Лісты ў рэдакцыю

 

Чортава згода

Ты не кажы аб праўдзе, аб згодзе, —

Бачым мы згоду на карках сваіх!

Гэта словы не Вячоркі і Лябедзькі, так сказаў беларускі паэт Пятро Сакол (Масальскі) яшчэ ў 1924 годзе. Калі ўжо пазбавімся мы гэтай чортавай «згоды»?! Хто б ні казаў пра яе, хто б ні заклікаў да яе — Пілсудзкі, Шушкевіч, Шарэцкі, Лукашэнка, АБСЭ — вынік заўсёды адзін — ярмо на карку беларуса (найперш маральнае) усё цяжэйшае й цяжэйшае.

Вячка Васілёнак, Менск

 

Змаганьне за правы

Хачу расказаць пра змаганьне за сваё права на правядзеньне пікетаў.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму В.Чыкін у сакавіку адмовіў заяўнікам — мне і сп.Вязьміну — у правядзеньні пікетаў у мікрараёне Зялёны Луг-5, выправіўшы нас на пустку —пляцоўку ля цырку шапіто, што на вуліцы Арлоўскай.

Але ж мы не пагадзіліся з гэтым і падалі скаргі на незаконную адмову ў пракуратуру Менску і двойчы ў Менгарвыканкам. Адказ на скаргу зь Менгарвыканкаму нічога не растлумачваў па сутнасьці. На нашае пытаньне: «Патлумачце, якое месца правядзеньня пікету канкрэтна для нас вызначана?» — пішуць: «Маем права зьмяняць месца правядзеньня пікету...» А першы намесьнік пракурора Менску В.Рэвуцкі ў сваім адказе схаваўся за шматлікімі спасылкамі на розныя рашэньні, пастановы і дэкрэты, таксама не адказаў на пастаўленае намі пытаньне. Адказ на другую скаргу ў Менгарвыканкам пісаў намесьнік старшыні выканкаму В.Гурын.

Гледзячы на тры адказы, параўноўваючы іх стыль, думаеш, што супрацоўнікі выканкаму і пракуратуры пішуць іх разам. Але маем зьвесткі зь Менгарвыканкаму, што іхнае кіраўніцтва ўсё ж прызнала, што факт парушэньня закону меў месца (нельга адпраўляць пікетоўшчыкаў на пустку), і давяло да ведама В.Чыкіна, што так рабіць нельга. У будучым пікеты на пляцоўцы каля цырку шапіто на Арлоўскай прызначацца ня будуць. І гэта ўжо добры вынік нашага змаганьня за свае правы.

Сябры! Сьмела падавайце заяўкі на пікетаваньне ў прыдатных для гэтага месцах — там, дзе ёсьць людзі!

Эльяш Банель, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, Менск

 

Спляжаная Ворша

Кожны, каму даводзiцца бываць на радзiме — у вёсцы ці горадзе — толькi наездамi, перажывае цэлую гаму пачуцьцяў. Мой апошнi прыезд у родную Воршу стаў болем. Ворша, якая так мала захавала ад сваёй велiчнай архiтэктурнай спадчыны, чарговы раз становiцца ахвярай вандалаў.

Вядома, гэта ня Менск, i таму тут разбурэньнi будуць адзначаныя не адразу. Таму тут можна было спакойна пляжыць бульдозэрам гарадзiшча ў 1992 годзе, рыхтуючыся да 925-годзьдзя гораду. Таму зараз тут можна спакойна нiшчыць рэшткi езуiцкага комплексу.

Езуiцкi кляштар узьнiк у Воршы на пачатку XVII ст. Ён не прайшоў бяз стратаў праз войны й пажары. Будынкi, што дастаялi да нашага часу, належаць ужо не таму, а XVIII ст. У канцы XVIII i на пачатку XIX ст. аршанскi езуiцкi кляштар i калегiюм пры iм зьведалi свой «залаты век». Тут жылi, навучалiся, працавалi Мiкодым Мусьнiцкi, Юзаф Маралёскi, Францiшак Дзеружынскi, сюды рабiў ахвяраваньнi фаварыт Кацярыны II граф Пацёмкiн…

Потым было выгнаньне езуiтаў за межы Расейскай iмпэрыi. Пасьля паўстаньня 1830—31 г. у кляшторных мурах царскiя ўлады зрабiлi турму. Мабыць, менавiта дзякуючы гэтай ганебнай акалiчнасьцi большая частка езуiцкага комплексу датрывала да нашых дзён: бальшавiкi палiчылi вартым пакiнуць турму тамсама, дзе яна была пры «праклятым царызме».

У 1989 г. езуiцкi комплекс вызвалiлi ад зьняволеных. У iм атайбавалiся разнастайныя фiрмы й фiрмачкi. Быў падрыхтаваны макет рэканструкцыi кляштару…

Але наведаўшы Воршу 15 красавiка сёлета, я пабачыў новыя разбурэньнi — паплюндраваны старадаўнi мур, што адгароджваў кляшторны сьвет ад мiтусьлiвага жыцьця мяшчанаў. Мур, якi стаяў некрануты ўсе гады савецкай улады, пачалi нiшчыць зусiм нядаўна: побач стаяў бульдозэр з чыгуннай «бабай», нiбы чыйсьцi ўласнаручны подпiс пад гэтым барбарскiм актам.

Такое ўражаньне, што адбываецца мэтанакiраванае вынiшчэньне нашай архiтэктурнай спадчыны. Гэта робіцца ў Менску, Воршы, такое ўражаньне, што й ва ўсёй Беларусі.

Людзi! Прыгадайце, з чаго пачыналiся менская «Талака», вiцебскае «Ўзгор’е», гарадзенская «Паходня», аршанская «Повязь»!.. Зараз нас болей, чым было пры камунiстах, дык чаму ж мы папускаем гэтаму варварству?

Зьмiцер Дзядзенка, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0