Трагедыя ў Крыжоўцы

Набліжаецца адна дата, пра якую наўрад ці зноў, ужо ў 23-ці раз, хто згадае...

 

Менск — горад бяз памяці. Ня раз перарывалася тутака за ХХ стагодзьдзе сувязь пакаленьняў, ня ў два разы разбух ён ад патоку ўчорашніх вяскоўцаў, уцекачоў з раздушанага камунізмам сяла, для якіх, у выніку, любая мінуўшчына — кашмар, што трэба стрэсьці з плеч навекі. Усё ў Менску мянялася. Менск беспараўнана ўмее сьціраць сьляды. Цяжка сьцерці аднак асабісты боль. Менск за апошнія 30 гадоў спазнаў усе магчымыя пачварныя катастрофы прамысловай эпохі: выбух на радыёзаводзе, падзеньне ТУ-134 зь цьветам менскага студэнцтва, апакаліптычныя пажары, урэшце Няміга. Няўпэўненая ў сабе дзяржава ня любіць, каб заставаліся помнікі на месцы трагедыяў, за якія яна адчувае віну. Гэтай гісторыі не вывучаюць прафэсары і акадэмікі. Толькі сьведкі памятаюць. Сярод гэтых гвалтам забытых трагедыяў — чыгуначная катастрофа пад Крыжоўкай. Пра яе згадвае Сьвятлана Длатоўская.

 

Мне тады было 11 гадоў.

1 траўня 1977 году выдалася надзіва мярзотным: халадэча, вецер, мокры сьнег. Але сыноптыкі паабяцалі хуткае пацяпленьне да 24 градусаў цяпла. І сапраўды, назаўтра з раніцы выбліснула сонейка, і народ, які намёрзься на дэманстрацыі, ірвануў дасьвяткоўваць на прыроду.

2 траўня ў лесе ля чыгуначнай станцыі Крыжоўка маладачанскага кірунку яблыку не было дзе ўпасьці. Скрозь сядзелі купкі моладзі, дый на лецішчах было сьвет народу. Гадзіне а 17-й пачалі зьбірацца дадому. Асабліва мужыкі, бо меўся быць нейкі футбольны матч. Электрычка павінна была прыбыць недзе а 17-й, але бавілася. Станцыйны будынак і пэрон былі перапоўненыя. Нарэшце доўгачаканая прыцягнулася... Штурм вагонаў таксама доўжыўся больш заплянаванага часу, і пасажырам з наступнай Ратамкі ўжо нічога «не сьвяціла», бо вагоны былі запоўненыя звыш меры, ледзьве дзьверы зачыніліся.

Той, хто не пасьпеў, потым доўгі час ці дзячыў, ці праклінаў Вышняга, узгадаўшы яго сярод савецкага сьвята.

Недзе толькі ў 17.40 нарэшце перапоўненая электрычка зьнялася з тармазоў, але крануцца не пасьпела: з-за павароту вылецеў пасажырскі цягнік і з усяго маху ўрэзаўся ёй у «хвост». Апошні вагон сьціснуўся ў «гармонік» і заваліўся на бок. Сэмафор паказваў зялёнае вока, п’яны станцыйны служка хроп у сваёй старожцы. Чаму машыніст электрычкі не паведаміў пра затрымку, засталося незразумелым.

Машыніст і яго памочнік зь цягніка пасьпелі даць па тармазах і выскачылі з кабіны, але, здаецца, забіліся. З пасажырскага ніхто болей сур’ёзна не пацярпеў.

Я, мая маці, малодшая сястра і прадзед знаходзіліся ў тым, апошнім вагоне электрычкі. Дзядуля загінуў, мяне, як кажуць, выцягнулі з таго сьвету, маці і сястра таксама моцна пацярпелі. Даведаўшыся пра здарэньне, прабабка памёрла, бацька празь некаторы час трапіў у лякарню. Наагул шок быў такі, што ў нашай сям’і гадоў 10 слова «электрычка» стараліся не ўжываць. І наша трагедыя была яшчэ ня самай жудаснай. Былі яшчэ, напрыклад, бацькі-пэнсіянэры, якія не пасьпявалі за сваімі хлопцамі-юнакамі і ўбачылі толькі, як за сьпінамі тых зачыніліся дзьверы таго злашчаснага вагону...

Я ня ведаю дакладных лічбаў. Відаць, сапраўдную колькасьць пацярпелых — і то прыблізна — ведалі толькі лекары ды найвышэйшае чынавенства. І ўсё было зроблена, каб больш ніхто не даведаўся. Каб не «псаваць» людзям сьвята, каб не абцяжарваць юбілейнага году (1917—1977) змрочнымі падзеямі, каб не пранюхалі з-за бугра, каб адмазаць кіраўніцтва чыгункі, каб не плаціць належнай кампэнсацыі (нам, напрыклад, тады выдалі па 147 савецкіх рублёў на траіх жывых, ды быццам бы замацавалі да нейкага гастраному на процілеглым канцы гораду, куды ледзьве жывыя бацькі так ні разу й не дабраліся). Прычынаў можа быць шмат. Але ж нават хаваць людзей не дазвалялі «адным масівам», вышуквалі месьцінкі ў розных куточках на розных могілках. Чамусьці на некаторых помніках ахвярам зьявіліся зусім іншыя даты сьмерці.

