнага дня (7 красавiка) яе прадэзiнсэктавалi — атруту разьлiлi на падлогу, нары, сьцены, прычым затрыманых з камэры ня вывелi (толькi аднойчы перавялi на 30 хвiлiнаў у iншую камэру, дзе было неатручанае паветра). Сiўчыка трымалi ў «прадэзiнсэктаванай» камэры да самага вызваленьня, 5-цi гадзiнаў ранiцы 8 красавiка.

«Я перакананы, што ўсё гэта рабiлася сьвядома, — кажа Вячаслаў Сiўчык, — рэжым iмкнецца ўсяляк прынiзiць i запалохаць людзей. Але праз гэта вiдно, наколькi моцна сама ўлада знаходзiцца ў страху».

Ранiцай 8 красавiка на выхадзе са спэцпрыёмнiку Сiўчыка сустракала пяць машынаў зь сябрамi й аднадумцамi — гэта моцна ўразiла пэрсанал «Акрэсьцiна».

Прэсавая служба БНФ «Адраджэньне» i Партыi БНФ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0