Зусім не «ўсенародная» падтрымка

5 гадоў таму адбыўся рэфэрэндум супраць мовы, герба і сьцяга

 

У нядаўні Сусьветны дзень Галакосту пад мэмарыяльнай табліцай былога віленскага гета зьявілася тлустая чырвоная свастыка. Убачыўшы яе, я падумаў, што адносіны да гэткай акцыі могуць быць палярныя: антысэміт ухваліць невядомых графітыстаў: «молодцы ребята», праведнік абурыцца актам вандалізму. Мая асабістая рэакцыя выйшла ні першая, ні другая. Я падумаў так: добра, што нехта намаляваў гэтую свастыку, каб усе ведалі, што і сёньня ходзяць побач з намі па вуліцы тыя, хто здольны раптам ператварыцца ў ката, страляць, душыць, паліць невінаватых людзей. Самае страшнае ў гэтай справе — страта пільнасьці, калі пачынаеш думаць, што зло пераможанае, і вакол цябе ходзяць толькі мілыя людзі. Баюся, што ў Нямеччыне з прыходам Гітлера да ўлады адбылося менавіта такое — страцілі пільнасьць.

Улада задае тон грамадзкіх дачыненьняў і вызваляе ў людзях або добрыя якасьці, або дрэнныя. Рэфэрэндумы ў нашай сытуацыі ня сьведчаць ні пра які выбар, а толькі пра тое, якія якасьці вызваляюцца. Бо пры той аднаполюснай сыстэме ўлады, якая ёсьць у Беларусі, народ на рэфэрэндумах заўсёды галасуе так, як хоча кіраўнік. Гэта дзе-небудзь у Штатах, дзе ёсьць два полюсы — дзьве магутныя партыі, або ў Літве, дзе сёньня грамадзкая вага правых і левых прыблізна аднолькавая, — там непазьбежны выбар, і вынік рэфэрэндуму прадбачыць цяжка. У нас жа народ імкнецца патрапіць у інтанацыю кіраўніка, нават не задумваючыся над сэнсам таго, што ён гаворыць. Праўдзівы трыюмф дадаізму. Пра што лішні раз сьведчыць рашучая адмова беларускага народу ведаць, куды ідуць грошы зь бюджэту краіны (на рэфэрэндуме 96-га). Зразумела, што людзі не ідыёты, каб галасаваць за такое. Яны толькі імкнуцца патрапіць у тон свайму прэзыдэнту, а ён удала маніпулюе іхнай воляй. Тое самае адбылося і з мовай, і з гербам, і са сьцягам. Было б неразумна папракаць народ у тым, што ён апынуўся ў безвыходнай сытуацыі — бяз выбару. Іншая рэч: надта небясьпечна выглядае сёньняшняя палітычная сыстэма ў краіне, калі абсалютная ўлада і ўсе мэханізмы маніпуляцыі сканцэнтраваныя ў руках аднаго чалавека.

За апошнія пяць гадоў шмат чаго зьмянілася ў грамадзкіх дачыненьнях у Беларусі. Улада сапраўды зрабіла акцэнт на зьнешнія фактары — на форму, улада распрапагандавала колішнія швондэраўскія пралетарскія погляды і падыходы, дзе такія рэчы, як культура, адукаванасьць, прыстойнасьць стаяць на самым апошнім месцы. Але ўрэшце ня ўсё наагул у нашым жыцьці вызначае толькі яна — улада. Ёсьць яшчэ прырода — незалежнае сонца над галавою, спрадвечная людзкая сутнасьць, душа, зь якой ня так проста выкарчаваць тую прыстойнасьць, калі яна там ёсьць. І вось праблемы палітыкі, нацыянальных дачыненьняў, мовы, насуперак культу фармальных дачыненьняў, сталі ператварацца ў маральныя, набываць выразнае маральнае адценьне. І ў гутарцы дзьвюх цётак, якія сышліся ў сварцы з-за таго, што адна зь іх гаворыць па-беларуску, стала больш чалавечага псыхалягізму, а не фармальных зачэпак. А на судовым працэсе «Нашае Нівы» будзе разглядацца ня столькі юрыдычная адпаведнасьць, колькі гатовасьць дзяржаўнага чынавенства спагадаць грамадзяніну ўласнае краіны, які церпіць зьнявагу ў выніку дзяржаўнае палітыкі і не за правіны, а толькі за тое, што ён такі, беларускамоўны, ёсьць.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0