Але ж усё па парадку.

З паваленага выгону немагчыма было выцягнуць людзей, не разрэзаўшы яго аўтагенам, што было зроблена амаль што праз гадзіну (выходныя ж!). Таму з гэтай людзкой «кансэрвы» засталося вельмі няшмат жывых. Мая маці казала, што калі ўжо ўсіх падаставалі, ахвяры, складзеныя радком асобна, займалі ўсю пляцформу. Вельмі пашчасьціла параненым, што ў той момант там быў добры спэцыяліст, доктар (вельмі сорамна, але забылася ягонае прозьвішча, а зьезьдзіць на Паўночныя могілкі, каб прыгадаць, не выпадае), які арганізаваў ратаваньне і адразу ставіў дакладны дыягназ кожнаму пацярпеламу, наказваў кіроўцам («хуткіх дапамог» не ставала, зьнялі таксапарк), куды каго везьці. Давялося яму і стварыць дружыну мужыкоў, каб баранілі мёртвых ад марадзёраў, якія павылезшы зь першых, не кранутых вагонаў, пачалі сваю мярзотную справу. Гэтае лета для нашага выратавальніка стала апошнім. Ён застаўся незадаволены вынікам сьледзтва, прысуду, наагул усім, што адбывалася вакол гэтай падзеі і як сумленны чалавек пачаў надакучваць «вярхам» сваімі пытаньнямі. Неўзабаве яго знайшлі мёртвага ў асабістым аўтамабілі зь перарэзанымі венамі. Маўляў, самагубства. Знайшоў у сябе анкалягічнае захворваньне і як спэцыяліст разумеў, што будзе. Яго родныя былі нязгодныя з такімі высновамі.

Лекары, вядома ж, рабілі ўсё магчымае і немагчымае. Але відавочна не ставала крыві, спэцыялістаў (асабліва па чэрапна-мазгавых траўмах, аб усялякіх псыхолягах тады наагул ня ведалі). І людзі яшчэ доўгі час паміралі ў лякарнях.

Побач са мной у рэанімацыі ляжаў хлопец Валодзя, студэнт І курсу БПІ. Яго дзядзька і цётка, зь якімі ён ехаў, загінулі адразу, а ён памёр 9 траўня. Я толькі пачала вяртацца да жыцьця, ужо трохі бачыла, нешта разумела. Апрытомнела ад жудасных гукаў: недзе побач стагнаў і торгаўся ў агоніі чалавек, а з калідору, нібыта дзеля таго, каб заглушыць гэтыя стогны, нібыта, каб падтрымаць сьвяточны настрой паміраючых, несьліся жыцьцярадасныя пераможныя песьні і рэпартажы аб парадзе. І першая мая асэнсаваная думка: «Як жа дрэнна будзе маці гэтага хлопца, калі ўвечары пачнецца салют»...

А ці быў тады салют? Жалобы ж не было. Дарэчы, на Валодзевым помніку датай сьмерці чамусьці пазначана 1 траўня, хоць і намаляваныя рэйкі.

Далей будзе трошкі весялей. Ну, яшчэ крышачку ўвагі!

Разам са мной у вагоне быў мой прадзед. Чалавек, які меў шмат, потым усё страціў, прайшоў сталінскія лягеры, зрабіў для сябе слушную выснову, што лепей мець адносіны з расьлінамі, чым зь людзямі. З інжынэра-чыгуначніка ён перакваліфікаваўся на кветкавода і ўвесь свой час прысьвячаў ружам. Сам рабіў прышчэпкі, падкормкі, абрэзкі. Стварыў непаўторны цуд фарбаў і пахаў. Мне тады здавалася, што не любіць дзядульку немагчыма. Не было чалавека, які б не прыпыніў крокаў перад яго кветнікам і не пажадаў здароўя майстру. Той толькі пасьміхаўся моўчкі ў вусы. Пражыўшы на сьвеце 94 гады, ён ужо ўсё пра ўсіх ведаў. Пасьля аварыі родзічы выбраліся на ўчастак толькі пад канец чэрвеня. І што ўбачылі? Гэты заўсёды квітнеючы лапічак зямлі быў чорны, нібыта перарыты кратамі. Усё вырылі і зьнесьлі. З тае пары я міжволі ўсе ружы параўноўваю з крыжоўскімі. Прыгажэйшых не сустракала.

