У Магілёве маёўцаў пахапалі

 

Улады адмовілі эсдэкам і Cвабодным прафсаюзам адмовілі ў правядзеньні мітынгу, маўляў, у горадзе праводзіцца афіцыйны мітынг на пл.Леніна. Тады апазыцыянэры выказалі жаданьне прыняць удзел у гэтым мітынгу.

Учора раніцай дзьве калёны рушылі ў бок плошчы Леніна. Калёна Маладога Фронту пайшла па вул.Ленінскай. Другая, Грамады і прафсаюзу, стала зьбірацца праз вуліцу ад пл.Леніна. Дэманстранты трымалі лёзунгі «Варты заробак — рабочым», «Не — росту цэнаў».

Міліцыянты пачалі затрымліваць патэнцыйных удзельнікаў мітынгу з абедзьвюх калёнаў, як толькі тыя рушылі.

Вось як апісвае падзеі лідэр абласнога Свабоднага прафсаюзу Юрась Новікаў:

— Нас затрымалі міліцыянты, акружылі і пачалі правяраць нашыя сьцягі і лёзунгі. Калі мы пачалі разгортваць сьцягі Свабоднага прафсаюзу, падпалкоўнік Аленушкін сказаў, што гэтую «свастыку» мы не дазволім вам разгортваць на плошчы, бо «вас могуць разарваць на часткі ветэраны». Тымчасам пачалі выхопліваць з шэрагаў нашых сябраў, якія несьлі транспаранты, сьцягі. А потым, пратрымаўшы дзьве гадзіны, іх адпускалі і казалі: «Мы вас не затрымлівалі. Вы самі сюды прыйшлі, вас ніхто не запрашаў».

15 магілёўцаў былі вызваленыя, толькі на пяцёх складзеныя пратаколы. Валер’я Сівуху і лібэрала Аванэса Мурадзяна абвінавачваюць у выкарыстаньні сьцягоў нявызначанага ўзору. Як заявілі супрацоўнікі міліцыі, наканечнік сьцяга можа быць выкарыстаны ў якасьці халоднай зброі, пасьля чаго прадэманстравалі, як гэта робіцца.

Мусіць, магілёўскія міліцыянты таксама хочуць рэпутацыю разгоншчыкаў мірных дэманстрацыяў.

Паводле Радыё Свабода


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0