15.05.2000 / 13:00

Сяргей Дубавец. Вінаватыя ў сваім адчаі

№ 19 (176), 10 — 15 траўня 2000 г.


 

Сяргей ДУБАВЕЦ

Вінаватыя ў сваім адчаі

 

Напрыканцы сакавіка Дзяржкамдрук вынес «Нашай Ніве» папярэджаньне (цытую ў перакладзе з расейскай):

 

«У адпаведнасьці з артыкулам 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» не дапускаецца выкарыстаньне сродкаў масавай інфармацыі для распальваньня нацыянальнай нецярпімасьці або розьні.

Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку, вывучыўшы матэрыял «Зайздрошчу Чачэніі» Т.Судзілоўскай, апублікаваны пад рубрыкай «Лісты ў рэдакцыю» ў газэце «Наша Ніва», лічыць, што ў ім утрымліваюцца зьвесткі, накіраваныя на распальваньне нацыянальнае нецярпімасьці. У гэтым матэрыяле аўтар выказвае нецярпімыя адносіны да расейцаў: «Яны, расейцы, згвалцілі нашых дзяцей, якія цяпер саромяцца «деревенской» мовы, мовы сваіх бацькоў. Згвалцілі ўсіх беларускіх жанчын, самых прыгожых у сьвеце і самых працавітых. Згвалцілі нашых мужыкоў, самых лагодных у сьвеце, што тыя ня могуць абараніць сваіх жанчын. Абразілі мову! Зьнішчылі культуру і гісторыю. Жывую крыніцу ператварылі ў крініцу. Яны, расейцы, згвалцілі нашы імёны і прозьвішчы, назвы гарадоў і вёсак». Мэтай аўтара зьяўляецца фармаваньне нэгатыўных адносінаў да расейцаў: «Я ненавіджу расейцаў і зайздрошчу Чачэніі».

Зыходзячы з вышэйпададзенага, Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку прыходзіць да высновы, што матэрыял «Зайздрошчу Чачэніі» Т.Судзілоўскай утрымлівае зьвесткі, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай нецярпімасьці і розьні, што зьяўляецца злоўжываньнем свабоды масавай інфармацыі».

Рэдакцыя «Нашай Нівы» не пагадзілася з гэтым папярэджаньнем і падала ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд іскавую заяву. Рэч у тым, што двух такіх папярэджаньняў паводле 5-га артыкулу дастаткова, каб Дзяржкамдрук пачаў працэдуру закрыцьця выданьня. Зразумела, што незалежныя газэты ў нашай краіне сёньня, мякка кажучы, не карыстаюцца прыхільнасьцю ўладных органаў. Тым ня менш, перамога «Нашай Нівы» ў папярэднім працэсе супраць Дзяржкамдруку дае нам спадзеў на магчымасьць абараніць сваю рацыю.

У папярэджаньні сьцьвярджаецца, што матэрыял Т.Судзілоўскай «утрымлівае зьвесткі, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай нецярпімасьці і розьні». У законе «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» такой фармулёўкі няма. Там гаворыцца пра недапушчэньне «выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі для распальваньня нацыянальнай, сацыяльнай, расавай, рэлігійнай нецярпімасьці або розьні». Якім чынам «зьвесткі» могуць распальваць варожасьць — невядома. Гэта першае. Другое: эмацыйныя выказваньні зь ліста чытачкі Т.Судзілоўскай нельга кваліфікаваць як «зьвесткі» (г.зн. пазнаньне, паведамленьне, уяўленьне пра штосьці). Пачуцьцёвы тон ліста сьведчыць пра тое, што аўтарка не зьбіраецца нас інфармаваць, яна імкнецца зьвярнуць нашу ўвагу на набалелае. Таму ліст трэба разглядаць не інакш як крык адчаю. Апроч гэтага, у лісьце ня ўтрымліваецца аніводнага простага або ўскоснага закліку, што можна было б расцэньваць як «распальваньне варожасьці». Ні наўпрост, ні ў падтэксьце аўтарка ня кажа: «Я ненавіджу расейцаў, ненавідзьце і вы іх». Яна кажа: «Зьвярніце ўвагу на маё становішча», а высновы рабеце самі.

