Зьміцер САЎКА

 Дранікі з колай

 

Першыя два тыднi ў Амэрыцы я быў у шоку расчараваньня. Жыцьцё мне раптам здалося бессэнсоўным, усё зробленае й толькі задуманае — марным, ідэалы й памкненьнi — страчанымi.

Уявiце сабе жыхара бразыльскай Амазонii, які вынайшаў ровар. Вось жа я чуўся такiм абарыгенам. Тое, чым дагэтуль жыў, тут, у Амэрыцы, ужо сталася плюсквампэрфэктам, даўна пройдзеным этапам у разьвiцьцi цывiлiзацыi.

 

Pizza

Яшчэ да прыезду я быў начуты пра амэрыканскую пiцу, што яна — самая пiцыйная ў сьвеце. Часам здаецца, што Статуя Свабоды магла б быць узброеная не паходняю, а трымаць на тацы сымбаль Дастатку й Сытасьцi — аграмадны блiн пiцы, памерам з пляцоўку для гелiкоптэраў, а да каменных грудзей прыцiскаць не фалiянт Канстытуцыi, а «Книгу о вкусной и здоровой пицце».

 

 

Кунсткамэра

Н-Ё — гэта горад, у якiм ты бачыш усiх,

застаючыся незаўважаны.

Зь фiльму «Бывай, Алабама»

За ўвесь свой ньюёрскi побыт я нi разу не наведаў нi тэатру, нi канцэрту, нi музэю. (Праўда, аднойчы добры чалавек праставiў бiлет на балет — Атэла ў «Мэтраполiтэн-Опэры». Зыбанска! — скажу вам.) Проста не было патрэбы. Выходзiш на Мангетэн — i ты ўжо ў тэатры, на канцэрце, у музэi.

Турыстычная лiтаратура пра Нью-Ёрк цьвердзiць, што тут жывуць 10 тысячаў прафэсiйных мастакоў i столькi ж, ня менш, прафэсiйных музыкаў. У гэтым пераконваесься на кожным кроку. Асаблiва што да розных сьпевакоў ды грацоў. Вунь iрве свой чароўны мэксыканскi голас праўнук мая цi ацтэкаў, стараючыся перакрыць сьпевам цягнiкi падземкi. А вось гэты мулат-флейтыст пэўна быў бы ў нас надзеяй i гонарам Беларускай кансэрваторыi — такую джазуху на перамену з клясыкай дае! Усiх пародаў бубнiсты табарацца не ў мэтро, а на паверхнi. Брыдзеш мiж хмарачосаў i чуеш, як спрытна тамтамяць на разнастайных пэркусiях гнаныя голасам крывi чорныя пальцы. Мурынскае — у адрозьненьне ад iндзейскага — моцна гарманiзуе з усiмi гэтымi геамэтрычнымi правiльнасьцямi, што завуцца ёмiстым словам Мангетэн.

Дзеля справядлiвасьцi заўважу, што нярэдка спатыкаецца й поўнае фуфло а la Kamaro?ka Folk. Аднак iм зазвычай нiчагуськi й ня кiдаюць.

А што да кунсткамэры... Калi б на зямлi вадзiлiся людзi з трыма вачыма цi носам на лобе — дык і такое вы б абавязкова сустрэлi на Мангетэне. Любая кунсткамэра блякне!

Вось на 6-й авэню сунецца чорны хлапец зь пiрсiнгам на твары: бровы, пад бровамi, вакол рота — усё ўсеянае дробнымi залацiстымi пацеркамi.

Вось па Лексынгтан-авэню праплывае красуня ростам пад мэтар-дзевяноста. На дарагiх абцасах. У стыльным палiтоне. У воблаку тонкiх парфумаў. Гэта ньюёрскi трансвэстыт.

У будынку бас-тэрмiналу (па-нашаму — аўтавакзалу) на 8-й авэню яшчэ адзiн трансвэстыт — фарбаваны ў бляндынку мурын: мажны (мажн-ая?), сымпатычны (-ая), з аграмаднымi цыцкамi-кавунамi. Шыкоўная сылiконавая лялька!

А гэта рухомая калекцыя фалерыстыкi: проста выхаплены з вэстэрну дзядзька ўвесь — ад капелюша да абцепаных калашынаў — абвешаны сотнямi значкаў.

А вось такiх, як у сталоўцы «Бургер Кiнг» побач з аўтавакзалам, i на менскiм вакзале поўна. Натуральны бамжатнiк. Праўда, менскiя бамжы — як на адзiн капыл: брудныя, п’янаватыя, у абносках. А ньюёрскi бомж нейкi больш разнастайны, двух падобных — ня знойдзеш.

