Ліцэіст — гэта дыягназ
Колькі слоў праўды пра амаль культавую навучальную ўстанову ў водгук на гутарку з Ул.Коласам і рэклямку набору ў ліцэй
Дзясяты год працуе ў Менску ліцэй, шырокім колам вядомы як Беларускі гуманітарны. Хоць на шыльдзе, якая з год таму была прымацаваная над уваходам, але не затрымалася так доўга і была «злачынна» сарваная (бо мела на сабе, апроч назвы, яшчэ й «дзяржаўны» герб), значылася: «Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа».
Азначэньне ж «беларускі» можна патлумачыць як сутнасьцю самой установы, так і былой яе назваю — Ліцэй Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, замененай на згаданую вышэй у 1998 годзе, пасьля таго як два гады запар у час летніх вакацый ліцэісты змагаліся за ліцэй. Ліцэю не зачынілі, але ўсё ж падпарадкавалі дзяржаве.
Зрэшты, як ні зьмяняй назву, зьмест застаецца тым самым і залежыць ад зусім іншых фактараў. І, па-першае, ад тых, хто ідзе ў ліцэй. Хто ідзе вучыцца. Дык вось, ідуць у ліцэй не малыя дзеткі, якіх яшчэ лёгка перавяруць на свой капыл і навучыць жыць так, як правільна (на думку пэдагогаў), а падлеткі з ужо пэўным поглядам на жыцьцё і на сябе ў ім. І як ні круці, але нават самыя ўплывовыя пэдагогі карэнным чынам зьмяніць ці перавыхаваць іх ня могуць. Дый ня надта імкнуцца, але пра гэта пазьней.
Увогуле ж, мала хто з учорашніх, ды, напэўна, і сёньняшніх ліцэістаў прыйшоў у ліцэй самастойна, сьвядома абраўшы гэтую ўстанову як месца набыцьця ведаў і ідэяў на бліжэйшыя чатыры гады. Большасьць накіравалі бацькі, якія спадзяваліся, што калі не яны самі, дык хоць дзеці іхныя павучацца па-людзку і загавораць на роднай мове. Некаторыя ж прыйшлі ў ліцэй сьцяжынкаю старэйшых братоў-сясьцёр ды сяброў. Гэтыя, у адрозьненьне ад першых, ужо больш-менш ведалі, куды і на што ідуць. Бо з газэтных інтэрвію можна даведацца пра выдатных выкладчыкаў, цікавыя заняткі і вечарыны, а пра сапраўдныя ліцэйскія будні, штодзённыя сем-восем урокаў, незьлічоныя тэсты, залікі, кантрольныя, іспыты і, як вынік усяго, стрэсы, нэўрозы і гастрыты — толькі ад тых, хто праз гэта прайшоў.
Хоць мне здаецца, што сёньня ў ліцэі вучыцца прасьцей і лягчэй, чым чатыры гады таму (калі я была першакурсьніцай). Проста сёньняшнія ліцэісты гэтага ня ведаюць, ня маючы з чым параўноўваць. (Бо, калі параўноўваць са школай, ліцэй, вядома ж, пераважвае.) Мы ж пазалетась, калі ліцэй зьмяніў статус, назву, а заадно і навучальную праграму — з больш адметнай і складанай на больш простую і набліжаную да школьнай — мы гэта адчулі, бо мелі за плячыма тры гады ліцэю БГАКЦ.
Праўда, фанаты навуковага граніту і зараз могуць павывучаць дадатковую замежную мову або гісторыю ды культуру беларускай мовы, або рэлігіязнаўства. Але вось курс этнаграфіі ды фальклёру ці гісторыі мураванага дойлідзтва ім паслухаць ужо ня ўдасца.
Як мінімум, ліцэістам усё ж даводзіцца чатыры-шэсьць гадзін на тыдзень вывучаць сусьветную літаратуру, лёгіку, правазнаўства, філязофію, родную ды сусьветную гісторыі, родную, другую дзяржаўную ды адну замежную мовы, гісторыю мастацтваў і г.д. (Гл. праграму СШ.)
Ахілесава пята (ці пяты) ліцэйскага навучальнага працэсу — такія навукі, як матэматыка, фізыка ды хімія. І справа тут зусім не ў выкладчыках, а ў стаўленьні саміх ліцэістаў да гэтых навук. Мяркуйце самі: тры тройкі па гуманітарных навуках (уключна з геаграфіяй) абяцаюць сур’ёзныя праблемы ажно да адлічэньня зь ліцэю, за тройкі ж па матэматыцы, фізыцы ці хіміі ніхто не карае. Хіба што бацькі.
Шаноўныя бацькі! Не спадзявайцеся, што, аддаўшы сваіх дзетак у ліцэй, вы засьцеражэце іх ад алькагалізму, наркотыкаў ці раньняга сэксу. Тое, што ліцэісты на перапынках не паляць у прыбіральнях ці на ганку, паказальнік хутчэй дысцыпліны, а не чаго іншага. Вядома ж, здаровы лад жыцьця і маральнасьць у ліцэі прапагандуюцца. Але гэта не закрыты пансіянат, куды не пранікаюць шкодныя звычкі і норавы. Проймаў і там не бракуе. І гэта — яшчэ адна рыса падабенства з СШ. Увогуле, ліцэй разам з навучэнцамі ўвабраў у сябе працэнтаў пяцьдзясят адмоўных рысаў школы. У ліцэі пішуць на партах і ня толькі (далёка не заўсёды «Жыве Беларусь!» або «Хачу есьці!»), бегаюць у калідорах, зьядаюць чужыя бясплатныя сьняданкі, не заўсёды рыхтуюць хатняе заданьне і часам прагульваюць заняткі.
Я ўжо пісала, што ў ліцэі не перавыхоўваюць. Там імкнуцца ня даць разьвіцца дрэнным якасьцям і, наадварот, стварыць усе ўмовы для разьняволеньня і самавыяўленьня асобы. Калі ў табе схаваны паэт, у ліцэі ты пачнеш пісаць вершы, калі ж ты актор, у ліцэі для цябе шырокае поле дзейнасьці, як на вечарынах, так і на занятках.
Хутка ўжо ў ліцэі пачнецца чарговая «адборачная кампанія». З тых, хто пажадае, адбяруць тых, хто здольны і варты «ліцэістам звацца». Аднак, шаноўны будучы абітурыент, перш чым вырашыцца на гэтае выпрабаваньне, прачытай наступнае і разваж...
Ліцэіст павінен:
— быць мужным, каб на працягу чатырох гадоў штодзень пхацца і тлуміцца ў грамадзкім транспарце ў «гадзіны пік»;
— быць здольным ня толькі чытаць, але й рабіць пісьмовыя практыкаваньні ў мэтро, тралейбусе, электрычцы і да т.п., каб ашчадзіць хаця хвілінку да любімага сэрыялу, альбо назаўсёды адмовіцца ад яго;
— быць як мага больш акторам, хоць крыху паэтам, музыкам і танцорам, у ліцэі гэта неабходна, як паветра;
— палюбіць rap i rave, нават калі ты фанат NRM’у ці «Песьняроў», паколькі ліцэйскія дыскатэкі (дакладней, ды-джэі) нічога лепшага ў бліжэйшыя гады не абяцаюць;
— умець расьцягваць суткі на гадзін трыццаць, каб пасьпяваць рабіць урокі, займацца спортам ці творчасьцю, хадзіць на спатканьні і на мітынгі;
— умець знаходзіць выйсьце з самых экстрэмальных сытуацыяў...
Калі ты знайшоў у сабе гэтыя здольнасьці і сілу, можаш сьмела ісьці здаваць іспыты. Тады, калі табе пашанцуе і ты будзеш залічаны на І курс НДГЛ, табе ня будзе здавацца, што ты трапіў кудысьці «не туды». Ты папярэджаны.
У завяршэньне хачу яшчэ раз зьвяруць вашую ўвагу: ліцэіст — гэта дыягназ і, як правіла, надоўга. Пра гэта кажуць усе ліцэйскія выкладчыкі, можа, і не называючы рэчы сваімі імёнамі, а проста нагадваючы штодня: «Вы — ліцэісты» (чытай: «Вы не такія, як усе. Вы павінны адрозьнівацца ад астатніх і думкамі, і ўчынкамі).
Пасьля, па-за сьценамі alma mater, сапраўдны ліцэіст захоўвае адзнакі «іншасьці». У адукацыі, бо чытаў «Прускую вайну» і «Ўліса» (хаця б урыўкамі) і памятае сталіцы Брунэю і Мадагаскару. У лексыцы, бо паслугуецца таямнічымі кодавымі словам «асадка», «мапа», «іспыт», якіх ня ведаюць тыя, што вучылі мову ў СШ.
Так што, спадару Колас, «Ліцэй»— гэта, можа, і павінна быць «нармальна», але «ліцэіст» яшчэ доўга будзе гучаць як дыягназ. Станоўчы, дзякуй Богу.
Ліцэістка па жыцьці
Надзея Сінькевіч, Менск