Грахі Касьцёлу

 

Калі нядаўна Папа Рымскі Ян Павал ІІ, стоячы на каленях у базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме, прасіў у Бога прабачэньня за грахі, зьдзейсьненыя царквой за ўсю гісторыю яе існаваньня, многія вернікі абураліся: як гэта царква можа грашыць? За дзьве тысячы гадоў такога пакаяньня яшчэ ніхто ня чуў. «Мы просім прабачэньня за раздоры паміж хрысьціянамі, за гвалт, дапушчаны дзеля праўды; за недавер і варожасьць да тых, хто спавядае іншыя рэлігіі», — прамовіў галоўны чалавек сусьветнага касьцёлу.

Нікому не даспадобы прызнаваць уласныя памылкі, і царква тут не вынятак. Але ж яна складаецца зь людзей, якія, як вядома, часьцяком памыляюцца. Нават асоба Папы можа выклікаць неадназначныя асацыяцыі — гаворка тутака ідзе ўжо не пра Яна Паўла ІІ, а пра Пія ХІІ.

Няшмат выбітных асобаў ХХ ст. былі больш супярэчлівымі ды загадкавымі за Пія ХІІ, Папу з 1939 да 1958 году. Лад ягонага жыцьця быў суворы: Папа ня піў алькаголю, не паліў, ягоны сьняданак складаўся адно са шклянкі цёплага малака з кавалкам хлеба. Хаця асабіста сябе ён уважаў найменшым з рабоў Божых, рэдкі Папа атачаў сваю дзейнасьць такой помпай ды так жорстка патрабаваў захаваньня этыкету. Няма сумневу ў пабожнасьці Пія ХІІ, але многія вінавацяць яго ў цынізме ды апартунізме. Адны лічаць яго жорсткім аўтакратам, другія — слабым кіраўніком, адны — антысэмітам, другія — ратаўніком габрэяў.

Эўджэньё Пачэлі — так клікалі будучага Папу — нарадзіўся ў 1876 годзе ў Рыме. Гэта быў інтэлігентны і сур’ёзны хлопец, які старанна вучыўся ды заўжды хацеў зрабіцца сьвятаром — калі звычайныя дзеці гуляліся з цацкамі, маленькі Эўджэньё гуляў у імшу ў сваёй спальні. Але Эўджэньё не наканавана было стаць парафіяльным сьвятаром: у 1911 годзе ён зрабіўся адным з галоўных супрацоўнікаў Службы замежных справаў Ватыкану. Праз шэсьць гадоў Пачэлі стаў кардыналам ды нунцыем (папскім паслом) у Баварыі.

Да 1929 году, калі Папа Рымскі Пій ХІ, папярэднік Пія ХІІ, заключыў канкардат (пагадненьне) з Мусаліні, кіраўніцтва царквы ня мела нават свайго лапіка зямлі ды мусіла жыць і працаваць у будынках, якія належалі Італіі. Канкардат дараваў незалежнасьць Ватыкану, узамен Папы адмаўляліся ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Прыкладна тое самае вынікала з канкардату, заключанага Пачэлі, які тады стаў другой па важнасьці асобай у Ватыкане, з Гітлерам.

Чаму царква пайшла на супрацоўніцтва з Трэцім Райхам? Таму, відаць, што Ватыкан добра разумеў сваю слабасьць.

Усе ведалі, што канкардаты будуць парушацца, але гэта была адзіная магчымасьць захаваць легітымнасьць каталіцкай царквы. Атрымалася парадаксальная сытуацыя: італьянскім ды нямецкім біскупам давялося трываць фашыстоўскія ды нацысцкія рэжымы, бо не было на каго абаперціся: бяздушны заходні матэрыялізм ды ваяўніча-атэістычны камунізм з Усходу пагражалі самому існаваньню царквы.

Тым ня менш, Пій ХІ пратэставаў супраць нацысцкай палітыкі, выдаваў энцыклікі, у якіх крытыкаваў абагаўленьне нямецкай нацыі ды культ нямецкай дзяржавы. Гэты прынцыповы ды харобры чалавек памёр у 1939 годзе. Пій ХІІ, у адрозьненьне ад папярэдніка, палюбляў дыпляматычныя мэтады. Ён даўно схіліўся да думкі, што камунізм — гэта галоўны вораг царквы, а Нямеччына знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы зь ім. Ён спрабаваў прадухіліць пачатак другой сусьветнай вайны адно таму, што ў ягоным разуменьні яна была непатрэбным канфліктам паміж некамуністычнымі краінамі. Ніколі, нават у сакрэтнай перапісцы зь нямецкім кіраўніцтвам, Пій ХІІ не пратэставаў супраць разбурэньня «ўлюбёнай дачкі Касьцёлу» Польшчы — што выглядае зусім злавесна цяпер, калі мы ведаем, што за вайну нацысты забілі пятую частку польскіх сьвятароў.

