Сагі ад прапаршчыка

 

Астатняя цыгарэта

Адзін мужык паліў цыгарэту і балбатаў. Пры гэтым ён вельмі махаў рукамі, не зважаючы, якім чынам трымае напалак. І вось неяк раз мужык ня зьмеціў, як да вуснаў паднёс ня фільтар, а зваротны бок, і вельмі абпаліўся. У выніку ў яго разьвіўся рак вуснаў, і неўзабаве пасьля цяжкіх мукаў небарака сканаў.

Занатавана ад «ваўка каравульнай службы» прапаршчыка Атокі. Тыповая сага з чалавечымі страхамі сучаснасьці.

 

Кароль

Адзін даўдон падпіў надта і, прыйшоўшы дадому, стаў выхоўваць жонку і дзяцей. Ганяючы іх папругаю па хаце, ён утрапёна паўтараў: «Я — кароль! Я — кароль!» Жонка аднак хапіла нешта важкае ды пераехала яму па мухаморах, ажно той вырубіўся. Прачнуўся ён ураньні зьвязаным. Бачыць, жонка зь сякерай у рукох прамаўляе: «Ну што, каролю?» Мужыку сталася кепска ў дадацьце ад бадуна. Жанчына ж паклала яго галавой на зэдлік ды накрыла падушкаю. Размахнулася сякерай ды грукнула — але толькі абушком па падлозе. Нягеглы п’янтос ня вытрываў напружаньня ды памёр ад разрыву сэрца. Дзеці бегалі вакол нябожчыка і паўтаралі: «Ура, караля забілі, караля забілі».

Таксама ад прапаршчыка. Бытавы сюжэт ператвораны ў бурлеск шэксьпіраўскіх п’есаў. А во: пі, але не запівайся!

 

Сьляпая ярасьць

Нейкі мужык вярнуўся, як звычайна, дамоў і ўбачыў, што жонка сядзіць за сталом зь незнаёмым мужчынам. Стол жа быў сьвяточна аздоблены кветачкамі, стравамі, каробкай з цукеркамі. Тамака ж стаяла і неадкаркаваная пляшка з шампанскім. У мужа адразу глузды закіпелі, ён прыняў госьця за жончынага палюбоўніка. Ён за нож, і зарэзаў бахура. Ды ўжо праз хвілю ярасьць апала, і забойца зразумеў, што забіў колішняга аднаклясьніка, якога даўненька запрашаў у госьці. Вось ён і завітаў.

Запісана ад прапаршчыка. Не зважаючы на агульны трагізм гісторыі, апавядальнік падае яе жыцьцярадасна. Jedem das seinen — як казалі нямецкія фашысты.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0