 

Хвала Каралю Лусьцянёў!

«Кароль Лусьцянёў» (па-амэрыканску «Бургер Кiнг») — гэта тое ж, што й «МакДональдз», толькi лепш. «МакДональдз» — налiвае Coca-Col’у і ўсё, што кампанiя «Кока-кола» вырабляе. А «Бургэр Кiнг» налiвае Pepsi — i, адпаведна, усе вытворныя: 7Up, Mountedew, Diet (дыетычны) Pepsi й г.д. Ньюёрскі беларускі лiтаратар Юрэвiч цьвердзiць, што абодва Diet’ы — i Coca, й Pepsi — задуманыя як сродак ад жывата, па-нашаму — слабкое. Я, колькi нi выпрабоўваў, нiчога такога не заўважыў.

Я люблю Pepsi. Калi вы ня чуеце розьнiцы памiж Pepsi й Coca’й — вы замала гэтага пiлi.

Па-другое, амаль усюды ў сталоўках «Бургер Кiнг» вам выдаюць пусты папяровы кубак, i вы можаце жлукцiць, пакуль не перакаштуеце ўсiх наяўных напояў, цi пакуль не пачуеце абяцанага сп.Юрэвiчам Diet-эфэкту, цi, нарэшце, пакуль не распаўзецца ад непрадугледжана жорсткай эксплюатацыi ваш папяровы кубак.

Аднак такое мора разьлiванае мае берагi. Там, дзе iснуе небясьпека прывабiць на дармаўшчыну табуны бамжоў, дзеiць макдональдаўскi прынцып: адзiн кубак — адна пайка пiтва.

 

Цікавінкі Брайтану

На Брайтане знаходзiцца абалдзенна цiкавае месца. Не, я не пра барахолку — вiдаць, адзiную ў ЗША. Я пра акiянарыюм, якi ў Н-Ё, чамусьці, завецца акварыюмам.

Як я люблю разглядаць усялякiя праявы жывой i нежывой прыроды! Як я чакаў сустрэчы з гэтым дзiвам! Зь якiм трымценьнем (ну, ясная рэч, бiлет каштуе 7 з палцiнаю амэрыканскiх рублёў!) я ўваходзiў у гэтую сьвятыню валадарства пенабародага Нэптуна!

Мы ўвайшлi ў першую залю. Тут былi розныя морскiя вожыкi, невымоўнай разнастайнасьцi каралі, зусiм невядомая мне падводная жамяра (пра банальных рыбак усiх колераў вясёлкi й згадваць ня варта). Пакуль мы, я й Вiця Камiнскi, зачаравана назiралi за працэсам дэфэкацыi морскай зоркi (калi б вы такое пабачылi — не забылi б да вечка труны!), прыйшоў наглядчык-мурын i ўрачыста абвесьцiў, што акiянарыюм зачыняецца...

Так мы амаль нiчога й не пабачылi.

Паданьнi сiвой мiнуўшчыны даносяць да нас глухiя, пакрытыя пылам стагодзьдзяў зьвесткi, што некалi на паўднёвай ускраiне Бруклiну, якую тубыльцы завуць Брайтан-Бiч, жылi чорныя нэгры. I так яны жылi, пакуль iх не сагналi з абжытых дзясяткамi пакаленьняў мясьцiн, зь дзедаўскiх магiлаў, з радзiмых берагоў — хто б вы думалi?! — савецкiя габраi.

Звычайна ў Амэрыцы белыя скардзяцца на тое, што iх зганяе чарната, а тут бач — i на чарнату з Брайтан-Бiч знайшоўся савецкi бiч. Цяпер вы зразумелi, на якой прыступцы сацыяльнай лесьвiцы знаходзiцца ваш сусед, дзядзька Iсак з трэцяга паверху, якi «зьлiняў» за акiян у сярэдзiне 80-х?

Няма бруднейшага зь белых раёнаў Нью-Ёрку за Брайтан. А якi смурод раптам апаноўвае выпадковага амэрыканца-разявяку, калi ён няўзнак трапiць на скрыжаваньне Брайтан-Стрыт i 7-й вулiцы!

Тут мушу заўважыць, што Вiлi Токараў — вялiкi ашуканец. Яму ўдалося сваёй залихвацко-бесшабашной творчасьцю задурыць галаву савецкага абываталя байкамi пра зямны рай — Брайтан, дзе заўсёды дзяўчаты, шампанскае, шыкоўныя аўтамабiлi ды iншыя пекнасьцi вольнае жытухi.