Пія ХІІ вінавацяць і ў тым, што ён доўга не рэагаваў на галакост. У кастрычніку 1943 г. пад вокнамі папскай рэзыдэнцыі эсэсаўцы правялі рымскіх габрэяў, якія падлягалі дэпартацыі. Калі б Папа зьявіўся на станцыі, дзе больш за тысячу няшчасных людзей, пераважна жанчын і дзяцей, загналі ў таварняк, ён змог бы прымусіць нацыстаў звольніць усіх, балазе што перад тым немцы ўжо адпусьцілі, з розных прычынаў, дзьве сотні рымскіх габрэяў. Але ён нават не папярэдзіў габрэйскай грамады пра плянаваную дэпартацыю. У выніку 1023 чалавекі трапілі ў Аўшвіц. Выжыла зь іх толькі пятнаццаць.

Але ў той жа час, хоць Папа і не загадваў італьянскаму сьвятарству абараняць габрэяў, мясцовыя біскупы, сьвятары й мніхі здолелі дапамагчы выжыць 83% італьянскіх габрэяў.

Сам Пій ХІІ праявіў палітычную волю толькі што да фашыстоўскіх кіраўнікоў Вугоршчыны ды Славаччыны, ад якіх ён патрабаваў спыненьня чыстак.

Відаць, Пій ХІІ ня быў антысэмітам. Яму проста не ставала сьмеласьці сказаць «досыць» тым, хто меў фізычную сілу. Мо ён і ведаў пра Гітлеравы пэрыядычныя прыступы антыкасьцёльнага шалу — пра пагрозы выкрасьці Пія ХІІ, заняць Ватыкан ды «зьнішчыць гэтую шайку сьвіньняў».

Пій ХІІ ня быў дрэнным чалавекам. Ён паводзіў сябе лепш за мільёны іншых эўрапейцаў, якія засталіся зусім абыякавымі да лёсу габрэяў і іншых ахвяраў нацызму. Але жыцьцё вымагала ад Эўджэньё Пачэлі, кіраўніка Касьцёлу, нашмат болей, чым ад шараговага чалавека. На жаль, ён не зрабіў аніводнага гістарычна значнага жэсту, які б важыў нашмат больш за ўсе ягоныя дыпляматычныя захады. Пад час другой сусьветнай вайны Папа Рымскі, чый аўтарытэт бярэ свой пачатак зь дзеяў апосталаў, ня даў прыкладу Imitatio Christi — спробы дзейнічаць так, як рабіў бы Хрыстос.

Пій ХІІ ачольваў сусьветны касьцёл, значыцца, ён вёў за сабой усіх каталікоў Зямлі, беларускіх у тым ліку. Ці заставаліся простыя сьвятары й вернікі нашай краіны такімі ж пасыўнымі пад час навалы саракавых?

Калі немцы на пачатку акупацыі Беларусі досыць спакойна ставіліся да праваслаўнай царквы і нават дазволілі ўтварыць у верасьні 1942 году Беларускую аўтакефалію, дык каталіцтва адразу ж уціскалі. Праваслаўе бачылася процівагай камунізму, а каталікоў разглядалі як пятую калёну польскага нацыянальнага руху. Каталіцкіх сьвятароў бралі ў закладнікі, арыштоўвалі ды расстрэльвалі па падазрэньнях у супрацоўніцтве з партызанамі.

Гісторыя поўніцца прыкладамі кшталту гэтага: у лютым 1943 году ў мястэчку Росіца немцы спалілі сялянаў — і праваслаўных, і каталікоў. Ксяндзы параіліся і вырашылі не пакідаць людзей, пайшлі на сьмерць разам зь імі. Сярод іншых каталіцкіх сьвятароў-ахвяраў згадваюцца імёны ксяндзоў Г.Глябовіча, С.Глякоўскага ды Д.Мальца, а таксама самога лідэра беларусізацыі касьцёлу ксяндза В.Гадлеўскага.

Папа Пій маўчаў. А тысячы простых сьвятароў у нашай і іншых краінах ахвяравалі сабой — як Хрыстос.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0