15.05.2000 / 13:00

Алег Трусаў. Беларускі рэфэрэндум — Пірава перамога мясцовай намэнклятуры

№ 19 (176), 10 — 15 траўня 2000 г.


 

Беларускі рэфэрэндум — Пірава перамога мясцовай намэнклятуры

Артыкул, пачаты ў 1995-м і скончаны ў 2000-м

 

Спробы рабіць масавае апытаньне насельніцтва маюць вельмі даўнюю традыцыю. Іх вытокі ў Беларусі сягаюць у часы Полацкага веча, калі грамадзяне гораду на сваіх сходах вырашалі найбольш важныя пытаньні, у тым ліку запрашалі альбо адпраўлялі ў адстаўку сваіх князёў. Мы ня ведаем «парлямэнцкіх працэдур» працы Полацкага веча, аднак гісторыя сьведчыць, што наўгародцы на сваім вечы часам вырашалі свае спрэчкі крыкам і лямантам. Чые прыхільнікі грамчэй крыкнуць, той і перамог.

Рэфэрэндум, які пяць гадоў таму адбыўся ў Беларусі, чымсьці нагадваў наўгародзкую традыцыю: у СМІ, і асабліва на тэлебачаньні, панавала думка А.Лукашэнкі і яго каманды.

Асаблівую папулярнасьць сярод прыхільнікаў прэзыдэнцкай ідэі набыў сумнавядомы фільм Азаронка, які паказалі нават двойчы. А вось калі Павал Шарамет у сваім «Праспэкце» захацеў даць слова гісторыку ў абарону дзяржаўнай сымболікі, гэты сюжэт выкінулі, неўзабаве зьнікла і сама тэлеперадача.

Закон аб рэфэрэндуме, прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі пад націскам апазыцыі, забараняў выносіць на рэфэрэндум пытаньні, якія парушаюць «дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы».

Аб гэтым дакладна сказаў у сваім выступе 23 сакавіка 1995 г. на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі пад час абмеркаваньня рэфэрэндуму тагачасны старшыня Камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў. Ён даў заключэньне, што пытаньні, зьвязаныя зь дзьвюхмоўем і магчымасьцю роспуску ВС з ініцыятывы Прэзыдэнта, ня могуць выносіцца на рэфэрэндум, бо гэта забараняецца дзейным заканадаўствам і гэта ж вынікае з артыкулу 148 дзейнай Канстытуцыі.

Пытаньне, зьвязанае з новай дзяржаўнай сымболікай, не было сфармулявана ў выглядзе абавязковай нормы права і магло, на думку Булахава, мець толькі кансультацыйны характар.

Трэцяе пытаньне — пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй — утрымлівала адзнаку дзеяньняў службовай асобы (Прэзыдэнта) і таксама не магло быць нормай права, што неабходна ў выпадку абавязковага рэфэрэндуму. Таму яно таксама можа быць толькі кансультацыйным.

Пасьля таго, як выступ Булахава быў раскрытыкаваны Прэзыдэнтам і яго прыхільнікамі ў ВС, Дз.Булахаў сказаў: «Самыя добрыя мэты нельга дасягаць спосабамі, якія сумнеўныя з пункту гледжаньня права. Ніводная мэта ў такой сытуацыі ня будзе дасягнутая. Той, хто пасеяў вецер, пажне ў выніку навальніцу».

Далей падзеі разгортваліся наступным чынам.

Пасьля доўгага абмеркаваньня 10 красавіка 1995 г. пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндуму, зь перавагай толькі ў 7 галасоў, пасьля пайменнага галасаваньня, было прынятае за аснову. Назаўтра, раніцай 11 красавіка, дэпутаты парлямэнцкай апазыцыі БНФ у знак пратэсту супраць антызаконнасьці абвясьцілі галадоўку і далей у абмеркаваньні і галасаваньнях удзелу ня бралі. Ніл Гілевіч заклікаў дэпутатаў усімі сьвятымі не галасаваць за пытаньне, зьвязанае са статусам беларускае мовы. Генадзь Карпенка заклікаў сумленных дэпутатаў ня ўдзельнічаць у гэтай ганьбе і пакінуць залю паседжаньняў.

 

Першым галасавалася пытаньне, зьвязанае зь лёсам беларускае мовы. Зарэгістравалася 238 дэпутатаў. «За» прагаласавалі (пры кворуме для прыняцьця рашэньня 152) толькі 124 дэпутаты, і пытаньне з трэскам правалілася.

 

Другім галасавалі пытаньне па сымболіцы. «За» прагаласавала пайменна 150 чалавек, але двух галасоў забракла, і пытаньне таксама не прайшло.

Пасьля гэтага Лукашэнка заявіў, зьвяртаючыся да ВС, што «далейшае Вашае галасаваньне ніякага сэнсу ня мае, бо Вы разбурылі цэлы комплекс пытаньняў, якія я ўнёс на галасаваньне».

 

За трэцяе пытаньне — пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй — прагаласавала 180 дэпутатаў, і яно прайшло.

 

Чацьвертае пытаньне набрала толькі 86 галасоў.

12 красавіка ў 3 гадзіны і 30 хвілін дэпутаты апазыцыі былі зьбітыя і гвалтам выкінутыя з залі парлямэнту вялікай групай бандытаў у чорных масках і са зброяй у руках. Пасьля гэтага дэмакратыя ў Беларусі спыніла сваё існаваньне, і далей ішоў ужо заканадаўчы фарс.

Большасьць дэпутатаў сабралася ў залю ВС 12 красавіка толькі а 12-й. Бо раней іх проста не пускалі ў пакой людзі Прэзыдэнта. Разгублены Мечыслаў Грыб спрабаваў весьці паседжаньне, як быццам бы ўначы нічога страшнага не адбылося. Аднак знайшоўся мужны дэпутат, былы афіцэр міліцыі Ігар Пырх, які ўпершыню паставіў пытаньне аб імпічмэнце Прызыдэнта за ягоныя дзеяньні. Пасьля гэтага М.Грыб аб’явіў перапынак і пабег раіцца да Прэзыдэнта.

Пасьля перамоваў усе 4 пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум, былі зацьверджаныя. Аднак і тут атрымалася чарговае грубае парушэньне Закону. У працэсе абмеркаваньня Прэзыдэнт распаўсюдзіў у ВС каляровыя выявы новага сьцяга і герба Беларусі. Пры гэтым 23 сакавіка ў парлямэнце ён распавядаў, што над новай сымболікай доўгі час працавалі юрысты і геральдысты, што праекты вельмі дасканалыя, «адзінае, што вось гэтая верхняя частка, дзе была зорка на гэтым гербе, каласы будуць крышачку бліжэй ссунуты, каб не было такой вялікай плямы. Усё. Адзіная магчымая папраўка ў сувязі з гэтым».

Але калі выбарцы 14 траўня прыйшлі галасаваць, яны ўбачылі зусім іншы новы сьцяг і новы герб – сьцяг ужо стаў з зорачкай у навершшы, а герб з зорачкай зьверху і абрысамі Беларусі на фоне зямной кулі. Такім чынам, толькі гэтыя парушэньні дазваляюць не прызнаваць вынікі рэфэрэндуму.

Змаганьне зь дзяржаўнай сымболікай узору 1991 году пачалося яшчэ пад час правядзеньня агітацыі за рэфэрэндум. У якасьці прыкладу можна прывесьці ананімную ўлётку, надрукаваную шматтысячным накладам і разьвезеную на выбарчыя ўчасткі, у якой дзяржаўная сымболіка Беларусі называлася «позорной». Прычым у Віцебскай вобласьці яе раздавалі выбарцам нават у дзень галасаваньня.

Тым ня менш, большасьць жыхароў Беларусі адмовілася ад зьмены спрадвечных нацыянальных сымбаляў беларускага народу і за прапанову Прэзыдэнта прагаласавала толькі 3.622.851 чалавек, што складае менш паловы ўсіх выбарцаў, унесеных у сьпісы для галасаваьня. «Новую» сымболіку не падтрымала 59,3%. За беларускую мову як дзяржаўную выказаліся 52,5% дарослага насельніцтва Беларусі.

Значна лепшая сытуацыя была ў Менску, дзе магчымасьць падтасоўкі вынікаў рэфэрэндуму была меншая, чым на вёсцы. Я прапаную азнаёміцца паважаным чытачам з вынікамі галасаваньня ў Менску. Гэтыя зьвесткі друкуюцца ў поўным выглядзе ўпершыню.

Улады і зараз добра разумеюць штучнасьць сваёй сымболікі. Іх герб ужо даўно зьнік з паштовых марак Беларусі, а на грашовых купюрах так і не зьявіўся. І гэта не выпадкова. Народ не зьмірыўся з навязанай яму сымболікай. Ужо 27 ліпеня 1995 году на Дзень незалежнасьці Беларусі ў горадзе Лёзна на Віцебшчыне легендарны Мірон узьняў на 40-мэтровым коміне райбыткамбінату бел-чырвона-белы сьцяг і пакінуў побач зь ім запіску: «Вярніце народу гістарычную памяць».

І яна неўзабаве вернецца. Апошні 40-тысячны Чарнобыльскі Шлях, аздоблены нацыянальнай сымболікай, добрае таму пацьверджаньне.

Алег Трусаў, старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны, старшыня Камісіі па забесьпячэньні адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру