Архіў

Сяргей Шыдлоўскі. Мансарды Наваполацку

№ 16 (173), 17 — 23 красавіка 2000 г.


 

Сяргей ШЫДЛОЎСКІ

Мансарды Наваполацку

 

Францускі бульвар

Францускі бульвар, як у Адэсе, тэрасамі сыходзячы да Дзьвіны, — сталая кроза наваполацкіх архітэктараў, журналістаў і проста неабыякавай грамадзкасьці. Каштанавая мара гэтая пацьвярджае: навапалачане прызвычаіліся нітаваць ідэалы зь ляндшафтам. Сам горад нафтахімікаў паўстаў некалі як сфэра чыстых магчымасьцяў — на голым месцы пасярод прыдзьвінскіх сасоньнікаў. Сасновым паветрам дыхаюць і сучасныя нашчадкі колішніх першабудаўнікоў беларускай нафтахіміі. Першабудаўнік — гэта наваполацкі архетып, тубыльцы, арыентаваныя на выклік — прыродны, культурны, спартовы, нарэшце. Тут файна пачынаць новую справу. Гісторыя гораду паміж выйсьцем «Блакітнага ліхтара» і адноўленых «Калосьсяў» — гэта летапіс пачаткаў. І пачаткоўцаў.

 

Фасад

Фасад Наваполацку выходзіць на Дзьвіну тарцамі дзевяціпавярховікаў з цыкляпічнымі пано А.Кішчанкі. За выняткам гэтай соцартаўскай познамкі, закліканай прэзэнтаваць індустрыйны парыў камсамоліі, — Наваполацак у астатнім нэўтральна-бэтонны, сэрыйны горад «80 нацыяў», 81-й і самай прагрэсіўнай у наваполацкім выпадку былі нафтахімікі. Фармаваньню гэтай супэрсупольнасьці падпарадкаваная ўся адукацыйная інфраструктура — на 105-тысячны горад прыпадае 13 расейскамоўных школаў і 1 кляса этнакультуры, якую дэманстравалі нават па БТ — дзеткі ў беларускіх вышыванках. Замяталін, калі бачыў іх, мусіць, пусьціў сьлязу. Фасад.

 

Urbi et Orbi

Наваполацак — паселішча вясковых мігрантаў, таму навапалачане гуляюць у Горад, вучацца быць гараджанамі.

 

Сачы за мовай

«Малая радзіма» — тыповы маскалізм — гэтак менавалі ў савецкіх падручніках Беларусь, а цяпер падобны выраз карабаціць слых, калі гавораць пра Гомель, Берасьце ці Наваполацак. Хоць няма й быць ня можа для беларуса такога панятку — не існуе нічога большага за Беларусь і пагатоў ня кроіцца яна на лусты. Горадня, Магілёў, Пінск — сынонімы Беларусі. Дзе знойдзеш «большай» Беларусі, як ня тут — у гэтых спрадвечных, паводле выразу рэдактара «Нашай Нівы», «гнёздах беларушчыны».

 

Істотнае

У Наваполацку праўдзіцца Геаграфія Аркадзя Смоліча, касуючы савецкую тэорыю «дзьвюх Беларусяў» — Заходняй ды Ўсходняй. Полаччына — Беларусь Паўночная. Менавіта яе традыцыя дазволіла паўстаць Наваполацку як адраджэнскай мэтраполіі, застаючыся фармальна камсамольскім горадам — «радзімай 80 нацыяў і народнасьцяў». Фэрмэнтам, які паскорыў «ператраўленьне», была традыцыяналісцкая закваска мігрантаў з засьцянкова-местачковай Лепельшчыны, Дрысеншчыны, Браслаўшчыны і Дзісеншчыны. Такім чынам, істэрнізацыя, але ўсё ж — мадэрнізацыя. Моцнае магнэтычнае поле Полацку, імпульсаў якога ня здолелі загамаваць аніякія Абэцэдарскія, і дало забеларускі Наваполацак. Варта згадаць і іншы чыньнік, імя якому — Уладзімер Арлоў.

