БІБЛІЯТЭКА

 

Вялікі князь інструмэнтаў

Уладзімер Неўдах. Cantantibus organis: Беларуская арганная культура ў кантэксьце эўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу. — Менск: Тэхналёгія, 1999. — 170 с. ISBN 985-6234-74-3.

Дзіўна, што беларуская кніга пра арганы зьявілася толькі пасьля расейскай. Каму, як ня нам, ведаць арганы і пісаць пра іх. Аднак не давалі раней. Сказаць дзякуй мусім цяпер дасьледніку і прапагандысту арганнай музыкі Ўладзімеру Неўдаху за ягоную кнігу. Яна стала першай пра беларускія арганы, на яе будуць абапірацца іншыя. Музыказнаўцы пра яе яшчэ напішуць, а пакуль колькі словаў пра гістарычнае тло тэмы.

Адкуль у Беларусь прыйшлі арганы? Пры канцы ХХ ст. у думках і прафэсіяналаў, і прафанаў арганы сталі музычным сынонімам каталіцтва. Адсюль меркаваньне, што распаўсюджваньне арганаў у нас шчыльна зьвязанае з пашырэньнем касьцёлу. Між тым, арганы шанавалі ў праваслаўнай Бізантыі, адно не як царкоўны інструмэнт, а сьвецкі, але ж вельмі паважаны, імпэратарскага ўзроўню. Калі грэкі ў ХІ ст. збудавалі кіеўскі Сафійскі сабор, дык на адным з муроў намалявалі кампазыцыю — арганіст іграе на арганах, а двое яго памагатых надзімаюць мяхі. Усяслаў Чарадзей таксама збудаваў сабе Сафію, на жаль, ня ведаем, што за фрэскі яна мела. Пару разоў арганы згадваюцца ў праваслаўнай літаратуры ХІІ—ХІІІ ст., але не ў Беларусі. Магчыма, арганы былі ў той час і ў нас. Пашырэньне каталіцтва гэтаму, канечне, спрыяла. Толькі не з ХІІ—ХІV, а з ХІ ст. паходзяць самыя раньнія зьвесткі аб пранікненьні каталіцтва на Беларусь. Жонкай князя тураўскага Сьвятаполка Яраполчыча была дачка польскага князя Баляслава Сьмелага, а спаведнікам яна ў Тураве трымала біскупа калабжэскага Рэйнбэрна. У матэрыяльнай культуры раньнефэадальнай Беларусі ёсьць досыць элемэнтаў каталіцкай культуры.

Маглі быць і касьцёльныя арганы. Іх любілі шматлікія манаскія законы (апроч марыявітак — яны пакінулі каталіцтва і ўтварылі самастойную пратэстанцкую царкву). Вельмі паважалі арганы езуіты. Праваслаўная царква традыцыйна ад арганнай музыкі адмаўлялася. Пазыцыя ўніяцкай царквы досыць цьмяная. Пэўна, да Замойскага сабору 1720 году ўніяты ня ставілі ў цэрквах арганаў: і нязвычна было, і задорага. Прынамсі, нікому з папярэдніх дасьледнікаў і самому Ў.Неўдаху ня трапіліся зьвесткі пра ўніяцкія арганы ХVІ — першай паловы ХVІІІ ст. Таму асьцярожна трэба ставіцца да меркаваньня, што арганныя творы знакамітага «Полацкага сшытку» ў свой час граліся ва ўніяцкай царкве. Бясспрэчна тое, што першыя зьвесткі пра арганы на беларускіх землях адносяцца да каталіцкай канфэсіі. Матэрыялаў тут шмат, многа яшчэ проста ня знойдзена.

