Навіны

 

Пачалі зь перамогі

На хакейным чэмпіянаце сьвету ў Пецярбургу ў мінулую нядзелю зборная Беларусі выйграла ў зборнай Украіны зь лікам 7:3, а латышы прайгралі швэдам 1:3. Такім чынам Беларусь у групе «А» займае першае месца. Сёньня адбудуцца матчы Беларусь—Латвія і Швэцыя—Украіна, а 4 траўня нашы згуляюць са швэдамі, а ўкраінцы з латышамі.

А.К.

 

Падаткавікі на дарогах

Магілёўскія падаткавікі ўзяліся за прыватных таксістаў: ловяць тых, хто людзей падвозіць, а не зарэгістраваны. Падаткавікі ў цывільным спыняюць машыны, а калі кіроўца адвозіць іх і бярэ за перавоз грошы, яго бяруць за руку і накладаюць штраф. 25 машын ужо арыштавалі, а штрафы складаюць ад 20 да 50 мінімалак. Усяго ж такім чынам падлавілі ўжо 31 кіроўцу.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

 

У кожнай трэцяй сям’і — машына

Паводле БелаПАНу, у асабiстым карыстаньнi грамадзянаў краiны знаходзiцца 2 003 694 розных транспартных сродкаў. Большасьць зь iх — 1 285 297 — легкавыя аўтамабiлi. Апроч таго, беларусы маюць 49 168 грузавікоў, 11 597 аўтобусаў, 116 824 прычэпаў i аж 540 808 матацыклетаў. Сярод машын найбольш ВАЗаў — 395 797 адзiнак ці 30,8%. Другая па папулярнасьцi марка — «масквіч». Іх 199 774 (15,5%). Трэцяя — «фальксваген» (117 273). Далей па папулярнасьцi ідуць «запарожац», «аўдзi», «опэль», «форд», «мэрсэдэс», «мазда», «БМВ», «волга», «рэно», «нiсан», «ФIАТ», «таёта», «пэжо», «мiцубiсы», «шкода», «хонда», «сiтраэн». «Ягуараў» у Беларусі зарэгістравана ўсяго 97, «лiнкольнаў» — 43, «кадылякаў» — 30, а «iначэнцi» — усяго 15. А аварыяў найбольш адбылося праз «Жыгулі»: 720 летась, у якiх загiнулi 196 i параненыя 817 чалавек. На другiм месцы тутака «фальксвагены», з-за якiх адбылiся 463 ДТЗ, загiнулi 154 i паранены 529 чалавек. На трэцiм — «аўдзі», далей — «опэлі» і «форды». «Масквічы» ж мабыць ужо толькі лічацца, але ўсе стаяць стоем.

 

Больніцы закрываюцца

У лякарнях Барысава спынілі шпіталізацыю хворых. Паводле галоўнага лекара Барысаўскай гарадзкой больніцы Леаніда Чура, гэта адбываецца з-за адсутнасьці сродкаў. Амаль не засталося перавязкавых матэрыялаў і аднаразавых шпрыцоў. Людзей бяруць толькі для таго, каб праапэраваць вострыя апэндыцыты, цяжкія пашкоджаньні пры няшчасных здарэньнях і атручваньнях. Астатнім хворым адмаўляюць у дапамозе — «не памруць, выцерпяць». Не шпіталізуюць нават інвалідаў другое сусьветнае вайны. Такая сытуацыя і ў іншых месцах краіны. Між тым, паводле інфармацыі Міністэрства фінансаў, на сьвяткаваньне Дня перамогі выдзелілі 440 мільёнаў дэнамінаваных рублёў (каля 460 тыс. даляраў паводле рынкавага курсу) — на парады і п’янкі. Напышлівае сьвяткаваньне выглядае на гэтым тле даволі цынічна. Падобна, што нехта малады й моцны распрацоўвае перад выбарамі свой традыцыйны «вэтэранскі» электарат.

Сьвятлана Курс

 

Парад у Менску, а трэніроўкі ў Баранавічах

Гэтым тыднем па чатыры, вельмі нізка над горадам, насіліся самалёты-зьнішчальнікі Баранавіцкай вайсковай часткі. Рыхтуюцца летуны да параду ў Менску 9 траўня. Людзі ж пужаюцца, яшчэ памятаючы, як пару гадоў таму загінуў лятун Карват, першы Герой Беларусі, ледзь адцягнуўшы падаючы зьнішчальнік МІГ-29 ад вёскі Арабаўшчына, што побач з горадам.

