Навіны

 

БНФ — 5000

Учора, 18 красавіка, пасьведчаньне сябра БНФ зь пяцітысячным нумарам было ўрачыста ўручанае ў мястэчку Наваельня Дзятлаўскага раёну. Атрымала яго настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наваельнянскай сярэдняй школы Ганна Дудар. Уручалі пасьведчаньне старшыня БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ Вінцук Вячорка і яго намесьнік Вячаслаў Сіўчык.

«Тое, што мы выпісваем пяцітысячнае пасьведчаньне, ня значыць, што нас толькі пяць тысячаў, бо ў БНФ ёсьць сябры арганізацыі, якія прымаюць на сябе асноўны цяжар працы, а ёсьць прыхільнікі, якіх вельмі і вельмі шмат. Асабліва прыемна, што актывісты БНФ — гэта нашая нацыянальная інтэлігенцыя», — зазначыў Вінцук Вячорка.

Цяпер у Наваельні існуюць тры суполкі БНФ, якія налічваюць 19 сяброў.

Прэс-служба БНФ

 

Смаленчукоў вучым

У ПТВ №218 Амсьціслаўшчыны навучаецца каля 30 грамадзянаў Расеі. Падставай таму — прагматычны разьлік. У расейскіх ПТВ за вучобу трэба плаціць добрыя грошы, а ў Амсьціславе ня толькі бясплатна вучаць, але яшчэ й кормяць бясплатна. Моладзь суседніх з Амсьціслаўскім Хіславіцкага, Манастыршчынскага і Вяліскага раёнаў Расеі вельмі задаволеная магчымасьцю навучацца на гістарычнай радзіме.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

У Полацкім унівэрсытэце ня паляць

Рэктар Полацкага ўнiвэрсытэту прафэсар Эрнст Бабенка падпiсаў загад аб забароне паленьня ў ВНУ. З 20 красавiка забаронена «дымiць» ва ўсiх навучальных ды службовых памяшканьнях, iнтэрнатах, фае й калiдорах мясцовае Alma Mater. Забарона выклiканая клопатам пра здароўе студыёзусаў ды iхных выкладчыкаў. За мiнулы год з-за хваробаў студэнты ПДУ агулам прапусьцiлi 11850 навучальных дзён, выкладчыкi й супрацоўнiкi ўнiвэрсытэту — 6400 дзён. Вялiкая колькасьць хваробаў зьвязаная з захапленьнем тытунём. Згодна з статыстыкай, сярод беларускiх студэнтаў паляць каля 65% хлопцаў i 30% дзяўчат. Больш за 15 тысячаў чалавек памiрае штогод ад хваробаў, выклiканых курэньнем.

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак

 

Праезд падаражэў

У прыгарадных аўтобусах — на 50%, у міжгародных — на 20% з 20 красавіка.

 

Лясная арыентацыя

Ад ранку 16 красавiка на вабнай палянцы ў лесе пад Барысавам гаварылі толькі па-беларуску. Тут сабралiся юнакi й дзяўчаты, каб правесьцi спаборнiцтвы. Усё пачалося зь сьпяваньня гiмну «Магутны Божа», на часовым флягштоку быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. А затым стартаваў чэмпіянат па спартовым арыентаваньні. Сем камандаў з Барысава, трох вакольных вёсак i Менску змагалiся за першае месца. Таксама ставілі намёты, перацягвалi канат, паказвалi майстэрства ў боксе i ўсходнiх адзiнаборствах. Лепшым уручылі дыплёмы з нацыянальнай сымболiкай, а юнакам, якiя вырашылi працаваць дзеля свабоднае Беларусi ў шэрагах Маладога Фронту, таксама — маладафронтаўскiя пасьведчаньнi. Тройка прызэраў выглядае так: першае месца — юнакi з барысаўскага Маладога Фронту, другое — госьцi зь Менску, трэцяе — каманда школьнiкаў зь вёскi Глiвiн.

Сяржук Салаш, Барысаў

 

Плаці ў дубаль

Ваўкавыскія ўлады прынялі рашэньне, што праезд у гарадзкім транспарце ў суботу ды нядзелю будзе каштаваць у два разы даражэй, чым у будні. Нават і шыльдачку павесілі: «Маршрутнае таксі». Людзі й сто рублёў будуць плаціць, абы толькі добра хадзіла і давозіла куды трэба.

Валер Богдан, Ваўкавыск

 

Налёт на Печы

У ноч з 21 на 22 красавiка Барысаў абляпілі налепкамi «Чарнобыльскага Шляху», паштовыя скрынi закiдалі ўлёткамi. Асаблiва моладзь разгарнулася ў вайсковым гарадку Печы. Тут абляпілі ўсе крамы, рынак, кавярню, шапiкi, цырульню, аддзел сувязi, апорны пункт, чыгуначны й аўтобусны прыпынкi, школу. Апошняя ўвогуле зазнала сапраўдную атаку налепак. Цi ня ўсе вокны былi ў «Мы — народ». Моладзь надта пастаралася са школаю, бо, кажуць, моцна ня любiць сваёй дырэктаркі Нiлы Цiмохавай, якая поедам есьць беларускiх настаўнiкаў. Ранiцай у Пячах гуло. Адно й чуваць было, што Чарнобыльскi Шлях ды Чарнобыльскi Шлях. Ужо вядома, што з адных Печаў на Шлях у Менск у сераду зьбiраецца колькi дзясяткаў чалавек моладзi.

Сяржук Салаш, Барысаў

 

Зубы за грошы

І да Мсьціслава дайшла мода на платнае лячэньне зубоў. Савецкая даромшчына канчаецца. Робіцца гэта дзеля гаротнага стану мясцовай стаматалёгіі, якая атрымлівае ўсяго 22% сродкаў ад патрэбнага. Якасць цэмэнтаў, якія ўжываюцца для плёмбаў, нічога ня вартая — плёмбы разбураюцца ўжо праз тры месяцы. Ува ўсім сьвеце забароненыя такія мэтады лячэньня, як мыш’яковісты і рэзарцын-фармалінавы, бо шкодныя для здароўя, але ў Амсьціславе карыстаюцца толькі імі. Словам, у стаматалёгіі паралюш. А лячыцца трэба, бо на Мсьціслаўшчыне сёньня 97% насельніцтва пакутуе ад розных зубных праблемаў, а 65% маюць патрэбу ў пратэзаваньні.

 

Каталікі Ўсходу

З год таму ў Касьцюковічах аднавіла дзейнасьць каталіцкая царква. Каталіцкая грамадка складае ў гэтым 17-тысячным горадзе крыху болей за 20 чалавек. Пакуль вернікі зьбіраюцца ў прыватным доме, але пад будучы касьцёл ужо купілі двухпавярховы будынак, у якім раней быў інтэрнат. Раней у Касьцюковічах быў свой ксёндз, але ён паехаў у Заходнюю Беларусь у пошуках касьцёла, дзе было б больш парафіянаў. Цяпер служыць ксёндз Андрэй, які прыяжджае з Амсьціслава.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Цягнікі перамогі

26 красавіка з Баранавічаў на Берасьце адправіцца турыстычны цягнік, першы за апошнія 10 гадоў. Пасажырамі будуць 600 школьнікаў і студэнтаў навучальных установаў гораду, якія пагуляюць па абласным цэнтры ды наведаюць Берасьцейскую крэпасьць. Прысьвячаецца гэты паход 55-м угодкам перамогі і мае на мэце ня даць частцы моладзі паехаць у Менск на Чарнобыльскі Шлях. Раней на цягніках Перамогі вазілі толькі вэтэранаў, каб тыя маглі «выпіць па чарачцы» і распавесьці адзін аднаму пра свае гераічныя ўчынкі.

 

Аблава на багатых

Увечары 14 красавіка Баранавічы наведала 1-я вучэбная рота МУС в/ч 5448. «Вучні» завіталі ў адзін з самых дарагіх дыскаклюбаў гораду «Джокер», а пасьля падаліся ў дарагі бар «Адмірал». Госьці зь Менску ня танчылі і не пілі. Людзі ў чорным, у масках і з дубінкамі, строілі ўсіх хлапцоў уздоўж сьцяны рукі за галаву, пасьля выводзілі з залі, правяралі дакумэнты і адпускалі.

 

Рашэтнік пра Геніюш

Вечарына, прысьвечаная 90-м угодкам з дня нараджэньня Ларысы Геніюш, адбылася ў Баранавіцкай бібліятэцы. Арганізавала яе мясцовая філія ТБМ. Былі вызначаныя пераможцы конкурсу твораў, прысьвечаных Л.Геніюш. Таксама перад прысутнымі выступіў Пятро Рашэтнік, які адбываў тэрмін у адным лягеры з паэткай.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Hяма салідарнасьці ў кантралёраў

Ваўкавыскія кантралёры выбраліся ў Горадню. І ці то забыліся, што знаходзяцца ў чужым горадзе, ці паспадзяваліся на салідарнасьць гарадзенскіх кантралёраў, але за праезд не заплацілі. Усё б добра, але гарадзенскія кантралёры іх злавілі, і хоць тыя паказвалі свае ваўкавыскія пасьведчаньні, а ўсё адно давялося плаціць штраф. Зараз ваўкавыскія злыя на гарадзенцаў, таму калі вас затрымаюць у Ваўкавыску за праезд зайцом, нізавошта не кажэце, што Вы з Горадні, а то будзе яшчэ горш.

Валер Богдан, Ваўкавыск

 

Правінцыйны дыялёг

На пачатку сакавіка ў Астравецкім райвыканкаме сустрэліся прадстаўнікі раённай арганізацыі АГП Іван Крук і Мікалай Уласевіч з «вэртыкальшчыкам» Адамам Кавалькам. Пагутарылі аб праблемах мясцовага жыцьця, выказалі свае адносіны да таго, што робіцца ў краіне, і перадалі заяву, дзе запатрабавалі ад улады неадкладна ліквідаваць запазычанасьць па зарплаце бюджэтнікам і павысіць яе на 50%, а таксама каб людзей надзялілі зямельнымі ўчасткамі для асабістай гаспадаркі. Больш за тое, напісалі ў мясцовую «раёнку» інфармацыю пра гэтую сустрэчу, а ў адказ ад рэдактаркі «Астравецкай праўды» Ніны Рыбік атрымалі ліст, што тая інфармацыя ня будзе надрукаваная, бо не ўяўляе для чытачоў цікавасьці. Мабыць, большасьць чытачоў любіць чытаць пра надоі ды пасяўныя.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Ад няма чаго рабіць

У Астравецкім райспажыўтаварыстве зьявілася проста наватарская ідэя. Ва ўсіх крамах раёну і райцэнтру харчовыя тавары, што ёсьць у продажу, дазволена прадаваць толькі са спэцыяльнай пячаткай райспажыўтаварыства. Яна ёсьць цяпер ня толькі на гарэлцы ці цыгарэтах, але нават і на пачках зь печывам. «Штампавалі» тавары адказныя асобы зь ліку кіраўнікоў райспажыўтаварыства нароўні з прадаўцамі. Навошта патрэбныя «мясцовыя акцызы», невядома...

Юры Гаўрылаў, Астравец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0