Калі стала зразумела, што я буду жыць, лекары параілі бацьку неяк «заахвоціць» мяне, стымуляваць маё хутчэйшае выздараўленьне. Бацька палічыў, што самым лепшым будзе набыць швейную машынку. Напазычаў грошай ды пабег у фірмовую краму. Але далёкі ад усяго празаічнага, ён не ўлічыў, што тады набыць швейную машынку было цяжэй, чым аўтамабіль. Іх разьмяркоўвалі выключна вэтэранам, героям і то па спэцыяльных сьпісах. Дзяўчыны-прадавачкі паглядзелі на яго, як на вар’ята. А што рабіць, калі адзін дзед з вайны не вярнуўся, а другі памёр ад ранаў, не дачакаўшыся, калі яго ўнукам спатрэбіцца такі дэфіцыт? І бацька (мой бацька! Статны, высокі прыгажун, пагроза жаночым сэрцам), якому раптам усе перажываньні апошніх тыдняў сталі камяком у горле, зароў, як малое дзіцё, у тры ручаіны. На такое дзіва выбегла паглядзець загадчыца. Зразумеўшы, што тут нешта сур’ёзнае, супакоіла, выслухала, паабяцала дапамагчы. Так у мяне зьявілася «Мальва». Грукатлівы, нібы танк, агрэгат, зьмешчаны ў лякаванай тумбе з рэзкім пахам фармальдэгіду, сапраўдны «шэдэўр» савецкай вытворчасьці, які стаў мне і своеасаблівым трэнажорам, і проста вялікім дзіцячым шчасьцем. Што і казаць, зарабіла ўласнай крывёю.

Пасьля перажытага мы імкнуліся выкінуць з галавы хваробы, страхі. Дзякуй Богу, рукі-ногі засталіся на месцы. Вучыліся і рабілі ўсё на ўзроўні зь іншымі і нават лепш. Але электрычка знаходзіла моманты, каб нагадаць аб сабе. Я была студэнткай, калі пасьля Чарнобылю праводзіліся бясконцыя мерапрыемствы па грамадзянскай абароне. І вось мяне, відаць, «мэтадам тыка», прызначылі на нейкія паказальныя вучэньні, дзе трэ было на сьпёцы некуды бегчы ў супрацьгазе. Ведаючы, што і здаровым, моцным мужыкам такое не заўжды пад сілу, я проста спужалася. Дый адвечнае «Чаму я?» не давала спакою, тым больш што ВНУ было зусім не «жаночае». Куды зьвяртацца, каму і як тлумачыць пра нейкія падзеі 10-гадовай даўніны? Я кінулася да маці: «Няўжо не засталося ніякага пасьведчаньня?» Тая парылася недзе ў шафе і дастала зжаўцелую маленечкую даведку з 4-й лякарні, на якой не было ня тое што пячаткі, але й ніводнага саліднага подпісу, акрамя «дзяж.м/с», дыягназ скарочаны і напісаны дзіцячым почыркам з артаграфічнымі памылкамі. Ісьці з такой паперкай да нашага «грамадзянскага абароншчыка» было б самазабойствам. Давялося бегчы на родную катэдру, дзе нашу сям’ю ведалі, і выратавалі мяне, небараку.

Дарэчы, потым маці расказала, што дакумэнты былі. Заключэньні мэдыкаў аб атрыманых траўмах, праведзеных апэрацыях і лячэньні, усё як трэба. Але празь некаторы час пасьля выпіскі зь лякарні яе проста атакавала ўчастковая мэдсястра. Пагрозамі, сьлязьмі, праўдамі і няпраўдамі выпатрабавала паперы. Больш мы ня бачылі ні іх, ні нейкіх афіцыйна завераных згадак аб здарэньні ў амбуляторных картках. Відаць, быў загад усё зьнішчыць. Шукаць праўды сілы не было.

Наагул у гэтай аварыі засталося шмат незразумелага. У нашай радні былі спэцыялісты-чыгуначнікі. Дзядзька працаваў загадчыкам станцыі на Сумскай чыгунцы. Ён казаў, што, нягледзячы на замоўчваньне вынікаў, гэтае здарэньне паўсюдна разьбіралі як прыклад надзвычайнага становішча. І ніхто з дасьведчаных чыгуначнікаў не абвяргаў варыянту дывэрсіі. І вельмі мала хто верыў у няшчасны выпадак, халатнасьць.

Вось такой была дата 2.05.1977 г. у нашай, не такой ужо даўняй гісторыі. І вось такой крывавай стала маленькая станцыя Крыжоўка, якая б апраўдвала сваю назву, калі б там стаялі крыжы па ўсіх, хто тады ня выжыў. (Барані Божа! Гэта не прапанова, а параўнаньне).

І так і падмывае дапісаць: «Прывітаньне майму хірургу В.Рамановічу, цяпер вядомаму кардыёлягу!»

Сьвятлана Длатоўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0