 

Хто падпіша на «Нашу Ніву»?

Баранавіцкая гарадзкая бібліятэка ладзіць акцыю да Сусьветнага Дня кнігі — “Падаруйце кніжні кнігу“. Прымаюцца ў падарунак старыя, ужо прачытаныя й непатрэбныя кнігі ад жыхароў гораду. Таксама кніжня шукае спонсараў, якія б падпісалі яе на пэрыядычныя выданьні ці падаравалі б колькі грошай.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Азеляненьне

Толькі пару дзён пратрымалася новая шыльда на фасадзе Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Зрабілі яе не стандартным «чыгунком», а прыгожай ды вялікай, на ўвесь брылёк над уваходам, з залацістымі літарамі на чырвоным тле ды танюткімі белымі стужкамі для акантоўкі зьверху й зьнізу. Дык камусьці вельмі не спадабалася, што паміж белымі стужкамі крыху чырвонага фону засталося. Крамола! Загадалі прыбраць. І дадаць «сапраўднага нацыянальнага» колеру. І той кавалак чырвонага заляпілі зялёнай стужкай. Саблюлі інцярэсы славянскага народу.

Дзяніс Носаў

 

Пачырваненьне

Бабруйскія ўлады па горадзе расклеілі плякаты ня проста «з Днём Перамогі», а «з Днём Перамогі савецкага народу...» Чырвонымі сьцяжкамі, зусім не маленькімі, утыкалі ня толькі горад, але й фактычна загарадную дарогу — церазь Бярэзіну да бліжэйшых вёсак. Адміністрацыйна гэта яшчэ ў межах гораду, але — лугі, рака й чырвоны сьцяг на кожным слупе... А на міліцэйскім блок-пасту ажно тры. А ў цэнтры гораду ўпоперак вуліц вывесілі лёзунг «Политику президента Республики Беларусь одобряем и поддерживаем». Хто «падтрымлівае і ўхваляе», незразумела, бо ўвесь Бабруйск заклеены й расьпісаны зусім іншымі лёзунгамі.

Н.Дз.

 

Траўка ў пляшцы

Як паведамiў БелаПАН, днямi на пераходзе «Аляксандраўка» на беларуска-украiнскай мяжы затрымалі «жыгулi», у якiх была знойдзена бутля нiбыта з 5 літрамі алею. Увагу памежнiкаў прыцягнуў шэры колер вадкасьцi. Прызналі, што замест алею ў бутлі — марыхуана.

 

Хваробы мэдыцыны

У Мастах бюджэтнікам сталі затрымліваць заробак. Асабліва гэта адчулі на сабе мэдыкі. Да гэтага дадалася яшчэ адна прыкрасьць: грошы найперш выплочваюць начальству, а малодшы мэдычны пэрсанал павінен заўсёды чакаць. Санітаркі і нянечкі вырашылі шукаць праўды. Жанчыны датэлефанаваліся да абласнога здароўаддзелу. Гарадзенскі чыноўнік выслухаў скаргі і адказаў толькі на адну зь іх: жанчыны плакалі і казалі, што няма чым карміць дзяцей, а ён паабяцаў даць мех уласнай бульбы. Але на наступны дзень грошы заплацілі.

А ў суседняй Лідзе тымчасам паболела хворых на СНІД. За апошнія 3 тыдні хвароба знайшла яшчэ 14 ахвяраў, і агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 67 чалавек. Колькасьць хворых на СНІД на Гарадзеншчыне сёлета імкліва расьце. Не спадае і разгул пранцаў. Найбольш хварэюць на іх у Смаргонях.

Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў

 

«Лукашэнку» зьнішчаць

27 красавiка судзьдзя Iна Шэйко вынесла папярэджаньне Дзянiсу Яроменку, які прыйшоў на «Чарнобыльскі шлях» з штукай, якая нагадвала мiлiцыянтам Лукашэнку. Кампазыцыя складалася з хакейнага шлему, прымацаванага да шчоткi (што імітавала вусы), дзьвюх накрывак ад сьмятаны замест вачэй i носу зь пенаплясту. Сам аўтар казаў у судзе, што гэта быў «творчы крык душы». Судзьдзя ж дала Яроменку папярэджаньне, а ягоны твор пастанавiла канфiскаваць i зьнiшчыць. Хто будзе зьнішчаць і дзе, агенцтва БелаПАН ня піша. 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0