Каб гісторыкі музыкі валодалі ўмельствам шукаць інфармацыю ў архівах, корпус зьвестак значна б вырас. Шукаць трэба ў касьцельных і гарадзкіх гаспадарчых дакумэнтах, візытах і інвэнтарах. Калі б музыказнаўцам хапіла цярпеньня праглядаць нават апублікаваныя дакумэнты, дык у кнізе Неўдаха можна было б знайсьці імя першага вядомага арганіста на сучаснай тэрыторыі Беларусі — берасьцейца Трошкі (інвэнтар Берасьця 1566 году). Гарадзкія інвэнтары каштоўныя тым, што даюць імёны арганістаў. Прыкладам, неапублікаваная візыта клецкага парафіяльнага касьцёла Сьвятой Тройцы 1714 году адзначыла ў сьвятыні пазытыў (невялікія арганы) «старасьвецкай работы аб шасьці галасах з бубнамі». Візыта 1766 году засьпела на хорах пазытыў «нядаўна ўладкаваны аб дзевяці галасах з бубнамі, другі пазытыў... стары, унізе, няспраўны, рапарацыі патрабуе». У 1796 годзе касьцёл меў пазытыў ужо аб адзінаццаці галасах, упрыгожаны «штукамі» разьбярскімі. Але ўсё гэта толькі мёртвая матэрыя. Імёны арганістаў ведаюць інвэнтары гораду. У 1713 годзе арганістам быў Тамаш Урбановіч.

Імёны арганістаў, што ўжо апублікаваныя, трэба правяраць. Арганіст ХVІІ ст. Андрэй Рагачэўскі (быццам з татараў, з ваколіцаў Рагачова!) быў прыдворным музыкам князя Альбрыхта Станіслава Радзівіла, значыць, жыў у Нясьвіжы, а хутчэй у Алыцы на Валыні, але зусім ня ў Слуцку — уладаньні князёў Алелькавічаў. У кнізе шмат падзякаў уніятам, а таксама каталіцкай царкве, асабліва езуітам, за разьвіцьцё культуры. Пра апошніх нават сьцьвярджаецца, што яны яшчэ з канца ХVІ ст. (!) выдавалі кнігі па-беларуску. Увогуле да царкоўнай гісторыі трэба ставіцца больш разважліва. Усё ж кніга не пра яе, а пра музычную гісторыю. Багацьце матэрыялу і яго ясны выклад сапраўды на шырокім эўрапейскім фоне, сьпісы былых у Беларусі арганаў і арганістаў, пачынаючы з ХVІ і аж да ХХ ст., нотныя прыклады, каталёг існых касьцельных арганаў, убачаных на ўласныя вочы, робяць працу Ў.Неўдаха незаменнай. Яна сама стане помнікам музычнай культуры.

Валеры Пазьнякоў


 

Новыякнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Annus Albaruthenicus 2000. Poetica. Prosa. Critica. Translatio. Describere. Год Беларускі 2000. Рэдактар С.Яновіч. Графічнае афармленьне Л.Тарасевіч. — Крынкі: Villa Sokrates, 2000.

Гэтае выданьне выглядае як старадрук. Прысьвечана беларускай літаратуры, але прызначана не для беларусаў, а для іншых эўрапейцаў, таму тэксты падаюцца ў асноўным не па-беларуску. Штогоднік, выходзіць на Беласточчыне, у нашай краіне ў продажу наўрад ці зьявіцца. Аб набыцьці можна паспрабаваць дамовіцца праз электронную пошту: [email protected]

Arche. Панславізм: думка і злачынствы. № 1 (6), 2000. — Менск: 2000. — 288 с. — Наклад 1000 ас.

У чарговым нумары папулярнага «першага беларускага часапісу ХХІ ст.» разглядаюцца праблемы славянства — чым яно ёсьць і якую ролю мае ды мецьме славянская ідэя ў будучыні. На гэтыя пытаньні адказ чытачу даюць самыя ж славянскія аўтары амаль з усіх краін Цэнтральнай Эўропы: ад Чэслава Мілаша й Вука Драшкавіча да Міколы Рабчука й Яна Станкевіча. Ад гэтага нумару часапіс выходзіцьме штомесяц.