 

Арлоў

Анэкдот, якога хапіла б ашчаднаму аўтару на эпапэю, Арлоў вычэрпвае абзацам. Рэклямшчыкі цьвердзяць, што Арлоў піша свае эсэі слёганамі, патрыёты — што крывёю па бел-белым. Але чым бы знаны зямляк ні пісаў, атрымліваецца гэта ў яго заўжды канвэртабэльна: арлоўскія фразы льга прадаваць ураздроб — тым жа невынаходлівым рэклямшчыкам. Яно й ня дзіва, як выславіўся адзін культурнік — «на Арлова ходзяць нават бабы ў махеравых шапках» — фэнамэнальны посьпех для адраджэнскіх арыстакратаў духу. Для Полаччыны аўтар «Таямніц полацкай гісторыі» ўяўляецца новай рэінкарнацыяй Усяслава Чарадзея, што ў сваім княскім праве паставіў па-гаспадарску на прамысловы грунт здабычу і перапрацоўку галоўнага стратэгічнага рэсурсу Полацку — гістарычнага. Арлоўскім рупескам полацкі дыскурс, заселены з часоў Власта мерсьцямі ды патарочамі, пачаў запаўняцца сучаснай фактурай, дый чытачом, нарэшце — варта бачыць набіткаваныя залі наваполацкіх чытальняў на прэзэнтацыях новых кніг Арлова. На адной з падобных імпрэзаў аўтар «Дня, калі ўпала страла» падпісаў сваю кнігу мясцоваму сяміклясьніку, аўтару гэтых радкоў, з пажаданьнямі «пяцёрак» па гісторыі — і як наўрочыў — каб яшчэ па фізыцы гэтаксама ж.

 

Мэтро

Калі ў горадзе зьявіўся першы, ён жа пакуль і адзіны, падземны пераход, рэпэртуар маладзёнаў у самаволцы ўскладніўся новым крутым прыколам: «Дзевушкі, як прайсьці да мэтро?» Цікавосьць гэтая не такая ўжо і пустая, — у пэўных півярнях узялі за моду зачыняць сарціры на ключ, а пасьля шостага куфля ня ў кожнага неабстралянага навадранца павернецца язык той ключ папрасіць. Бясплатных жа прыбіральняў у горадзе бракавала заўжды, у чым праніклівыя дасьледнікі спасочваюць «непаразуменьне дзьвюх мадэляў экалягічнае культуры — вясковай ды ўрбаністычнай» (І.Ульстэровіч). Як бы там ні было насамрэч, але карыстацца наваполацкім «мэтро» па ягоным наўпроставым прызначэньні цяпер непрыемна і небясьпечна. Гэта прызналі ўрэшце і гарадзкія ўлады, павесіўшы ля самага, карыстаючыся тэрмінам са «Слоўніка-2000», «падзему», сьветлафор. Застаецца цяпер зрабіць уваход у «мэтро» платным, каб дабро не прападала.

 

«Як у казцы»

Гэткай была мая «рэцэнзія» на нэоны Наваполацку, калі я прыехаў сюды пяцігадовым чалавекам упершыню. Тая імпрэсія мая мела надзвычайны посьпех у дарослых — навапалачане любяць свой горад. Гэтае цывілізаванае пачуцьцё надае Наваполацку большую прывабнасьць у параўнаньні з цэнтрамі — адміністратыўнымі, але недалюбленымі сваім жыхарствам. Знаходзячыся на хімічным — «нафтанаўскім» — вастрыі паўднёва-заходняй «ружы вятроў», пры ўсіх сваіх камунальных ды архітэктурных хібах Наваполацак застаецца ўтульным горадам. Паважаць сябе азначае жыць тут і цяпер. Мясцовыя культурнікі не пакутуюць на комплекс Рабінзонаў беларушчыны. Постсавецкая рэчаіснасьць прымаецца тут як рабочая дадзенасьць. У Наваполацку дзейнічаюць тры літарацкія арганізацыі, якія па геаграфічным ахопе сваіх супольнікаў маюць агульнабеларускі статус, узьнікаюць новыя выданьні — з апошніх «Арт-сэзон» і вельмі сымпатычны «Палімпсэст».

 

Авансы ды інвэстыцыі

Наваполацак традыцыйна прыслухоўваецца да «Нашай Нівы». Ужо трэцяе пакаленьне навапалачанаў уваходзіць у культурны кантэкст краіны праз Вострую браму «першай беларускай газэты з рысункамі». А асабліва моцныя пазыцыі газэты ў тутэйшым унівэрсытэце — і ня толькі ў студэнцкіх аўдыторыях, але і ў выкладчыцкіх пакоях. Падобную сытуацыю можна вытлумачыць сталымі традыцыямі жывой беларушчыны, якія тут ніколі не перапыняліся — маладых навапалачанаў вызначае стратэгічнае бачаньне сваёй беларускай місіі ў краі ды павага да папярэднікаў. Кропкавыя акцыі беларускіх асяродкаў у 80-х вывелі Наваполацак да выбараў у ВС 1989 году, на якіх посьпеху дамагліся кандыдаты БНФ на чале зь Лявонам Баршчэўскім. «Рассаднікам нацдэмаўшчыны» было літзгуртаваньне «Крыніцы», зь якім супрацоўнічалі Н.Гальпяровіч, І.Жарнасек, А.Глёбус, А.Мінкін, С.Сокалаў-Воюш, В.Аксак, Ул.Арлоў, І.Снарская, В.Аколава, М.Барэйша, Я.Лапатка — дасьледнік фінскай культуры, альбаніст В.Мудроў, бацька «Істэрну» А.Чарніцкі. А было ж яшчэ і ТВЛ троху пасьлей. Але не было б такога аўтарытэту «НН» у рэгіёне, каб не супалі тутэйшыя запатрабаваньні з прынцыпамі і творчымі інтэнцыямі газэты, арыентацыяй на несфальшаваную савеччынай традыцыю. Як і «Наша Ніва», Наваполацак марыць пра Балтыку.

 

Настаўнік паветалізму

Часьцей за Барадуліна са сталіцы ў Наваполацак завітвае хіба толькі Арлоў. Цэнтральная наваполацкая бібліятэка са знанай у адраджэнскіх колах канфэрэнц-заляй, якая пабачыла сьвет беларускага прыгожага пісьменства ад Я.Брыля да А.Сыса — Маякоўская па форме, але па сутнасьці даўно ўжо Барадулінская. Полаччына спрадвек прамаўляла княскімі кронікамі, гандлёвымі дамовамі ды юрыдычнымі граматамі, а вось Паэтаў радзіме Ф.Скарыны ды В.Цяпінскага ўсё ж бракавала. Дзякуючы Рыгору Барадуліну, трымальніку вушацка-полацкага маўленьня, полацкія бабулькі, тубыльныя чароты-азярыны, паны Завальня ды Твардоўскія — займелі ўрэшце свой аўтэнтычны голас.

 

Ёлупы гораду

N — малады горад, дык і бамжы тутака маладыя. Гарадзкія вар’яты — фірмовая тэма мясцовага этноляга Лобача, які патрапіў акрэсьліць гэтую сацыяльную зьяву ў сваіх нататках пра клясычную восень Сашы-сьмецяра. А мясцовы празаік Мудроў, пішучы па заданьні гарадзкой газэты артыкул аб камунальных недахопах, рассыпаўся раптам эсэем пра фантаны гораду N. Усяго іх тут тры: «Мальчык на шары» (гіпэррэалізм), «Няптун» і проста — зь цьветамузыкай. Здавалася б, не Пецяргоф, а атрымалася так, як да Мудрова па-беларуску не пісалі і пра Вэрсаль. Або тыя ж сны мясцовыя — надоечы паэт Алесь Аркуш надрукаваў ва ўласным альманаху собскі сон. Сон ягоны насамрэч быў ня собскі. Гэта быў сон гораду, які сьніць намі — нас.

 

Горад пра маладых

Наваполацак найперш вядомы адсутнасьцю (пасьля гэтага слова хочацца ўзяць паўзу, бо Н-Полацак — «Н мінус Полацак», Навоштаполацак — сам ё адсутнасьцю, хімэрным анклявам, перапынкам у тысячагадовай тубыльнай гісторыі — хуткім зыркім сном крывіцкай дромнасьці, небясьпечнай на палюцыі, люстэркам лукавым, што касуе Полацку колькі стагодзьдзяў) — дык вось, адсутнасьцю помнікаў бальшавіцкім верхаводам. Ніякай, зразумела, фронды ў гэтым не было — проста фальшывыя багі сканалі раней, чымся скончылася будаўніцтва іхнага капішча на «бясконцай» наваполацкай вуліцы — Маладзёжнай. Не пасьпелі тут дабудаваць апошні мікрараён у выглядзе літары «С» — трэцяй у заплянаваным цыкляпічным «СССР», як цёзка гэтай спаруды, калёс на гліняных ножках, разваліўся. Засталася ад імпэрыіі ў напамінак адно жменька вуліц з двухсэнсоўнымі назовамі — Гайдара, напрыклад, якія для сучасных дзяцей няўцямныя, бо апошнія абмяркоўваюць ужо не Цімура са Шцірліцам, а Маўдэра з «Х-файлаў». Гэта горад-падлетак, што разьвіваецца пакуль толькі ўдоўжкі, а ўшыркі яго можна прайсьці ў кожным месцы за хвілінаў дваццаць. Ён сьпярэшчаны, як тынэйджараўскімі графіці, легкадумнымі назовамі-вулкамі, кшталту Паркавай, Лясной, Школьнай, Дружбы. Яны ствараюць уражаньне амаль некранутага ляндшафту — ласіных сьцяжынаў, як выславіўся нехта, закатаных у асфальт. Мо сапраўды так і ёсьць — ня маючы гісторыка-культурнага кантэксту, Наваполацак жорстка перадвызначаны ляндшафтам прыродным — тонкі эпідэрм урбанізму, распнуты між Дзьвіной і лесам. Ня дзіва, што горад здабыў сабе сярод абазнаных людзей славу сталіцы беларускага нэапаганства. У адсутнасьці сымбаляў культуры наваполацкі сасоньнік, працінаючы жылыя мікрараёны, робіцца чыньнікам ідэалягічным і эстэтычным, а дваровая пустка — кантэкстам гарадзкога фальклёру. Эўрапейскія гарады праходзілі гэткі ж этап яшчэ на барбарскім сьвітанку цывілізацыі. Сказаць пра Наваполацак, што гэта малады горад, — нічога не сказаць. Гэта горад маладых і горад пра маладых — такіх, якія яны ёсьць без прыўкрасаў. Нездарма пік «камсамольскіх будоўляў», сярод якіх і Наваполацак-1958, прыйшоўся на конадзень эўрапейскай сэксуальнай рэвалюцыі. Так імпульс разьняволеньня быў сканалізаваны на індустрыйную рэвалюцыю. Урэшце, запаскуджаная прырода засталася няскораная.

Наваполацак атрымаў надоечы кангеніяльны сваёй камсамольскай маладосьці сымбаль — Лядовы палац, цэнтар культуры і адпачынку.

 

Унівэр Грубэра

Часам асфальтоўку зь Менску называюць апэндыксам, падкрэсьліваючы тым тупіковае месцазнаходжаньне рэгіёну — у параўнаньні з восьсю Масква-Варшава, «экватарам Беларусі». Дасьціпна, але няслушна. Капіляры гісторыі, што канцэнтруюцца на Полаччыне, важнейшыя ад транспартных артэрыяў. Хай па капілярах гэтых ня йдзе нафта, але прыходзіць па іх да беларушчыны моладзь — рэсурс стратэгічны. Наваполацак у пэўным сэнсе застаецца і дасюль «камсамольскай будоўляй» — толькі ўжо не імпэрскай, а ўласнабеларускай. Дзякуючы прытоку сюды адукаванай і сьвядомай моладзі з усіх куткоў Беларусі — Уладзімера Філіпенкі ды Юрася Насевіча зь Меншчыны, Вольгі Емяльянчык ды Віталя Галубовіча з Гарадзеншчыны, Зьмітра Сасноўскага з Гомельшчыны ды зь дзясятку іншых асобаў, пералічыць імёны якіх, да гонару гораду, ужо складана, — сфармаваны выкладчыцкі склад гуманітарных факультэтаў тутэйшага ўнівэрсытэту. Унівэрсытэт зьяўляецца адной з галоўных «кропак разьвіцьця» для ўсяго рэгіёну. Рухаючыся да традыцыяў Акадэмііі Грубэра, ён можа «адыграць» назад для беларушчыны тое, што напоўніцу яшчэ не скарыстана нашай культурай — міт унівэрсытэцкага гораду, роўнага некалі па бляску сваіх імёнаў лепшым унівэрсытэтам Эўропы.

 

Тут былі мы

Кожны навапалачанін мае магчымасьць глядзець тры мясцовыя TV-студыі ў дадатак да 14 тэлеканалаў, сярод якіх ёсьць нямецкія і польскія, але большасьць — маскоўскія. «Местачковы глябалізм» — мовяць экспэрты, але гэта так па-наваполацку — жыць сярод хімэраў. Культурныя хімэры вылучаюцца агрэсіяй, але ж і энтрапіяй. Наваполацак — гэта горад, якога ня будзе. Ён мусіць зьнікнуць, мінуцца як маладосьць, разышоўшыся ў тысячагодзьдзях Полацку — на другі дзень гэтай лякуны на мапе не заўважыць ніхто. На культурнай мапе Беларусі яго ўжо няма — Наваполацкі ўнівэрсытэт, напрыклад, мянуецца Полацкім, тэвээлаўскія праекты, узьніклыя на наваполацкай глебе, прэзэнтаваліся як полацкія — і гэтак далей. Хіба толькі пад тутэйшымі графіці Полацак ніколі не падпішацца: «Мы — Богі», «ЛСД — атрута», «Скалі, ісьціна недзе побач», «Лука? Хто гэта?», «Свабоду Шараю» — іміджу першасталіцы яны непавабныя. Зрэшты, Полацак не застанецца ранейшы, атрымаўшы ў пасаг экалягічныя фобіі, алергіі, істэрн — усё чалавечае, зачалавечае.

 

Зусім маргінальнае

Заправіўшы ў кухаль першы Лекерт, прыпаў да вакна. У прыцэле форткі — вясна.


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку2

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку

Усе навіны →
Усе навіны

Блогера Бяспалава завочна асудзілі на 18 гадоў. Сума кампенсацыі зменшылася ў шмат разоў2

Турысты купілі тур у Рыгу, правялі 36 гадзін у аўтобусе, але нават не трапілі ў Еўрасаюз10

Прапагандыст АНТ пахваліўся, як разгаварыў для свайго фільма беларусаў замежжа. Насамрэч ён нават не размаўляў з імі6

Скандальны мінскі рэстаран змяніў назву, але ўласнікі брэнда ўсё роўна незадаволеныя

Беларус некалькі разоў паспяхова прыязджаў з Польшчы на радзіму. А ў апошні раз не змог выехаць праз палітычную крыміналку25

Беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі13

Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі4

Джулі Дэвіс, якую некалі прызначалі паслом ЗША ў Беларусі, узначаліць дыпмісію ў Кіеве

Топ-3 карумпаваныя прэзідэнты Усходняй Еўропы — новы фэйк 1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку2

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць