Навіны

 

Айцец Іван Спасюк дамогся перасуду

Праваслаўны сьвятар Iван Спасюк з Пагранiчнага Бераставiцкага раёну дачакаўся справядлiвасьцi. Гарадзенскi аблсуд пастанавiў: справа бацюшкi павiнна быць перагледжана ў судзе Ленiнскага раёну Гораднi, на рашэньне якога ён падаваў касацыйную скаргу.

Iван Спасюк судзiўся з япiскапам Арцемiем i япархiяй, якая выдае газэту «Гродненские епархиальные ведомости». Ён даводзiў, што япiскап яго абразiў i што артыкул, якi быў зьмешчаны ў газэце, закрануў ягоны гонар i годнасьць («НН» падрабязна пісала пра судовы разбор). Бацюшка патрабаваў публiчнага прабачэньня ад япiскапа, абвяржэньня ў газэце i штрафаў — 50 мiльёнаў рублёў з уладыкi i 70 мiльёнаў з царкоўнага выданьня альбо з самой эпархii, якая з’яўляецца яе выдаўцом. Старшыня Ленiнскага суду I.Грышкевiч, аднак, пасьля разбору адмовiўся задаволiць патрабаваньнi I.Спасюка. Цяпер справа зноўку будзе разгледжана ў гэтым судзе, але iншым судзьдзём.

Айцец Iван, як вядома, выйшаў з-пад юрысдыкцыi РПЦ i далучыўся да Беларускай народнай праваслаўнай царквы. Улады катэгарычна адмаўляюцца рэгiстраваць ягоны прыход i не дазваляюць будаваць царкву. Набажэнствы мусяць адбывацца ў «дамовай царкве». Айцец Iван пахвалiўся, што на Вялiкдзень на службе было шмат людзей, адбылася, як мае быць, усяночная. Ён таксама паведамiў, што япiскап Рыжы аказаў яму дапамогу, дапамог набыць машыну, кампутар, прынтар. Але самае галоўнае, удалося набыць iканастас i ўсе рытуальныя прылады. Прычым ён купляў iх у Кiеве, дзе, зь ягоных словаў, усё значна таньнейшае. Простая плашчанiца каштуе ўсяго 55 даляраў, а вельмi шыкоўная — 700. У нас жа нават звычайная — 1200. Харугвы ў нас па 100 даляраў — удвая даражэйшыя, чым ва Ўкраіне. Сьвятарскую шату таксама ва Ўкраiне можна купiць таньней больш як у два разы.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

 

Спалілі млын

19 красавіка а 5-й раніцы згарэў млын, які знаходзіўся на тэрыторыі раённага літаратурна-этнаграфічнага музэю ў вёсцы Русіны, што пад Баранавічамі.

Пажарныя прыехалі хутка, але ня здолелі патушыць, бо млын быў апрацаваны адмысловым растворам, які зьберагае дрэва ад наступстваў часу, але ж не беражэ ад агню.

Заснавальнік і дырэктар музэю Міхаіл Бернат спэцыяльна для газэты «Наша Ніва» распавёў пра млын і свой музэй.

«Гэта падпал! У 1995 годзе млын спрабавалі спаліць таксама, але тады яго здолелі ўратаваць. Млын быў збудаваны недзе пры канцы ХІХ — на пачатку ХХ ст. каля вёскі Залюбічы, што побач са славутым Крашынам. Майстравалі яго два браты зь вёскі Літва, што ў баранавіцкіх ваколіцах. Гэта млын-казлоўка. У Беларусі сустракаліся толькі казлоўкі й шатроўкі. Шатроўкі існавалі толькі ў Магілёўскай і Віцебскай абласьцях. Доўгі час млын стаяў напалову разбураны, а ў 1994 годзе быў перавезены ў наш музэй і адрэстаўраваны.

Шмат было пакладзена працы ў гэты музэй. Дужа многа дапамагалі хлопцы з ТБМ, дырэктар Баранавіцкага лясгасу Васіль Лісейчыкаў падараваў кузьню, гарно, выцяжку зрабілі, Фонд Культуры грошы даваў і гарадзкі аддзел культуры. Столькі было зроблена, каб аднавіць гэтую старонку гісторыі нашай Радзімы — і вось яе вырвалі! За пару хвілін!

Цяперака мы шукаем млын, хай ён будзе разбураны, разьбіты — мы адновім яго! Вакол музэю давядзецца паставіць высокі плот, каб больш ні адзін дэбіл ня здолеў зьнішчыць спадчыну нашых продкаў.

Калі хто з чытачоў «Нашай Нівы» ведае месца, дзе знаходзіцца нікому не патрэбны млын, маю да іх просьбу — хай патэлефануе ў музэй. Тэлефон: (0163) 44-86-69. Галоўнае нават і ня ўвесь млын, галоўнае, махавік і паварот (што паварочвае млын супраць ветру), астатняе можна аднавіць».

Патрэбны таксама й грошы, каб аднавіць яго. Калі нехта жадае дапамагчы, хай ахвяруе грошы на рахунак ТБМ з адзнакай «На аднаўленьне млына». Р/р 3015215590015, код 715, філіял 0505 АКБ «Пріорбанк».

Нам ніхто не дапаможа, акрамя нас саміх!

Руслан Равяка, Баранавічы

 

У Шклове перанесьлі Дзень перамогі

Нечакана Дзень перамогі ў цяперашняй нашай сталіцы, у Шклове, адзначылі яшчэ сёмага. Усё было як звычайна ў апошнія гады: парад сельгастэхнікі, за якой шчыльнымі калёнамі прайшлі працоўныя мясцовых прадпрыемстваў. Як лічаць тутэйшыя, Дзень перамогі перанесьлі невыпадкова. Усе мерапрыемствы тут на гэты раз адбыліся з удзелам Уладзімера Канаплёва, намесьніка сьпікера палаты прадстаўнікоў. Неўзабаве ж выбары. Вось і рыхтуецца зямляк. А 9-га ж яму мусова будзе ў Менску на трыбуне стаяць. Раней віцэ-сьпікер прывозіў у раён некалькі мікрааўтобусаў і тэлевізараў, дарэньне якіх асьвятляла нават БТ. Цяпер вось і Дзень Перамогі перанесьлі… Усё на выбары!

 

Сьлёзы менскага мэра

У Баранавічах нарэшце скончыўся амаль двухмесячны пэрыяд безуладзьдзя. Новым начальнікам гораду стаў загадчык гарфінаддзелу Віктар Дзічкоўскі. Яму толькі 45 гадоў, ён дасьведчаны ў фінансах. «Перадаць вахтавы сьцяжок» прыехаў зь Менску і Міхаіл Паўлаў. Ягоныя ўспаміны пра добрыя парадкі ў Баранавічах, дзе ён «працаваў без каманды, але добра і паважна» перарваліся сьлязьмі. «Я нікога ня здаў, ня здрадзіў, не падставіў», — казаў ён. Столькі заслугі!

Уладзімер Кудрыс, Баранавічы

 

Год без Захаранкі

7 траўня на вул.Магілёўскай адбыўся несанкцыянаваны пікет. Каля 30 чалавек, у тым ліку лідэры палітычных партыяў, трымалі плякаты: «Тут год таму зьнік Юры Захаранка». Хоць Чыкін і ня даў дазволу на пікет, а гнаў пікетоўшчыкаў на плошчу Бангалор, міліцыя на Магілёўскай нікога не чапала, мо дзеля памяці свайго былога міністра.

Б.Т.

 

Сатаністы?

Ноччу з 30 красавіка на 1 траўня на ляхавіцкіх могілках павалілі й пабілі 128 помнікаў. У ноч на Вялікдзень! Хто зрабіў гэта, пакуль невядома, але гэта ўжо ня першы раз. Міліцыянты кажуць, што вінаватых раней заўжды знаходзілі. А цяпер?

 

Старым — помач

Прадстаўнікі Баранавіцкай Лігі Жанчын перад праваслаўным Вялікаднем наведалі Дом састарэлых, што ў Лясной. Там старым перадалі рэчы, што сабрала для іх беларуская грамадзкасьць Баранавічаў.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

У Пецярбургу забілі смургонцаў

У Смургонях пахавалі двух маладых хлопцаў. Яны працавалі ў Санкт-Пецярбургу, дзе мелі прыватную дыскатэку. Хто і за што забіў нашых хлопцаў, невядома. Іх целы знайшлі ў розных месцах гораду. Хлопцаў застрэлілі.

 

У Некрашунах — жудасьць

У ставе ля вёскі Некрашуны жыхары выпадкова знайшлі труп 11-гадовай вучаніцы школы з Кемелішкаў. Міліцыя кажа, што дзяўчынку згвалтавалі, зьбілі і ўтапілі. Злачынцаў шукаюць.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

У стылі Пал Пота

У дзяржаўныя арганізацыі Берасьця з адміністрацыі прыйшла папера, згодна зь якой дзяржаўныя служкі мусяць адпрацаваць па 5 дзён на будаўніцтве Палацу спорту. Помнік сучаснай архітэктуры і сучаснай гісторыі плянуецца здаць да 3 ліпеня, як паведамляе Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў.

 

Кралі па мільярдзе ў год на дваіх

У адным з раённых аддзелаў адукацыі Магілёўшчыны выкрылі дзьве бугальтаркі гэтага аддзелу, якія пару гадоў атрымлівалі грошы на «мёртвых душаў». Як падлічылі рэвізоры, круцельства цягнулася аж 6 гадоў, а накрасьці дзьве хвацкія цёткі пасьпелі 6,5 мільярдаў. У ведамасьцях рэвізоры знайшлі 14 чалавек, якія насамрэч і ня ведалі пра «свае» грошы. Цяпер вядзецца разбор.

Сымон Глазштэйн, Магілёў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0