Белавеская пушча. Аўтарская газэта Валера Дранчука. №1 (22), 2000. — Менск: 2000. — 32 с. — Наклад 2500 ас.

Адзіная ў краіне прафэсійная прыродалюбная газэта зьмяніла свой фармат і, відавочна, рыхтуе чытача да пераўтварэньня сябе ў часопіс.

Ю.Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. / Навукова-рэдакцыйная рада: У.Конан (адказны рэдактар) ды іншыя. — Менск—Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — 752 с.: іл. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-6318-65-3

Выйшла дадатковым накладам манаграфія пра беларускі рэлігійны рух і яго найвыдатнейшых дзеячоў гэтага стагодзьдзя. Кніга ўлучае па-над паўтары сотні біяграфіяў, мартыралёгію й факсыміле шматлікіх унікальных дакумэнтаў. Дамовіцца пра набыцьцё можна праз тэлефон 284-10-87 (Наталя Мазоўка) — цана 10 у.а.

Вый сваё. № 1, 2000. — Менск: Цэнтар «Супольнасьць», Цэнтар «Адукатар», 2000. — 6 с. — Наклад 299 ас.

Аматарам паскуголіць на адвечныя беларускія тэмы прапануецца гэты сьпеўнічак. Ён складзены паводле гітоў скаўцкага летніка «Нарачанка—1999». Замовіць можна праз тэл.: (017) 263-99-90.

Гісторыя Беларусі: 9 кляса. 2-е выд. Падрыхтоўка да экзамэну з курсу базавае школы. Білеты. Прыклады адказаў. Даведкі. — Менск: ТАА «Лекцыя», 2000. — 116 с. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-6305-23-3

Кніга складзена ў адпаведнасьці з нацыянальнай канцэпцыяй выкладаньня гісторыі ў школе й дасьць добрую падказку на школьным экзамэне.

А.Каралёў. Жодзінская кроніка: Дакумэнтальныя нарысы. — Жодзіна: Выдавец В.Жураўскі, 2000. — 32 с.: іл.

У кнізе на глянцавай паперы з каляровымі ілюстрацыямі прасочваецца гісторыя Жодзіна не ад афіцыйнага году народзінаў гораду — 1963-га, а ад першае згадкі ў пісьмовых крыніцах — 1688-га. Кніга прадаецца ў сядзібе БНФ за 770 рублёў.

Кантакты й дыялёгі. № 3, 2000. — Менск, 2000. — 56 с. — Наклад 299 ас.

Найцікавейшыя тэксты нумару: дасьледаваньне В.Далюгі «Крыніцы й інсьпірацыі ксыляграфічных ілюстрацыяў да выданьняў Ф.Скарыны», артыкул пра лёс бібліятэкі Пінскай сэмінарыі й нарыс А.Ліса «Віленскія матар’ялы з гісторыі беларускай інтэлігенцыі».

І.Лосік. Маладзік: Вершы. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 80 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6318-76-9

Гэта першая кніга выкладчыка музыкі Менскага пэдагагічнага каледжа № 2 імя М.Танка.

Л.Вашко. Маленькі сшытак Лявона Вашка: Першы выпуск. Масты — Полацак — Менск, 2000. — 200 с. — Наклад 299 ас.

Аўтар зьмяшчае свае палемічныя й філязафічныя лісты да вядомых дзеячоў беларускае культуры і сусьветнае палітыкі.

Музэйныя сшыткі. Навуковае апрацаваньне музэйных прадметаў. Пісьмовыя й фотадакумэнтальныя помнікі. Навукова-мэтадычны зборнік. — Менск: Беларускі інстытут праблем культуры, 1999. — 98 с. — Наклад 250 ас.

Чарговы выпуск «Музэйных сшыткаў» будзе карысны ўсім, хто працуе ў галіне музэйнае справы.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0