Лісты ў рэдакцыю

 

Я й палітыка

Памятаю, як у 88-м годзе пайшоў у першую клясу сярэдняе школы, дзе адным зь першых урокаў мела быць беларуская мова. У тыя часы я нават ня ведаў, што мусіць быць такое — Беларусь і беларуская мова, бо толькі вярнуўся зь Нямеччыны, дзе бацька адбываў вайсковую службу, на радзіму.

Калі настаўніца віталася з намі, я зь неўразуменьнем глядзеў на яе, бо ня мог усьвядоміць, чаго яна хоча. (Мусіць, спужаўся.) Навучаньне пачалося з таго, што была намалявана велічэзная ЛІТАРА «І», якую нам рэпрэзэнтавалі як «І-беларускую». Вось тады я й спытаўся: «А какіе астальные буквы в беларускам языке?» Што й казаць, настаўніца зьдзівілася, бо ёй ня ўцяміць было, што для мяне, акрамя расейскай, усе мовы здаваліся замежнымі, а, значыць, і з собскім альфабэтам.

Мова мне спадабалася, мо спрацавала генэтычная памяць. Хоць ува мне цячэ й польская, і расейская кроў, але ж асноўны адсотак складае ўласна беларуская, «ліцьвінска-яцьвяскага» разьліву.

У пачатковых клясах зацікаўленьне моваю й беларушчынай было выпадковым, здаралася час ад часу. Але значна пазьней я аднойчы штосьці шукаў у кнігарні, калі раптам на паліцы з усялякім кніжным прадуктам натрапіў на вершы Рыгора Барадуліна, танныя ў грашовым вымярэньні, але, як аказалася пазьней, — найкаштаўнейшыя ў якасна-глыбінным. Што казаць, вершы прачытаў за адзін вечар і пабачыў дасюль нябачаную Беларусь.

...На белай кашулі чырвоны пісяг
Ад злосьці падступнага меча.
Бел-чырвона-белы балючы сьцяг
Склікае на сумнае веча...

Гэта быў 1992 год. Я не цікавіўся палітыкай, але, вядома, заўважыў набыцьцё незалежнасьці і ўрачыста прыемны, рамантычны сэнс верша.

Потым быў 1993... Путч у Масковіі прымусіў задумацца.

Калі былі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, я быў у вёсцы ў дзеда з бабуляю, на вакацыях. Памятаю, як ішлі на выбарчы ўчастак, як дзед пакінуў свой голас «антыкарупцыянэру і абаронцу сялянаў» і ляснуў чарку ў кавярні, што месьцілася побач. Сьвята, вядома, ёсьць сьвята...

Потым быў славуты рэфэрэндум, у часе якога я бесклапотна гойсаў у родным Берасьці... Палітыка, як і заўсёды, была мне «па шарабане».

Але ж калі пачалі здымаць сымболіку зь дзяржустановаў, я зацікавіўся, бо абурала зьнявага нацыянальнага й закіпала пытаньне: «Ці не антыбеларускія сілы дзеюць гэтак, як шматкроць здаралася ў гісторыі?»

1999. Памятаю, як у «Рэзанансе» пасьля няміскае трагедыі зьдзекліва прарэклямавалі газэты «шпікулянтаў на людзкой крыві й адмарозкаў». Ня ведаю, як для каго, але для мяне «Навіны» патыхнулі вясною, маладосьцю й нейкай летняй рамантыкай разам. Насамрэч паветра патыхала навальніцай.

...У чэрвені я здаваў экзамэны за курс сярэдняй школы, сярод якіх і беларускую мову зь літаратурай. Гэтак здарылася, што ў дзень, калі я цягнуў білет з пытаньнямі, Васіль Быкаў сьвяткаваў народзіны. Пра яго й пашчасьціла распавядаць, балазе, урачыстасьць расповеду была забясьпечанаю...

Ня ведаю, як для каго, а для мяне мова не памерлая, яна жыцьме і гучацьме, як мае быць. Хоць я не зьнітаваны зь ёю з маленства, хоць жыву ў расейскамоўным абшары вайсковага гарадку, абразаў і кпінаў зь Беларусі ніколі не трываю, асабліва з вуснаў «тутэйшага». Калі патрэбна абараняць собскую беларушчыну, нават культура ператвараецца ў моцную палітычную сілу... Так мусіць быць і гэтак сталася.

