радыё на слых беларуса

Наша Русь, Эманюэль і Адам Глёбус

 

Зразумела, што ўсе хібы й заганы дзяржаўнага беларускага радыё можна валіць на агульную запалітызаванасьць СМІ. Але што казаць пра тых людзей, якія штодня, выношваючы ідэалягічную замову рэжыму, выносяць у эфір несуразную плюгату?

Прыкаваны да радыёкропкі, за час трансьляцыі праграмаў БР міжволі траціш часавую прывязку да гістарычнай эпохі. Згадкі пра нейкую «нашу Русь» ды традыцыі «нас-рускіх» складаюць цэлую сыстэму і пералазяць зь перадачы ў перадачу. Канечне, вядучыя й дыктары часьцяком гавораць па-беларуску. Аднак для мастацкай ілюстрацыі якой-небудзь думкі аб «вечнасьці й тленнасьці» цытуюць заўсёды расейскіх паэтаў, пра якіх нават многія абазнаныя людзі ня чулі. Гэткія маніпуляцыі падспудна выкрэсьліваюць беларушчыну з кантэксту развагаў аб «узьнёслых матэрыях».

Няўжо гэта сьвядомы выбар і, прамаўляючы тое, што яны прамаўляюць у мікрафон, яны выказваюць сваю асабістую думку? Ці разумеюць яны ўласную другаснасьць, заслоненасьць собскага «я» ідэалягічным хлудам? Верагодна, што вялікую ролю тут граюць страхі, якія змушаюць ладную частку радыйнай грамады да калябарацыі. Сам не без заганы (нашу на кукардзе ня свой герб), мушу сказаць, што акурат страх затыкае рот і прывучае да канфармізму. Але ж гэта ў армейскіх умовах. Відаць, для нашых радыйнікаў даўно настала ваеннае становішча, ад якога няма спасу ні ім, ні «нашай Русі».

Іншым разам, праўда, і на БР, як на тую дзеўку з прымаўкі, бывае грэх, калі ў эфір трапляюць імёны людзей з нашай Беларусі, а ня «нашае Русі». Неяк адна жанчына, тэлефануючы на адну музычную праграму, прыгадала Андрэя Мельнікава. Гаварыла па-расейску, але выказала захапленьне творчасьцю беларускага барда. Людзі здатныя захапляцца беларушчынай. Але для гэткай беларушчыны на БР дзьверы пазамыканыя. Залезьці можна адно праз фортку ці вэнтыляцыйную шахту.

Гэткім чынам аднаго разу героем развагаў якойсьці «шляхетнае спадарыні» стаў ведамы пясьняр Адам Глёбус. Цётачка аж захліствалася ў ацэнках «Новага Дамавікамэрону». Казала пра «змрочны сьвет» Глёбуса, які «населены прывідамі і зданямі», што надзеленыя плоцьцю, і плоцьцю агрэсіўнай. Не ўнікнула яна і традыцыйнай савецкай догмы пра «цнатлівасьць беларускай літаратуры». Ясна, што пра аўтарскае права ўспрымаць навакольныя зьявы ў завостраным выглядзе там не ішлося. Вось жа і мазгуй, спадарства, ці такі ўжо далёкі дзядзька Адам са сваім «змрочным сьветам» ад адлюстраваньня рэаліяў сёньняшняй Рэспублікі Беларусі, якая чыста гмізіць паталёгіямі, што, між іншага, патрапляюць і ў радыёэфір.

Чаго толькі вартыя ўсе гэтыя «курлы-курлы» радыё-пташак, якія мядовымі тырадамі расьцякаюцца па розьверці героя нашага ўрэмені. Зусім нецнатліва выглядаюць сцэны, калі дарослыя мужыкі дазваляюць сябе «трахаць» рахмана, паслухмяна і, што самае цікавае, публічна, а БР тыражуе сюжэты пра гэта. Радыё з дня ў дзень паўтарае пра маральнасьць і прыстойнасьць «нас-рускіх». Ды пры ўсім гэтым хвальшаваным маралізатарстве, што выдае жаданае за ўяўнае, у віншавальнай старонцы праграмы «Ў абедзенны перапынак» віншаваньні пэнсіянэрам і вэтэранам гучаць на тле цудоўнай мэлёдыі з добра знанай колькім апошнім пакаленьням парнушкі «Эманюэль». А вы кажаце пра «пачварнага Глёбуса», не схаваўшы як сьлед свае хвасты і рожкі.

Скіргай Бальдахімаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0