БТ вачыма беларуса

Пра карысьць «энтузіязізму»

 

У траўні на БТ абяцаюць некалькі прэм’ераў. Памяняюць застаўкі, выпусьцяць некалькі новых праграмаў — ток-шоў, музычных, забаўляльных (нэа-«Банка коміксаў»), забаўляльна-пазнавальных (па геаграфіі ды гісторыі Беларусі і сьвету). Грошай, праўда, не прыбавілася. Са словаў генэральнага прад’юсара БТ Ягора Хрусталёва, які адказвае за зьмест эфіру, амаль усё рабілася амаль бясплатна. Тады вынікае, што ён проста найвыбітнейшы прад’юсар. За арэнду памяшканьняў для здымак праграмаў ня бралі грошай, творчы калектыў працаваў і працуе на энтузіязме — усе проста хацелі зрабіць нешта новае ці як-небудзь дапамагчы ў гэтым і паверылі, што можа атрымацца. Праўда, на адным «энтузіязізме» надзейна не паезьдзіш — усе перамены на тэлебачаньні, як правіла, адбываюцца зь першага дня месяца, і ня ўлетку, а на БТ не пасьпяваюць. Што напрыдумлялі новага ды сучаснага, зможам паглядзець толькі з 15 траўня.

А пакуль прыходзіцца разы па чатыры глядзець адзін і той жа выпуск «Відзьма-нявідзьма». Тамтэйшыя аўтары на залішні энтузіязізм не пакутуюць. Прычым, што дзіўна: апошнім разам праграмы па сутнасьці не было, замест расповедаў запусьцілі адныя кліпы — і атрымаўся ці не адзін з найлепшых выпускаў! Гледачы пазнаёміліся з музыкай і кліпамі суседзяў-палякаў (калі-дзе яшчэ гэткае пабачыш!).

Адна з новых праграмаў — ток-шоў «Будні» з двума вядучымі. Пра самыя розныя праблемы жыцьця — ад трагедыі на Нямізе да стану нашага футболу. Са словаў Хрусталёва, кіраўніцтва БТ разумее, што трэба ўжо мець злабадзённыя сур’ёзныя перадачы. Праўда, была адна такая да нядаўняга часу — злабадзённыя праблемы, прычым у жывым эфіры, два вядучыя… «Крок-2» называлася. Спачатку Беклямішава выкінулі з працы — занадта злабадзённыя госьці ў студыі зьяўляліся. Потым і Сямашка з «Кроку» сышоў і праграму закрыў. Сам. Бо ня мог і не жадаў болей у гэткіх умовах працаваць. Хутка зусім з БТ звольніцца. Чамусьці лічаць, што з «Буднямі» праблемаў менш будзе. Ну, калі менш злабадзённасьці — менш і праблемаў. Дарэчы, адным зь вядучых будзе Кузін з «Альфа-радыё». Вядомы самазакаханы весяльчак, дый «фармат вяшчаньня» ніяк не беларускамоўны, так што тут праблемаў з празьмерным энтузіязмам сапраўды не прадбачыцца.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0