Доўгае гуканьне вясны
У Беларусі каторы год чакаюць Вясны. Абрыдлая духоўная зіміца зацягнулася. Палякі й літоўцы перасталі ўжо заўважаць атрыманую свабоду, бо прывычныя да яе, расейцы канчаткова ўпэўніліся, што яе не існуе. Недалужныя ж беларусы дагэтуль гукаюць яе, майструючы папяровыя птушачкі сваіх мрояў пра сьветлую будучыню.
Вясны чакалі ў канцы лютага 89-га. Яе чакалі ў 91-м, калі красавіцкі бунт работнікаў меўся перарасьці з кілбаснага ў народны ды паперці з крэслаў камунякаў. Яе чакалі ўвесну 94-га, калі нацыяналістычная хеўра ўжо рабіла запасы адмысловых, эксклюзыўных і проста ўлюбленых сьпірытусовых напояў, каб спажыць іх, сьвяткуючы будучую перамогу нашага Зені на выбарах.
А Яна ўсё не прыходзіць. Даўно мінуўся п’яны травень 95-га. Пілі ад расчараваньня і злосьці на ўвесь гэты дурны народ. Вясна 96-га? Ня толькі праваабаронцы з аднайменнай арганізацыі памятаюць той уздым. Студэнцкая моладзь бязбоязна торгала А.Г. за вусы ў перапынках паміж півам на Тройцы і Панікоўцы. Можна ўспомніць незразумелы, каструбаваты 97-ы, калі разам з крывёй з расьсечаных галоваў сплывала і надзея на перамены на лепшае.
Вясна 99-га ўразіла вясёлым нахабствам апазыцыі, якая нарэшце наважылася выбарамі паставіць свае ўмовы рэжыму. Але з таго нахабства другога шчасьця не атрымалася. Усё скончылася хамствам бязглузда змахляваных вынікаў.
Цяперашняя вясна не абяцае павароту на лепшае. Апазыцыя правяла чарговы веснавы наступ на ўлады, падобны да пазыцыйнага наступу ў зацяжной вайне. Калі 20 мэтраў ужо велькі посьпех. Праўда, наступны дзень вяртае лінію фронту на ранейшыя межы. Галоўным дасягненьнем у рэляцыях зь месца ідэалягічных баёў стаецца пры такой тактыцы сьпіс ахвяраў. Іх вялікая колькасьць пішацца на рахунак як чарговая маральная перамога над рэжымам.
У беларускіх палітыках, якія дагэтуль застаюцца ў глыбіні свае душы нефармаламі, жыве яшчэ іх юнацкае захапленьне імпрэзамі. З часоў легендарнай Майстроўні імпрэза для іх самакаштоўная. Сэзонныя гуканьні, купалаваньні, калядаваньні — гэта іх жыцьцё. Як той п’янтос чакае дня Парыскай камуны, каб выпіць, так гэтыя беларускія нефармалы чакаюць нагоды сустрэць вясну або ўспамянуць дзядоў. Мо ім няўцям, што каляндар людзі ўстанавілі не для размаітых нагодаў. Час расьпісалі ў календары, каб не забыцца за штодзённым клопатам пра неабходныя рэчы. Ён, як вузел на памяць. І ня больш.
Ня трэба ляпіць зь сябе трудзяшчыхся, якія дастойна ўстрэцілі празьнік первага мая. У царкоўным календары шмат сьвятаў. Але скажэце каму, што каталікі, напрыклад, дастойна ўстрэцілі Раство. А нашу беларускую Вясну розныя палітычныя фахоўцы мкнуцца кажан раз дастойна ўстрэціць. Палітычная праца ня мусіць спыняцца 26 красавіка, яна мае быць штодзённая.
Не пра тактыку тут ідзецца. Ход пра нутро душы. Аб працавітасьці: палякі прыйшлі да волі молячыся, балтыйскія народы — сьпяваючы. Баскі дагэтуль страляюць, але пэўна ніколі не дамогуцца свае дзяржавы. Беларускія ж палітыкі нібы рыхтуюць утраньнік, прысьвечаны сустрэчы нашай волі. Ці добра разумеюць яны беларускую душу? Ці беларускім духам жывуць, ці толькі ўмеюць пераймаць суседзяў?
Дзяды гукалі вясну, не падладжваючыся пад надвор’е. Вухканьне дзевак, што заклікалі вясну, неслася над паплавамі не тады, калі надвор’е спрыяла, і не таму, што было прызначана. Ім проста абрыдала зіміца, яны хацелі вясны. А калі праглі, дык і атрымлівалі.
Хто гукае, таго пачуюць.
Аўген Усошын