Калі хрэстаматыйныя пісьменьнікі, песьняры й мастакі, гісторыкі й навукоўцы далучаюцца да супраціву, што ж казаць пра прыхільнікаў іхнае творчасьці!

Творчае натхненьне ў палітычным жыцьці шмат разоў мацнейшае за штодзённую скіраванасьць позіркаў на Ўсход.

Сяржук Пруднікаў, Берасьце

 

Treciaja sila u Bierasci

U miastecku zjavilisia cikavyja ulotki sa stylizavanaj svastykaj u pravym kucie. Nalapila ich arhanizacyja «Biely Front». Na rasiejskaj movie na ulotkach zmiascausia poklic: «Kali ty slavianin i patryjot svajoj ziamli, chadzi u «Biely Front».

Hetak zarhanizavalisia tutejsyja «skinheady». Toje, sto kazuc, sto jany amal usie uvajsli u sklad RNE — chlusnia, bo jany tlumacac zjaulennie carhovaha ekstremisckaha zhurtavannia u Bielarusi lozunham «White Pride!» Da apahanvannia habrejskich sviatyniau pakul nie dajslo, ale smat pracy prybylo chlopcam z «Kraju».

Cikava toje, sto smat chto, pa maich zviestkach, sa skinheadau razhladau pytannie ab uvachodzie u «Kraj», ale niaviedannie i niepavaha da bielaruskaje movy i spacuvannie rasiejskim vojskam u Cacenii, sto vypiestavana rasiejska-bielaruskim aficyjozam, uziali vierch. Kali admiezavannie ad «Kraju» zrazumielaje, to admiezavannie ad RNE adbylosia z jinsych prycynau: skiny bajacca represijau z boku uladau.

Ciapier ulasna bielaruskim radykalam supracstaic Front z rasisckaha «Bielaha Frontu» i RNE. Abstanouka napruzvajecca.

Tyler A., Bierascie

Адкрыты ліст да кіраўніцтва Менгарвыканкаму

22 красавіка 2000 году кіраўніцтва Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны накіравала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне мітынгу з мэтай агітацыі за беларускамоўную адукацыю, стварэньне Беларускага Нацыянальнага Ўнівэрсытэту, а таксама з нагоды 5-х угодкаў рэфээндуму 1995 году. У заяўцы месцам правядзеньня мітынгу мы прапанавалі пляцоўку ля Палацу культуры чыгуначнікаў. Менавіта там адбыўся апошні мітынг ТБМ летась у верасьні. Аднак кіраўніцтва Менгарвыканкаму без узгадненьня з намі прыняло рашэньне перанесьці мітынг на пляцоўку ў парку ля пл.Бангалор. У зьвязку з гэтым кіраўніцтва ТБМ лічыць немагчымым і абразьлівым для агульнабеларускай арганізацыі, якая налічвае ў сваіх шэрагах каля 6 тысячаў сяброў, ладзіць мітынг у месцы, дзе жыхары ваколіцаў звычайна выгульваюць сабак!

Заняўшы такую неканструктыўную пазыцыю, новае кіраўніцтва Менгарвыканкаму рызыкуе страціць павагу значнай часткі менчукоў.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў

 

Падстанцыя ўпала ахвяраю

Памiж сталiчнымi мiкрараёнамi Ўсход i Ўручча за могiлкамi пры шашы стаяў будынак трансфарматарнай падстанцыi. Апошнiя пяць гадоў яго палюбілi графiцiсты. Шмат што пiсалі на сьценах, але найбольш часта «Жыве Беларусь!», «Воля або сьмерць!», «Свабоду палiтвязьням!», розныя досьцiпы пра Лукашэнку. Гэтыя графiцi iснавалi звычайна да чарговай выправы Лукашэнкi ў расейскую правiнцыю — гэтай шашой ён езьдзiць у аэрапорт.

Напярэдаднi падстанцыю цалкам бялiлі. Днямi падстанцыя зьнiкла — яе зьнесьлi. Праўда, насупраць таго месца, дзе яна стаяла, ёсьць бэтонная агароджа. Летась там быў надпiс «Люблю Беларусь!» Агароджу пафарбавалi жоўтым колерам. Цiкава, колькi яна пратрывае?

Валеры Палсьцюк, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0