Цырк за дротам

 

Дырэктарку Беларускага цырку Тацяну Бандарчук арыштавалi ў той панядзелак а восьмай вечара. Яе сын, Сяргей Бандарчук, працуе ў цырку дырэктарам праграмаў. Спачатку ён не зьбiраўся зьвяртацца да прэсы. Але цяпер, калi стала ясна, што арыштавалi жанчыну надоўга, ён пагаварыў з журналістамі «НН».

Накат на дырэктарку пачаўся з паўгода таму, калi зь мiнiстэрства культуры далі зразумець: Бандарчук пара пайсьці. Тут бы ёй і цiха сысьцi, як зрабiла б тое большасьць людзей пры ўладзе. Але цi мог так зрабiць амбiтны чалавек, якi дабiўся пасады шматгадовым змаганьнем за месца пад сонцам i адчуваў за плячыма нядаўнюю падтрымку Лукашэнкi?

...На дырэктарку заяву ў органы напiсала яе сяброўка. Спачатку Сяргей Бандарчук кажа — «лепшая сяброўка»... Потым папраўляецца. Да яго ня можа дайсьцi, як тая, хто разам зь iм забiрала з раддому ягоную жонку i народжаную дачку, магла зрабiць такое: данесьці, быццам Бандарчучка вымагае ў яе хабар, потым, са шпiёнскай апаратурай пад пахаю, клiкаць ахвяру на размову, перадаваць ёй пасьля тут жа разыграных «сваркi» i «прымiрэньня» канвэрт з пазначанымi грашыма...

Паводле словаў Сяргея, грошы тыя яго мацi ў свой час Тацяне Цiмчанцы проста пазычыла. Пры сьведках!..

Тацяна Цiмчанка таксама працуе ў цырку. Яе таксама ведаюць тысячы дзяцей i дарослых. Тацяна дрэсіруе цюлені. I цюлені тыя ёй тэрмiнова спатрэбiлася вывезьцi за мяжу. Але жывёлiны гэтыя, як сьцьвярджае Сяргей Бандарчук, нi ёй, нi беларускаму цырку не належалi. А мела на iх «маёмасныя правы» расейская цыркавая кампанiя, i каштавала кожная жывёлiна каля 15 тысячаў даляраў. Такiя адносiны прынятыя ў сьвеце, i крымiналу тут няма. Але...

Сяргей кажа, што Тацяна Цiмчанка мела блакiтную мару — завесьцi ўласны цырк i вандраваць зь iм па сьвеце. А для цырку патрэбныя зьвяры — ня толькi ж клоўнамi весялiць публiку. Вось i хацела яна вывезьцi свае цюлені за мяжу любой цаной...

І свара памiж сяброўкамi адбылася. З-за таго, што Цiмчанка саматугам заключыла кантракт на гастролi з варшаўскiм цыркам пад той час, калi на стале дырэктаркі ляжала тэлеграма з Масквы, ад уладальнiка атракцыёну — забясьпечыць выступленньне ў iншым горадзе. Потым, праўда, яго адмянiлi, але згоды на гастролi ў Варшаве не далi. Таму i сказала Бандарчук сваёй падначаленай сяброўцы: цырк табе дарогі да Варшавы аплацiць ня можа... У панядзелак Цiмчанка запрасiла спн.Бандарчук да сябе ў грымёрку. Быццам бы, памiрыцца...

...Калi дырэктарку цырку выводзiлi ў калiдор, на выхадзе перад канвоем стала жывая сьцяна з артыстаў i студэнтаў цыркавай вучэльнi. Але супраць сiлы не папрэш...

Сяргей Бандарчук паўтараў пад час размовы, што мацi «проста падставiлi», магчыма, паабяцаўшы Цiмчанцы за гэта не рабiць забаронаў на вываз жывёлiнаў. Магчыма. Пытаньняў у гэтай справе больш, чым адказаў. Цягам апошнiх месяцаў з цырку не вылазiлi праверкi — АБЭЗ, КРУ мiнкульту. Тое, што выкрывала адна праверка, абвяргала другая. Але крымiнальную справу за «шкоду дзяржаве», узбуджаную проці дырэктаркі пару месяцаў таму, усё ж закрылi. «За бракам складу злачынства».

Большасьць супрацоўнiкаў цырку тое, што адбылося зь iх дырэктаркай, лiчаць ня карай за злачынства, а чалавечай трагедыяй.

Вядома, за вярсту патыхае ад усяго гэтага «разборкамi сярод сваiх» — Тацяна Бандарчук працавала ў вар’етэ, перш чым стаць блiзкай да ўладных колаў, а Радыё Свабода сьцьвярджае, што сваім прызначэньнем яна абавязаная таму, што яе пляменьніца замужам за сынам палкоўніка Замяталіна. Жыве яе сям’я ў трохпакаёўцы ў адным доме зь Лiнгам i iншымi такімі.

Мяркуючы па ўсiм, мы маем новую «справу Вiньнiкавай», якая таксама была не апошнiм, хоць і нетыповым і няясна як праніклым чалавекам ва ўладных структурах. І маем яшчэ адну жанчыну ў жудасных беларускіх турмах, умовы існаваньня ў якіх — злачынства супраць чалавецтва...

Хоць Тацяна Бандарчук чалавек зусім не беларускай культуры і манераў, згодзiмся з амбасадарам Злучаных Штатаў сп.Спэкгардам, якi адразу пасьля арышту Тацяны Бандарчук накiраваў у МЗС Беларусi запыт, у якiм запатрабаваў адзiнага i галоўнага: павагі да правоў чалавека і ў яе выпадку таксама.

Тацяна Сьнітко, Алесь Палынскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0