пазытывы

Паменела пісьменьнікаў з народу

 

Адным з прадуктаў дзейнасьці дзяржаўнага арганізму ёсьць «просты» альбо «малы» чалавек. Гэтая істота ня толькі залежыць ад улады, але шчыра імкнецца аддаць ёй што мага болей сваіх правоў і абавязкаў, спадзяваньняў і сьлёзаў.

Рамантыкі і ідэалісты па дарозе на барыкады і эшафоты са зьдзіўленьнем і нянавісьцю пазіраюць на пабытовую мітусьню простых малых людзей. Дарэмна зьдзіўляюцца.

Што зробіш, калі гэткім чынам сьвет наш уладкаваны. Ёсьць мізэрныя людзі. І да плябеяў можа прылічыць сябе кожны, хто прызнае існаваньне патрыцыяў. Але ж няма малых пакутаў і людзкіх бедаў, што ня вартыя ўвагі. Калі адзін змагаецца за праўду і веру, тысячы здабываюць кавалак хлеба сваім дзецям. Дэман вайны і любові ніколі не ўкладзе зброі ў іхныя рукі.

Гэта зусім не паэтычна. Але ж і тыя, што ўвесь час размаўляюць прозай, не жалезныя. Ня здольныя змагацца і крычаць, яны скардзяцца, раяць, прапануюць.

У нашай краіне зьбіраюць, разглядаюць, сартуюць і ўлічваюць гэтую пісаніну шматлікія дзяржаўныя ўстановы. Наймагутнейшая зь іх, безумоўна, «Упраўленьне па рабоце са зваротамі грамадзянаў Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». У інфармацыйным бюлетэні памянёнай Адміністрацыі ваш карэспандэнт знайшоў вельмі цікавыя лічбы.

Ніколі б не паверыў, каб сам не палічыў: толькі ў Нацыянальны сход, Адміністрацыю Прэзыдэнта, цэнтральны апарат Камітэту дзяржаўнага кантролю і Савет Міністраў зьвярнуўся за 1999 год кожны 230 грамадзянін Беларусі.

Асноўныя спадзяваньні, безумоўна на Абраньніка — 68% зваротаў, потым на ягоных пільных кантралёраў — 11%, потым на ягоных верных дэпутатаў — 10%, потым на ягоных увішных міністраў — 9% і нарэшце на ягоны Савет Рэспублікі — 2%.

Калі ж лічбы зваротаў па абласьцях параўнаць з улікам насельніцтва паводле апошняга перапісу, атрымліваецца нейкае сэпаратысцкае відовішча: прыхільнасьць заходнікаў да кантактаў з начальствам занадта малая. Асабліва калі параўнаць зь іхнай здольнасьцю ўладкоўвацца ў жыцьці.

Звароты грамадзянаў у найвышэйшыя органы дзяржаўнай улады кіраваньня ў 1999 г. па абласьцях

 

Зваротаў у разьліку на 100 тыс.жыхароў Берасьцейская 262

Гарадзенская 266

Віцебская 320

Магілёўская 419

Менская 420

Гомельская 433

Менск 666

 

А цяпер пазытыў. Проці 1998 году колькасьць зваротаў скарацілася на 925. Альбо жыць нам стала лепей, альбо... Ня ўсякая надзея памірае апошняй, раз мы яшчэ жывыя.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0