Бывае, кажуць, каханьне зь першага погляду. Але пэўна ведаю, што зь першага погляду бывае нянавiсьць. Вось так — люта, усiмi жылкамi, кожнай пораю — зьненавiдзеў я зь першага погляду савецкi Брайтан. Усiх гэтых таўстазадых Элачак i потных Мiшаў! Усе iхныя, да ламоты ў пашчэнках знаёмыя шмайсы. Якое халеры трэ было ехаць з Малдаванкi-Адэскай цi Бабруйску-на-Бярэзiне ў Злучаныя Штаты, каб стварыць тут, у сэрцы капiталiстычнага сьвету, анкляў саўдэпii (а мо гэта гэбушнае заданьне?), дзе, любоўна закансэрваванае, ашчадна захоўваецца ўсё тое, ад чаго гэтак пляваўся акулярысты пiцерскi дысыдэнт i што выклiкала ванiт-фантан у бульбаносага беларускага нацыяналiста?

Гэта я так не палюбляю iхны Брайтан. А ёсьць вычварэнцы-аматары, якiм Брайтан, як твайму Язэпу гармонiк — сама вешч! Iх сярод 100-адсоткавых амэрыканцаў — процьма. На iх брайтанскiя турфiрмы рукi грэюць: зьбраюць у экскурсii ды водзяць па гэтым савецкiм запаведнiку, паказваюць. Во ён — загадкавы расейскi этнас.

Трэба зазначыць, што я не адзiн такi брайтананенавiсьнiк. Большасьць расейскамоўных, якiм удалося ўладкавацца ў амэрыканскай рэчаiснасьцi, стараюцца не бываць тут. Яны грэбуюць Брайтанам i ягонымi насельнiкамi, пераважна ўэлфэрнiкамi. Ўэлфэрнiк — гэта чалавечае стварэньне, якое сядзіць на welfare, г.зн. не працуе, каб мець права атрымліваць дзяржаўную дапамогу. Мэнтальна — гэта той жа наш электарат, якi гатовы на ўсё, абы не рабiць нiчога, а сядзець пад какосаваю пальмаю з працягненай рукою. Калi б Рыгорыч балятаваўся ў Сэнат ЗША ад Брайтану, ён бы пэўна — прайшоў.

 

Чаго ў Амэрыцы няма

Амэрыканцы лiчаць, што ў Амэрыцы ёсьць усё,
а калi чаго й няма — дык і ня трэба.
Расейскі кiнарэжысэр А.Герман

Апроч кучы розных даволi трывiяльных хiбаў, я маю адну арыгiнальную — я паталягiчна люблю смажыць дранiкi.

I вось уявiце карцiну. У Нью-Ёрку я аблазiў дзясяткi гаспадарчых крамаў i адпаведных аддзелаў у супэрмаркетах, але так i не знайшоў банальнай цёркі для бульбы. Падобныя былi, але сапраўднай, каб зь дзiрачкамi, нiбы прабiтымi цьвiком — не было.

Выратаваў мяне адзiн былы грамадзянiн СССР з вугорскiм акцэнтам (у мiжваенны час ягоны тата быў мэтрадатэлем у самым шыкоўным рэстаране Вужгараду — тады яшчэ не ўкраiнскага, а вугорскага). Ён падказаў мне, што апэрацыю таркаваньня ажыцьцяўляюць у блендэры — машынцы для здрабненьня харчоў. Узяў я гэтую штуку (гаспадыня дому, дзе нас з жонкаю прытулiлi, калола ў гэтай прыладзе лёд для кактэйлю) i пачаў экспэрымэнтаваць.

Якi я быў шчасьлiвы, калi маё вуха — праз 3 месяцы змушанага паўстрыманьня — учула вясёлае сквiрчэньне першай тройкi дранiкаў на патэльнi! Што там блiнцовыя радасьцi дзятвы з «Новай зямлi» ў параўнаньнi з гiмнамi Дранiку ў маiм збалелым, ссумаваным, знастальгiзаваным страўнiку!

Але скажу я вам, што ёсьць яшчэ сёй-той беларуска-амэрыканскi дранкапёк, які, нягледзячы на маё генiяльнае адкрыцьцё, i надалей карыстаецца прымiтыўнаю таркаю. Ягонае права. Амэрыка ж — краiна вольная...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0