Рыгор БАРАДУЛІН

Пяцігодка руйнаваньня

 

Некалі камуністыя плянавалі пяцігодкі й рапартавалі Крамлю пра іх выкананьне. Праўда, у народзе па-свойму ўспрымалі гэныя пяцігодкі. І пяялі:

Бруха гола, лапці ў клетку,
Выканаем пяцілетку.

Усё было пабудавана на рапартах, разьмерана на пяцігодкі. І цяперашнія нэо, цяперашнія ўладатрымцы ў Беларусі могуць зноў-такі, як і ў тыя, на жаль, недалёкія гады, рапартаваць Крамлю, што пяцігодка па зьнішчэньні ўсяго беларускага, усяго нацыянальнага, пасьпяхова, нават датэрмінова выканана.

Усё беларускамоўнае выцесьнена з тэлерадыё, з прэсы, са справаводзтва, аж да шыльдаў на крамах.

Кавярні ўжо называюцца па-купецку, па-расейску. Была «Хвілінка», стала «Печки-лавочки», была «Траецкая», стала «Разгуляй», была «Тарас на Парнасе», стала «Георгиевское» — усіх заменаў не пералічыш. Прывучаюць і вока й вуха беларуса забыцца на ўсё сваё, наскае, крэўнае, каб беларус не пачуваў сябе ў Беларусі як дома.

Так званае дзьвюхмоўе нагадвае паштэт па-польску, конь з курапаткай, у якім усяго пароўну, напалову — адзін конь, адна курапатка.

Пагалоўна, павальна зачыняюцца і без таго рэдкія беларускамоўныя клясы. Усё гэта іншым словам як этнагенацыд не назавеш.

Пад час рэфэрэндуму пісаў я такую дурноту:

Кот праводзіў рэфэрэндум,
Клапаціўся пра мышэй.
Мышы верылі легендам
І пішчэлі ўсё цішэй.

Пасьля рэфэрэндуму й пішчэць льга толькі па-расейску ці на трасянцы з паўночна-ўсходнім вымаўленьнем.

Пра сьцяг і казаць не даводзіцца. Падцыраваны, савецкі, некалі дазволены й зацьверджаны ў Крамлі. Хоць улада тутэйшая й спавядае панславізм, а колеры сьцягу не славянскія, я ўжо не кажу, што яны не беларускія.

Відаць, нас мала перылі,
Што цягне да імпэрыі
Пад сьцягам мусульманістым,
З палітбюро іваністым.

Гэта не сакрэт, што цяперашні герб у народзе называюць «капустай». Гэта ім замянілі сьвятую для кожнае беларускае душы «Пагоню». А мяноўна «Пагоня» й Бел-Чырвона-Белы сьцяг асьвечаныя вякамі, амытыя крывёю прашчураў нашых у барацьбе за волю, за Беларусь непадлеглую.

Мне асабіста цяперашні герб нагадвае прычоску аднаго вядомага чалавека. Такія ўжо асацыяцыі выклікае ён у мяне. Гэта не абраза, а маё ўспрыняцьце. На асацыяцыі і ўспрыняцьце пакуль яшчэ афіцыйнае забароны няма.

Штодня, пасьпешліва, па-віжоўску, нашая нацыянальная сымболіка выкарчоўваецца са сьвядомасьці. Ажно чакаеш, што неўзабаве будуць новыя ініцыятывы, па-бальшавіцку рашучыя.

Няма сумневу,
Ён даўно гатоў,
Указ чарговы,
Як заўсёды, сьмелы.
Што трэба перафарбаваць буслоў,
Бо кожны бусел
Бел-чырвона-белы.

Фарбавалі ж пры камуністых траву да прыезду партыйных паханаў...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0