На нашу думку, апублікаваны матэрыял ня мае на мэце фармаваньня нэгатыўнага стаўленьня да расейцаў. У ім увогуле не вядзецца пра расейцаў як нацыю. «Расейцы» тут — зборны панятак, пад якім разумеюцца людзі, незалежна ад іхнай нацыянальнасьці (беларусы найперш), якія падтрымліваюць імпэрскія амбіцыі пэўных палітычных сілаў у Расеі, выступаюць за яе экспансію (у тым ліку культурную) на шкоду нацыянальным традыцыям сваёй радзімы, абражаюць беларускую мову. Менавіта іх мае на ўвазе аўтарка ліста, калі кажа: «Я ненавіджу расейцаў».

Аналягічныя выказваньні мы знаходзім у «Мужыцкай праўдзе» Кастуся Каліноўскага за 1863 год, дзе аўтар, зьвяртаючыся да свайго народу, піша: «Толькі тады, народзе, зажывеш свабодна, калі ўжо над табой маскаля ня будзе». Тут таксама няма распальваньня нацыянальнай варожасьці, бо гаворыцца пра сваё, а не пра добрыя ці дрэнныя адносіны да іншых. Заўважым, што цытаваны тэкст Каліноўскага прызнаны хрэстаматыйным і ўключаны ў навучальныя дапаможнікі. Праблема ж у тым, што адносіны да ўсяго ўласна беларускага з часоў Каліноўскага амаль не зьмяніліся. Пра што лішні раз сьведчыць і ліст Т.Судзілоўскай.

Не пра Расею тут гаворка, а пра сваё. Чытачка «Нашай Нівы» зьвяртае ўвагу на пастаянныя зьнявагі яе як беларускамоўнай жыхаркі Беларусі. Дзеля гэтага яна выкарыстоўвае такі літаратурны прыём, як гіпэрбалізацыя, што дазваляе ёй перадаць сваё адчайнае становішча адэкватна. Адна жанчына супраць цэлае дзяржаўнае махіны ня здольная спыніць русіфікацыю, выцясьненьне беларускай мовы са штодзённага ўжытку, фактычную дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзян, урэшце, яна ня здольная цярпець уласнага штодзённага прыніжэньня. Простыя звароты ў інстанцыі не даюць ніякага выніку.

Называць жа выступ у абарону роднай культуры распальваньнем нацыянальнай нецярпімасьці і розьні, ня толькі дзіўна, ня толькі процізаконна, але й амаральна.

Тут мы маем справу не зь юрыдычнай, а менавіта з маральнай праблемай. Калі чалавек, даведзены да адчаю, крычыць пра сваё тупіковае становішча, наш усіхны чалавечы маральны абавязак прынамсі выслухаць яго, зразумець ягоны боль. Гэтак кожны з нас мусіць паводзіць сябе па-людзку. Калі ж чалавек зьвяртаецца ў рэдакцыю газэты, дык рэдакцыі пад сілу ня толькі выслухаць і зразумець, але й данесьці гэты чалавечы крык да іншых, найперш да дзяржаўных органаў, якім пад сілу аказаць чалавеку рэальную дапамогу, зьмяніць тую нездаровую сытуацыю ў грамадзтве, якая давяла чалавека да адчаю. Але што адбываецца ў нашым выпадку?

Рэдакцыя публікуе ліст, прызнаючы, што праблема, паднятая ў ім сапраўды вартая ўвагі і грамадзтва, і дзяржаўных органаў, а дзяржаўны орган, замест таго, каб прынамсі зьвярнуць увагу на гэтую праблему, пагражае газэце закрыцьцём. Гэта як бы нехта патрапіў у бяду і крычаў паратунку, а вы, надзеленыя паўнамоцтвамі яму дапамагчы, ня толькі прайшлі міма, але яшчэ й прыгразілі: будзеш крычаць — пакараю!

«Наша Ніва» заўсёды дэкляравала аднолькавае стаўленьне да ўсіх народаў і культур, а таксама — аб’ектыўны падыход у асьвятленьні міжнацыянальных зносінаў. Рэдакцыя публікавала і будзе публікаваць лісты сваіх чытачоў, калі думка або настрой, выказаныя ў гэтым лісьце, сапраўды маюць месца ў нашым грамадзкім жыцьці, нават калі рэдакцыя такую думку або настрой не падзяляе. На наша меркаваньне, гэта і ёсьць прынцып аб’ектыўнага асьвятленьня. Удумлівы чытач заўсёды мае магчымасьць сфармуляваць сваю ўласную пазыцыю. Абсалютную каштоўнасьць для «Нашай Нівы» ўяўляе любы народ і любая культура сьвету. Нездарма у газэце публікуецца вялікае мноства матэрыялаў, якія раскрываюць спэцыфіку і культуру розных народаў, у тым ліку і расейцаў. Пазнаючы іншых, мы шмат даведваемся пра сябе саміх.

Такая пазыцыя газэты і стала прычынай гэтага судовага канфлікту. Дзяржаўны камітэт па друку як выразьнік ідэалёгіі цяперашняга кіраўніцтва РБ, выносячы «Нашай Ніве» папярэджаньне, сам трапляе ў пастку неаб’ектыўнасьці і тэндэнцыйнасьці. Як вядома, менавіта расейцаў сёньняшняя ідэалёгія кіраўніцтва РБ абрала за сваю «сьвятарную карову», вылучаючы іх сярод іншых народаў і культур. Для ілюстрацыі варта згадаць нядаўні судовы працэс, у якім габрэйская грамада патрабавала забараніць кнігу з заклікам «Бей жидов, спасай Россию» і гэты працэс прайграла, бо названы заклік прызнаны судом як «навуковы». Варта дапусьціць, што калі б чытачка Т.Судзілоўская ў сваім лісьце напісала «ненавіджу жыдоў», зрэшты, як і «ненавіджу палякаў», «ненавіджу літоўцаў», «ненавіджу беларусаў», тады «Наша Ніва» ня мела б ніякіх прэтэнзіяў з боку дзяржавы. Але нагадаем, што не габрэізацыя або палянізацыя, не літуанізацыя маюць месца сёньня ў Беларусі, а менавіта русіфікацыя, чым і выкліканы гэты эмацыйны ліст. Такім чынам, гаворка ідзе ні ў якім разе не пра міжнацыянальныя адносіны, а пра дыскрымінацыю беларускамоўнага чалавека ў сёньняшняй РБ.

Каб пераканацца ў гэтым, я папрасіў журналіста «Нашай Нівы» выйсьці куды-небудзь на праспэкт Скарыны ў Менску і зрабіць вулічнае апытаньне такога зьместу: «Ці лічыце вы, што тыя, хто гаворыць па-беларуску, пачуваюцца ў Беларусі — на вуліцы і ў краме — горш за іншых». Прызнаюся, якіх заўгодна чакаў адказаў, толькі не такога: «А у нас ніхто па-беларускі не разгаварывает!» Няма, значыць, праблемы. Няма таго, пра што піша чытачка Судзілоўская і, дарэчы, яшчэ дзясяткі чытачоў, якія штодня сутыкаюцца са зьнявагай і абразамі толькі з-за таго, што насьмеліліся ў грамадзкім месцы зьвярнуцца да некага па-беларуску.

Я наўмысна зрабіў у тым вулічным апытаньні менавіта маральны, а ня моўны акцэнт. «Чалавеку горш, чым астатнім» — вось пра што было тое пытаньне. Але якраз гэта — чыясьці бяда ці праблема — засталося незаўважаным. Чаму? Таму што дэмагагічная манера гаварыць пра вонкавае, пра абалонкі і ніякім чынам не дакранацца сутнасьці, стала ўласьцівая цяпер шмат каму ў Беларусі. Празь дзяржаўныя сродкі масавае інфармацыі яе штодня, іншы раз па некалькі гадзін запар, прапагандуе галоўны «настаўнік» беларускага народу.

А вынік усяго гэтага несуцешны. Чалавек крычыць пра сваё адчайнае становішча, а тыя, што праходзяць міма, альбо не заўважаюць, альбо імкнуцца ўрэзаць яму добранька, каб не крычаў. Такая рэакцыя напрасткі вяртае нас да практыкі і бытавых дачыненьняў колішняе нацысцкае імпэрыі. Тады таксама ніхто ня мог западозрыць у сабе «некультурнага» чалавека, нават калі пінаў таго, хто прасіў аб ратунку.

Адчай іншых мусіць цьверазіць, а не ап’яняць.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру