Навіны

 

Латыпаў клянецца

Саюз пісьменьнікаў наладзіў у Доме літаратара сустрэчу з віцэ-прэмьерам, міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым. Паводле Латыпава, у ягоным міністэрстве няма ніводнага чалавека, які пагадзіўся б з магчымай стратай сувэрэнітэту Беларусі, ніколі не пагодзіцца на гэта й сам Лукашэнка. Міністар замежных справаў зьвярнуўся да пісьменьнікаў зь просьбай паўплываць на апазыцыю, каб тая кінула заклікаць міжнародныя арганізацыі да эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму, бо ад ізаляцыі краіны церпіць ня ўлада, а ўвесь народ. Латыпаў паабяцаў даць загад беларускім амбасадам прапагандаваць айчынную культуру за мяжой, спрыяць выданьню перакладаў нашых пісьменьнікаў, падтрымліваць беларускую дыяспару. Міністар мяркуе да канца году дасканала вывучыць беларускую мову — незалежна ад таго, ці захавае сваю пасаду.

 

З мультымэдыйным трэкам

Рок-гурт NRM выпусьціў першы ў Беларусі міні-кампакт-дыск з мультымэдыйным трэкам. Запісаны ў Польшчы CD-сынгл мае назоў «Samotnik» і папярэднічае выхаду аднайменнага звычайнага альбому. Апроч некалькіх новых песень, на міні-дыску запісаныя фотаздымкі гурту і відэакліп «Чыстая, сьветлая».

 

Паводле Віткевіча

Ажно тры вечары доўжыўся ў Палацы моладзі прэм’ерны спэктакаль «Матка» менскага Плястычнага тэатру паводле п’есы польскага драматурга зь беларускага Палесься Станіслава Віткевіча. Пастаноўшчык «Маткі», рэжысэр Усевалад Івашкевіч, стварыў тэатральны эквівалент любых нашым сучасьнікам тэлевізійных сэрыялаў. Артысты на спэктаклі былі апранутыя ў фантастычныя строі з калекцыі фэстывалю авангардовай моды «Мамант».

 

Сувэнірныя кнігі

Выдавецтва «Беллітфонд» распачало выданьне сэрыі кніг беларускіх клясыкаў з паралельным перакладам у замежныя мовы. Толькі што выйшаў зборнік 16 аўтараў (ад Ядзьвігіна Ш. да Вольгі Іпатавай) «Беларускія апавяданьні» зь перакладам у нямецкую. На працягу месяца маюць выйсьці таксама зборнікі клясычных беларускіх вершаў з паралельным перакладам у баўгарскую і румынскую мовы.

 

ARCHE i «Цмокі» ў «Саве»

У віцебскім клюбе «Сава», які месьціцца ў кінатэатры «Беларусь», прайшла дыскусія з нагоды выйсьця першага нумару аналітычна-крытычнага агляду «ARCHE-Скарына». Бралі ўдзел сябры рэдакцыі. Віцебск ураджайны на аўтараў для часопіснай рубрыкі «Кроніка», у якой друкуюцца палітвязьні: адкрывалася яна «Валадарскай балядай» віцябляніна родам П.Севярынца, пасьля ў ёй жа друкаваліся У.Плешчанка і А.Мельнікаў, чалавек аршанскі, а ў перадапошнім нумары — С.Адамовіч, ягоны дзёньнік зь сядзеньня ў Віцебскім астрозе. Падыскутаваўшы пра сумнае, патанцавалі: разам з ARCHEўцамі ў Віцебск прыехаў рок-гурт «Цмокі».

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0