Замяталін супраць Мудрова

Бэстсэлерам беларускага андэграўнду на Полаччыне летась стаў аповед Вінцэся Мудрова «Іду на таран!» Напачатку ён быў надрукаваны ў «Калосьсі», пасьля — у зборніку прозы «Зімовыя сны». Жанар гэтага твору можна акрэсьліць як трагікамэдыю. Сюжэт такі: паветраны шар з казачнымі малышамі-карантышамі на чале з Знайкам, якіх выпадкова занесла ў Беларусь, зьбіваюць супрацьпаветраныя сілы краіны, палкоўнікі якой падпарадкоўваюцца прапаршчыкам з Генштабу Расеі. Выканаць пастаўленую задачу было ня так проста. У адказную хвіліну выпрабаваньня надзейнасьці паветранага шчыта, які абараняе СНГ ад NATO, раптам склалася няпростая сытуацыя: з-за недахопу паліва, якое вайсковыя тарбахваты прадалі налева, немагчыма скарыстаць моц ВВС. Вынаходлівыя афіцэры беларускай СПА знаходзяць іншы мэтад абясшкодзіць «праціўніка»… Чытачы параўноўвалі «Іду на таран!» з «Чонкінам» Вайновіча.

Сытуацыя з чытачамі ў Беларусі асаблівая. Кожны на пералік — дарагі і люблены. На пачатку 2000 году стала вядома яшчэ пра аднаго чытача наваполацкага празаіка, адмысловага і «ўдумлівага». Замяталіна. Пасьля таго, як 55-ы нумар «Крыніцы» надрукаваў апавяданьне Мудрова «Гарачае лета 00-га», новую рэдактарку выданьня Галіну Булыку «прыўрадавы» чытач выклікаў у свой кабінэт. Каб падзяліцца ўражаньнямі аб прачытаным. Карацей, Мудрова больш друкаваць у «Крыніцы» ня будуць. Але, дзякуй Богу, ёсьць недзяржаўныя выданьні. Замяталін зачапіў гонар Мудрова, у адказ Мудроў напісаў чатыры новыя аповеды, якія ўжо ўсе разабраныя па недзяржаўных часопісах.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0