Сяргей Дубавец

Час дзейнічаць!

 

У мінулы чацьвер адбыўся суд рэдакцыі газэты «Нашае Нівы» супраць Дзяржаўнага камітэту па друку РБ.

Усё пачалося з таго, што ведамства Міхаіла Падгайнага вынесла газэце папярэджаньне за распальваньне міжнацыянальнае варожасьці. Нагодаю стаў апублікаваны ў «Нашай Ніве» 13 сакавіка ліст чытачкі Судзілоўскай (яна, дарэчы, была на працэсе), дзе яна эмацыйна распавядала пра адчай беларускамоўнага чалавека ў цяперашнім беларускім горадзе. Такі чалавек увесь час церпіць прыніжэньне і абразы ад суграмадзянаў і — найперш — ад органаў улады. «Ненавіджу расейцаў і зайздрошчу Чачэніі», — пісала сэрцам спадарыня Судзілоўская.

У часе судовага разьбіральніцтва акрэсьліліся дзьве супрацьлеглыя ацэнкі гэтае публікацыі. Рэдакцыя настойвала на тым, што гэта спроба абараніць СВАЁ, а судзьдзя Федарэнскі — што гэта — распальваньне нецярпімасьці да ІНШЫХ. У выніку позва рэдакцыі да Дзяржкамдруку была адхіленая. Папярэджаньне засталося ў сіле. Цяпер нам дастаткова на працягу году атрымаць яшчэ адно такое папярэджаньне, і сп.Падгайны можа ініцыяваць працэс закрыцьця «Нашай Нівы».

Па вялікім рахунку, гэта быў рацыянальны суд. Нельга пісаць у газэце: ненавіджу расейцаў. Таму і спадар Падгайны, і ягоны прадстаўнік на працэсе Антонаў, і судзьдзя Федарэнскі маюць рацыю. Гэта абсалютная рацыя. І можна было б увогуле не ўсчынаць разьбіральніцтва. Але вось у чым тут праблема. Ніколі справядлівае рашэньне ў такой справе ня будзе вынесена на карысьць беларушчыны. Беларушчына, паводле гэтай абсалютнай рацыі, загадзя асуджаная на паразу і выміраньне.

Рэч у тым, што заканадаўства патрабуе аднолькавага стаўленьня як да беларускай мовы, так і да расейскай. У нейкіх чыста лябараторных умовах суд мусіць дбаць пра роўнасьць і пра тое, каб адныя не казалі, што іх душаць другія. І суд дбае. Толькі ж мы не існуем у лябараторных умовах. Мы існуем ва ўмовах сёньня ўжо абсалютна адкрытага дзяржаўнага перасьледу ўсяго беларускага і поўнага прыярытэту ўсяго расейскага. Гаварыць у такіх умовах пра роўнасьць — значыць, непазьбежна выносіць несправядлівае рашэньне. Што судзьдзя Федарэнскі і зрабіў.

Суд адмовіўся разглядаць кантэкст, у якім існуе беларускамоўны грамадзянін краіны. Суд адбыўся не ў імя паляпшэньня грамадзкіх узаемадачыненьняў, а ў імя літары закону, з чаго вынікае, што нашае заканадаўства, зь ягонымі пасажамі пра роўнасьць, насамрэч падтрымлівае русіфікацыю і скіраванае на задушэньне ўсяго беларускага.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што пра беларушчыну ці, больш дакумэнтальна, пра беларускія нацыянальныя інтарэсы сёньня дбаюць і ў прынцыпе могуць дбаць толькі прыватныя асобы, якія дзяржаўнымі органамі разглядаюцца як непажаданыя. Зразумела, што прыдушанае за два стагодзьдзі русіфікацыі беларускае пытаньне: мова, культура, гістарычная памяць, — усё гэта мусіла б сёньня мець прыярытэт у заканадаўстве краіны. Бо гэта НАША, бо яно нікому, апроч нас, не патрэбнае, бо яно сёньня занядбанае і пастаўленае на мяжу выжываньня. Такія прыярытэты існуюць ва ўсіх цывілізаваных краінах, у тым ліку і ў былых савецкіх рэспубліках, дзе сваё, нацыянальнае, атрымала пасьля развалу СССР абсалютны заканадаўчы прыярытэт — як кампэнсацыю за савецкія часы, за гады ўціску, за русіфікатарскую палітыку Масквы. Расейскую мову і культуру выдатна захаваюць, абароняць і прымножаць самі расейцы. Але ні расейцы, ні палякі, ні хто яшчэ ў сьвеце ня будзе захоўваць, бараніць і прымнажаць беларушчыну. Апроч самых беларусаў. Вось жа сёньня гэтай справай займаецца ў нас не дзяржава, а жменька нялюбых дзяржаве людзей, якія міжволі ператвараюцца ў апазыцыю, адно толькі гаворачы па-беларуску.

Па інэрцыі мы яшчэ думаем, што варта зьмяніць уладу на сваю, беларускую, і наша меншасьць ператворыцца ў большасьць. Будуць прынятыя адпаведныя законы, у якіх прыярытэт будзе замацаваны не за расейшчынай, а за беларушчынай. Але праходзяць гады, і надзея на альтэрнатыву тае, як дым.

Трэба абавязкова патрапіць на судовы працэс «Нашай Нівы», каб адчуць сваё месца ва ўласнай краіне і праўдзівыя адносіны да цябе з боку людзей і ўлады. Не судовай галіны ўлады, а проста ўлады — адзінай цяпер у нас — прэзыдэнцкай. Судзьдзя ня скажа вам — не выпендрывайся са сваім языком, як могуць сказаць у тралейбусе або краме. Судзьдзя мусіць прымаць цябе такім, які ты ёсьць. Ён толькі перапытвае: «Скажите, значит расейцы и русские — это не одно и то же?»

Зьміцер Бартосік з гэтай нагоды зрабіў выснову, маўляў суд расплюшчыў яму вочы на тое, хто ёсьць хто: расейцы — гэта русіфікатары, расіяне — гэта жыхары Расеі, а рускія — гэта проста рускія, якія жывуць у Беларусі, гавораць па-расейску і не выяўляюць агрэсіі да беларушчыны. Мы ў гэтай клясыфікацыі — проста беларусы.

Можна з гэтым пагадзіцца, але няма адчуваньня, што мы — гаспадары краіны. Ці то ад слабасьці нашай, нешматлікасьці, неразьвітасьці. Наша апазыцыя вельмі добра пачуваецца на мітынгах, але не як альтэрнатыўная, а як маргінальная сіла. Яшчэ лепш яна пачуваецца за мяжою. Кожнага лідэра вельмі лёгка ўявіць сабе паслом Беларусі. У асяродках, дзе зьбіраюцца беларускія эмігранты і беларускія апазыцыянэры, ужо зусім не адчуваецца мяжы, якая б падзяляла першых і другіх. На судовым працэсе гэта зьведваеш яшчэ лепей. Здаецца, прамаўляеш такія рэчы, якія складаюць ісьціну што для паляка, што для амэрыканца, а ў адказ сустракаеш няўцямны позірк судзьдзі. Толькі ж паводле ўсіх фармальных прыкметаў менавіта ён тут — гаспадар. А хто тады ты? Эмігрант? Выходзіць, эмігрант, бо лягчэй знаходзіш агульную мову з замежнікамі, чым з тутэйшымі.

Але ж і яны, тутэйшыя, што жывуць у Менску са сваімі альфарадыямі, роксамі ды расейскімі тэлеканаламі, яны таксама насамрэч жывуць не ў Беларусі, а дзе-небудзь у Варонежы. У тым, што яны робяць і гавораць, няма ані кроплі клопату або цікавасьці да спэцыфікі ГЭТАЕ зямлі. Значыць, яны таксама — эмігранты. Толькі мы — эмігранты з захаду, а яны — з усходу, з Расеі. Расейцы. Мы ў іхных вачах — якія-небудзь цэрэушнікі або натаўцы, а яны ў нашых — расейцы. Мы — апазыцыя, а яны — электарат усенароднае ўлады — вялізнага корпусу чынавенства. Корпус гэты аднародны і ўвесь «заточаны» пад адзінаўладнага кіраўніка краіны. Нарэшце кіраўнік, для якога галоўны клопат — бараніць матушку Расію — таксама ня мае ніякага дачыненьня да Беларусі як такой. Ён, праўда, не эмігрант, яму паводле статусу не паложана. Ён у гэтым раскладзе — акупант.

Такая вось клясыфікацыя беларускага насельніцтва складаецца на працэсе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе краіны з зусім адпаведнаю гэтай клясыфікацыі назвай — Рэспублікі Беларусь. Паводле правілаў што беларускай, што расейскай мовы, калі слова Беларусь у гэтым выпадку не скланяецца, яго трэба браць у двукосьсе — «Беларусь». «Іменем Рэспублікі Беларусь» — абвяшчае судзьдзя, і гэтае двукосьсе гучыць у ягоным голасе на поўную моц. Тое, што не перадаецца на пісьме, аказваецца, выдатна чуваць у вымаўленьні. Хто якое хоча, той такое і ўкладае ў тое двукосьсе пачуцьцё — хто іронію, хто сарказм. Так адбываецца таму, што ўсе разумеюць, што насамрэч мы жывем у Варонежы, калі хочаце, у Варонежы нумар два.

Зусім новае пачуцьцё, зь якім даводзіцца цяпер сустракацца — асабліва сярод моладзі — гэта неўсьвядомленая крыўда на згаданую другаснасьць. Бо раўналеткі з Варонежу нумар адзін слухаюць прафэсійнае прыкольнае «Русское радио», а нашым даводзіцца спажываць сурагатныя падробкі пад яго ў выглядзе ўсялякіх радыё бі-эй. Быццам мы горшыя. Старэйшае пакаленьне апошнім часам таксама неўсьвядомлена крыўдуе, што Пуцін ня наш. Прыдумалі гэтую самую РБ! Навошта? Нібы нейкі штучны бар’ер на шляху ўспрыманьня палітычных навінаў з суседняй Расейскай Фэдэрацыі.

Масе народнай больш падабаецца адчуваць сваю далучанасьць да аўдыторыі ад Бугу да Курыл, чым усмоктваць (з тым жа, праўда, маскоўскім пранонсам) правінцыйныя падробкі беларускіх мас-мэдыя. Магчыма, спрацоўвае яшчэ савецкі стэрэатып далучэньня да вялікае, як тады казалі, общности. Між іншым, на «Русском радио» спрацоўвае іншы стэрэатып — там цяпер кажуць, што іхнае радыё слухаюць «россияне от Бреста до Владивостока». Чуеш такое, і адчуваеш, што «ўзьяднаньне» зусім блізка. Лукашэнка раз-пораз кажа, што сувэрэнітэту ён не аддасьць, але што тыя словы, калі на інфармацыйныя, палітычныя і ўсе жыцьцядзейныя беларускія каналы ўжо фактычна надзетыя штэкеры пад маскоўскія гнёзды. Нават беларускі наварускі бізнэс ужо павярнуўся галовамі адназначна на ўсход. І не стае толькі нейкае хвілі ікс, каб Атлянтыда, што паказалася была з акіянскае пучыны, зноў зьнікла ў хвалях чужароднага, чужамоўнага, чужасьветнага акіяну. Надта ж яна цяжкая, каб утрымалі яе няхай сабе і тысячы рук энтузіястаў.

Парадаксальнае тое, што і ўласна расейская культура не выклікае ў душах нашых апанэнтаў ніякіх эмоцыяў і ня мае аўтарытэту. Даводзячы рацыю чытачкі «Нашай Нівы», якая заявіла пра сваю нелюбоў да расейцаў, што было кваліфікавана як распальваньне нацыянальнае варожасьці, я згадаў фразу прафэсара Праабражэнскага з булгакаўскага раману «Сабачае сэрца», які сказаў: «Так, я не люблю пралетарыяту». Аналягічны выпадак, які, аднак, нікому ня прыйдзе ў галаву трактаваць як распальваньне варожасьці сацыяльнае. Суд гэта не кранула. Чаму? Можа справа ў тым што Булгакаў даўно памёр? Ці таму, што зноў актуальнымі робяцца адносіны да «Сабачага сэрца», якое ў пралетарскія часы было забароненым творам? Тады патэнцыяльна ліст чытачкі Судзілоўскай праз сто гадоў можа таксама трапіць у школьныя хрэстаматыі? Тады сёньня на парадку дня нас чакае — новы Гулаг?..

Прадстаўнік Дзяржкамдруку — малады юрыст Антонаў — настойвае на інтарэсах свайго ведамства. Нашыя праблемы яму проста незразумелыя. Ён са сваімі стэрыльнымі законамі выглядае ў нашых вачах марсіянінам. Але я разумею, што ў ягоных вачох праз усе гэтыя клопаты пра нікому не патрэбную родную мову і ўсе зьвязаныя з гэтым праблемы марсіянамі выглядаем мы. Мы гаворым на розных мовах, на розных частотах, на розных хвалях, у розных канцах зямлі. Нашыя довады не перасякаюцца.

Судовы працэс канстатаваў радыкальны падзел паміж насельніцтвам Беларусі на эмігрантаў-эўрапейцаў і эмігрантаў-расейцаў. Эмігранты судзіліся з эмігрантамі. Розьніца была ў тым, што мы, хто прайграў гэты працэс, адчувалі поўную маральную перавагу. Няхай у іхных вачах мы нейкія дзівакі, эмігранты, непажаданая меншасьць. Важна, каб мы самі ня ставіліся да сябе гэтак, каб не перанялі іхны погляд на сябе як на ізгояў, што марна спрабуюць адрадзіць даўно памерлыя атрыбуты сканалае нацыі. Эмігранты з Варонежу нумар два не прапануюць нам ніякае альтэрнатывы, апрача расьліннага спажывецкага існаваньня без апазнавальных прыкметаў. Іхны шлях — на Ўсход. Наш жа шлях — з Захаду. Яны сыдуць туды, куды імкнуцца. Мы — вернемся на сваю родную, спаганеную імі зямлю. І станем на ёй гаспадарамі. Таму што будучы ў меншасьці цялеснай, мы складаем у Беларусі абсалютную духовую, маральную большасьць.

На працэсе я спрабаваў давесьці судзьдзю, што распальваньне варожасьці мусіць выяўляцца ў нейкіх закліках, чаго ў нашаніўскай публікацыі і блізка няма. Судзьдзя Федарэнскі запярэчыў: А как вы объясните слова: «выхад адзін — дзейнічаць»? Баронячы расейшчыну, ён разгледзеў тут заклік да бойкі ці да пагромаў. Баронячы беларушчыну, мне такое і ў галаву не прыйшло. Я згадаў пра зачыненыя беларускія школы, а таксама пра рубрыку прыватных абвестак у газэце «Наша Ніва». Што-небудзь накшталт: «Сьвядомыя беларусы Лунінеччыны, адгукнецеся». Альбо: «ахвочыя аддаць дзіця ў беларускі садок, тэлефануйце». Вось што такое, у маім разуменьні, дзейнічаць. На жаль, свайго аптымізму, які я выношу з такіх абвестак, я ніколі не змагу перадаць судзьдзю Федарэнскаму. Бог яму судзьдзя. Нам жа і сапраўды пара дзейнічаць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0