15.05.2000 / 13:00

Сяргей Харэўскі. Пахла бэзам

№ 19 (176), 10 — 15 траўня 2000 г.


 

Сяргей ХАРЭЎСКІ

Пахла бэзам

 

Пасьля цёплае зьлівы пахла бэзам. Пяшчотна-мярцьвяны, сьвежы ягоны пах наводзіў на думкі пра нешта інфэрнальнае. Я добра памятаю той дзень, дакладней, ноч... Менавіта ўначы, на самым досьвітку сталі вядомыя вынікі гэтай дзіўнай падзеі. А нараніцу ўжо пра іх ведалі ўсе.

У той дзень былі заплянаваныя, апроч рэфэрэндуму, і выбары ў гэтак званыя мясцовыя саветы. Здарылася так, што я быў кандыдатам у дэпутаты Менскага гарадзкога савету. Таму мая прысутнасьць на выбарчым участку й за ягонымі кулісамі была цалкам законнаю. Паколькі я быў вылучаны ад БНФ, дык са мною была цэлая кампанія бээнэфаўцаў, якія раўніва й пільна сачылі за кожным крокам выбарчае камісіі. Мы сабраліся зусім рана, ці не а 6-й гадзіне, ды паблажліва назіралі за самымі актыўнымі выбарцамі — пэнсіянэрамі, якія першымі прыйшлі выявіць сваю волю. Адным з маіх супернікаў на дэпутацкае месца быў старшыня кампартыі, сп.Новікаў. Таму значная колькасьць назіральнікаў была зь ягонага лягеру. Ледзь не адразу паміж нашай моладзьдзю з БНФ і пэнсіянэрамі-камуністамі паўстала сьцяна адчужэньня. Праз сілу паціснуўшы адзін аднаму рукі, мы больш ні пра што не гаварылі зь імі. Тады гэта здавалася марным.

У 54-й менскай школе, дзе адбывалася галасаваньне, нават на шкле дзьвярэй тады былі выявы Пагоні. Вялікі каляровы герб вісеў і ў вэстыбюлі. На сьценах — навюткія наглядныя пляншэты з цытатамі беларускіх клясыкаў. Усё было так, як і мусіла быць. Хораша, чыста, усё па-свойму. Ніякавата было ад думкі, што ўсё гэта камусьці замінае. І ня верылася што ўсё гэта неўзабаве адправяць на сьметнік. Дырэктар школы, чароўны разумны чалавек, толькі паціскаў плячыма. Маўляў, сьцяг і герб ён яшчэ не зразумеў, а вось жа мову чапаць, бадай, ня варта. Ён увесь час ліхаманкава паліў.

На ўваходзе віселі агіткі да рэфэрэндуму. Нягеглыя, няякаснай паліграфіі. Дарэчы, узор «новага» гербу быў без чырвонай зоркі. І на сьцягу не было зоркі ў навершы. Але тыя, хто йшоў прагаласаваць супраць беларушчыны, нават не ўглядаўся ў тыя эскізы, ня ўчытваўся ў пытаньні. Яны інтуітыўна ведалі, што выкрэсьліць. І крэсьлілі, крэсьлілі... Людзей было безьліч. Несупынная плынь розных узростаў і ростаў. Ад пільнага ўзіраньня ў іхныя твары мне станавілася млосна. Пад час галасаваньняў агітацыя забароненая, а як хацелася пераканаць людзей яшчэ раз, апошні раз...

Халерна пахла бэзам. Ён быў недарэчы сярод нашых жывых пачуцьцяў. Мы то супакойвалі сябе, што нат рэфэрэндум нічога ня значыць, што ёсьць Канстытуцыя, Вярхоўны Савет урэшце... Пасьля, падслухоўваючы гаворкі людзей, цытавалі адзін аднаму тое, што хацелі чуць. Падкрэсьлівалі, што ніякае агітацыі супраць рэфэрэндуму не было, а таму...

Па абедзе наш аптымізм пачаў згасаць. Людзі, што йшлі ды ішлі былі смурныя, касавурыліся на беларускую гаворку. Мы пачалі ня тое што разумець, а прымаць людзей гэткімі, якімі яны ёсьць. Нашая купка стала зусім малой на іхным тле. Але мы пачуваліся яшчэ нішто сабе.

Нарэшце, як зусім сьцямнела, пачаўся падлік. Міліцыя выправадзіла пакрысе проста цікаўных. Дзьверы замкнулі. На даўжэзны кумач, што ўхінаў пастаўленыя ўстык школьныя сталы, пасыпаліся бюлетэні. Напруга была неверагодная. Мяне кідала то ў холад, то я задыхаўся ад сьпёкі. «За» — сюды, «супраць» — сюды. Стосы расьлі хутка. Усьлед іх пачалі яшчэ раз раскладаць, удакладняць. Усё. Скончылі. Нібы скончыўся суд і абвесьцілі вырок.

Палагаднелыя камуністы запрапанавалі яшчэ выпіць. У іх інтанацыях зьявілася нават спачуваньне. На вуліцы аціхаў дождж. «Поздравляем! Вы прошлі на второй тур», — ці то пачуў, ці то здагадаўся я. За мяне не галасавалі. Проста рабілі выбар на карысьць БНФ. Гэта былі акурат тыя, хто быў супраць рэфэрэндуму. Іх была чвэрць. Але ні яны, ні я ўжо нічога не маглі зьмяніць.

Я выйшаў на ганак. З-за чыгункі на Ўсходзе пачынала віднець. Вільгаць зацягнула вочы. Мо з-за апошніх кропляў дажджу. А мо з-за водару бэзу. Гэткага чыстага мярцьвянага водару. Нібы на могілках.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру