15.05.2000 / 13:00

Уладзімер Крукоўскі. Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь

№ 19 (176), 10 — 15 траўня 2000 г.


 

Дзяржаўны Герб
Рэспублікі Беларусь

(апісаньне)

 

Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабою клясычную шматпрадметную кампазыцыю «ў крузе». Цэнтар кампазыцыі — тонкі графічны («драцяны») абрыс нашай рэспублікі ў промнях узыходзячага (а можа заходзячага) сонца. Ужо гэты першы і найгалаўнейшы элемэнт кампазыцыі сьведчыць аб глыбокім веданьні творцам (або творцамі) Гербу гісторыі Беларусі і тонкім адчуваньні сёньняшніх палітычных рэаліяў. Успомнім, колькі разоў у бягучым стагодзьдзі гэты крохкі, эфэмэрны абрыс то памяншаўся, то павялічваўся, то зноў сьціскаўся пад узьдзеяньнем унутраных і, галоўным чынам, вонкавых фактараў. Эфэмэрнасьць абрысу сёньня — дакладная характарыстыка нашай сёньняшняй дзяржаўнасьці. Што тычыцца сонечнага праменьня, то, як вядома, мудрая прырода сьвеціць аднолькава і дурням, і бедным, і багатым, і пакутнікам, і прайдзісьветам.

Яшчэ адзін надзвычай дакладны вобраз стварае агульны абрыс гербу ў аб’ёмным, рэльефным выкананьні (асабліва калі рэльеф пазалочаны, белы ці пафарбаваны ў адзін колер). Гэта — качан капусты, гародніны, якая вядомая ў нас спакон вякоў. Холадаўстойлівая, непераборлівая, усюды папулярная народная любіміца і карміліца. І ня толькі ў Беларусі, але і ў братніх славянскіх народаў (успомнім: «Щи да каша — пища наша»). Прысутнічае і каша. Менавіта зь зерневых культураў утворана аснова вянку, якая займае значную частку Гербу. А каша, як вядома, робіцца зь зярнятаў (ячмень — панцак, проса — пшано і г.д.). Гэты вянок, безумоўна, вяршыня аўтарскай задумы. Ён нагадвае тыя багатыя ўрачыстыя вянкі, пераплеценыя стужкамі, што ўскладаюць звычайна найвышэйшыя асобы дзяржавы ў месцах усенароднага смутку і жалобы. Такім чынам, пахавальны вянок вакол абрысу Беларусі ўзмацняе ўрачысты, суровы настрой, які ахоплівае гледача, простага грамадзяніна нашай рэспублікі пры ўважлівым разглядзе Гербу. Праўда, надпіс «Рэспубліка Беларусь» на стужках не зусім адпавядае нашай рэчаіснасьці, бо мы яшчэ жывыя. Больш дакладным і адпаведным сытуацыі, нам думаецца, быў бы тэкст: «Дарагому» (зьлева) і любімаму (справа) ад усенародна абраўшых (зьнізу)».

На самым версе Гербу — маленькая пяцікутная зорка. «Могеншломо» ці «Зорка Салямона» (у гэбрайскай традыцыі) была ўзята на ўзбраеньне масонамі сярэднявечча як адзін з папулярных сымбаляў і па сёньня ўпрыгожвае ілбы і грудзі вайскоўцаў і міліцыянтаў. Памер зоркі і месца яе разьмяшчэньня сымбалізуе, як мы мяркуем, нязначную прысутнасьць масонства на самым версе нашай дзяржаўнай гіерархіі.

У цэлым, абагульняючы вышэйзгаданае, можна сьцьвярджаць, што наш сучасны Герб як найлепей адлюстроўвае, падкрэсьлівае і сымбалізуе стан палітычнай культуры, гістарычнай адукацыі, густы і памкненьні як заказчыкаў, так і выканаўцы (выканаўцаў?) гэтага, без перабольшваньня, шэдэўру.

Уладзімер Крукоўскі


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру