пазытывы

Вяртаньне сілы

 

Падыходзіць неяк курыца да сьвіньні дый кажа:

— Давай супрацоўнічаць!

— А што рабіць будзем? — сьвіньня пытаецца.

— Як што? Тое, што ўсім патрэбна — яечню са скваркамі.

Карацей кажучы, розны бізнэс бывае. Іншым дык і хваліцца сорамна. Сорам жа, як усім вядома, упрост зьвязаны з культурай, да якой асоба належыць.

Перамога камуністаў у Расейскай імпэрыі заклала падмурак новай культуры, пабудаванай на ідэі штодзённай гатоўнасьці бараніцца ад варожага нападу і выконваць інтэрнацыянальны абавязак у любой кропцы зямной кулі, абы пралетарыяў з-пад прыгнёту вызваліць хутчэй. КВЖД, Хасан, Халхін-Гол, Карэлія, Гішпанія, Польшча… Гэта было да Вялікай вайны.

Усясьветнае процістаяньне і гонка ўзбраеньняў параднілі Край са сталёвым кулаком Чырванасьцяжнай Беларускай Вайсковай Акругі і разгалінаванай вытворчасьцю сучаснай зброі. Таму крывёй нашых лепшых ваяроў палітая зямля 20 краінаў сьвету, а ў спадчыну ад СССР засталося 58 ваенных заводаў і 24 ваенных НДІ і КБ.

Называліся яны «абаронныя». Як ня стала ад каго бараніцца ды не было на каго нападаць, попыт на іхную прадукцыю ўсё зьмяншаўся і дайшоў нарэшце з 70% ад агульнай прамысловай вытворчасьці да 10%. Але ж былі недзе людзі, што далёка глядзелі. Яны ня сталі займацца тут дурацкімі прыватызацыямі і канвэрсіямі, што выдумалі яйкагаловыя дарадцы капіталістаў.

«ВПК краіны ўдалося захаваць», — далажыў памочнік міністра прамысловасьці Беларусі ў пытаньнях працы ВПК сп.Ул.Чэкаў.

Больш за тое, ён адзначыў: «Стварэньне Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі спрыяе аднаўленьню каапэрацыі ў вытворчасьці абароннай прадукцыі». Безь вялікага шуму робяць сваю справу міждзяржаўныя фінансава-прамысловыя групы «Граніт», «Электроніка», «Абарончыя сыстэмы», ціхенька рыхтуюцца ўстаноўчыя паперы на групу «Інтэрнавігацыя».

 

Сёлета пастаўкі спэцтэхнікі ў Расею павялічацца ня менш, чым на 15%. З улікам сумеснага абароннага заказу і агульнай праграмы ўзбраеньняў гэтыя аб’ёмы ўзрастуць яшчэ болей, мяркуе ўрадавы экспэрт.

З эканамічнага гледзішча выдатна атрымліваецца. Толькі нейкія брыдкія думкі ў галаву лезуць, калі бачыш, як месяць розныя людзі ва ўсім сьвеце адзін аднаго моцнай расейскай зброяй з хітрым беларускім начыньнем. Няўжо мы гэткі народ, што мусім жыць і радавацца, як недзе ваююць? Няхай мне нехта патлумачыць, дзеля чаго гэткае трэба краіне, якая зьбіраецца сябраваць з усімі па ўсіх азымутах.

Калі ж нашыя правадыры маюць сакрэтныя зьвесткі, што нехта зьбіраецца на нас напасьці, дык няхай хутчэй раздаюць зброю ўсім мужчынам і сьпяць спакойна.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0