15.05.2000 / 13:00

Віталь Станішэўскі. Конанаў — партызан ці дывэрсант?

№ 19 (176), 10 — 15 траўня 2000 г.


 

лісты ў рэдакцыю

Конанаў — партызан ці дывэрсант?

 

У Латвіі судзяць «партызана» Конанава, які пад час другой сусьветнай вайны забіў мірных латышоў, бо тыя, маўляў, супрацоўнічалі з фашыстамі.

Чаму расейцаў абурае гэты суд? У іх такая лёгіка: Конанаў змагаўся з фашыстамі, значыць, ён быў патрыётам, а патрыётам усё даруецца. Натуральна, расейцам і няўцям, што гэта яны самі, а не латышы, лічылі і лічаць Радзімай СССР. Латышы лічылі Радзімай Латвію, а СССР для іх быў акупантам пасьля анэксіі 1939 г.

Дый наагул давайце ўдакладнім панятак «партызан». Партызан — гэта мясцовы жыхар, які сыходзіць у падпольле, каб змагацца з акупантамі. Партызан — прадстаўнік мясцовых людзей. А хто такі Конанаў? Латыш? Мясцовы чалавек? Адкуль ён «сышоў у лясы»? Дый ці былі наагул латыскія партызаны? Нешта я ня чуў. Мабыць, у латышоў проста не было патрэбы ваяваць зь немцамі. Тым больш, што немцы самі давалі ім зброю. А тут зьяўляецца нейкі вайсковец з-за межаў Латвіі і хоча «вызваляць» латышоў, калі яны самі гэтага ня хочуць.

Яшчэ да ўварваньня Нямеччыны ў СССР рыхтаваліся дывэрсанты для таго, каб дзейнічаць у новазахопленых Саюзам землях, у тым ліку ў Нямеччыне, зь якой Сталін так стараўся займець агульную мяжу. Пра гэта ўсё добра гаворыцца ў «Ледаколе» Суворава. І там жа напісана, што пасьля таго, як Гітлер апярэдзіў Сталіна, дывэрсантам давялося перакваліфікавацца ў «партызаны». Спачатку яны былі толькі з мэтраполіі, а потым, правакуючы немцаў на расправы, заганялі ў лясы і мясцовых людзей.

І вось такія псэўдапартызаны з расейскімі прозьвішчамі заўжды зьяўляюцца «групай падтрымкі» савецкіх імпэрыялістаў ва ўсіх краінах былога саўка. Гэтыя людзі ня могуць лічыцца партызанамі яшчэ й таму, што партызанскі рух не арганізоўваецца зьверху, і ў яго не набіраюць ваенкаматы.

Няма сумневу і ў тым, што гэтыя дывэрсанты заўжды трымаліся лініі партыі, трымаюцца і зараз і, згодна з партыйнай дысцыплінай, славяць канкрэтных адных і ганьбяць канкрэтных другіх. І калі мы чуем па БТ нейкага дзядулю-вэтэрана, дык трэба ўпэўніцца, ці голас гэта простага чалавека, які змагаўся за родную хату і сям’ю. А такія сапраўды ёсьць...

Віталь Станішэўскі, Менск


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру