Навіны

 

Зь Беларусі ў Сэнэгал

Новым кіраўніком Польскага Інстытуту ў Менску — аддзелу культуры польскай амбасады, які дапамагае сёньня беларускім культурным і выдавецкім праектам — прызначаны актор Цэзары Карпіньскі, які раней працаваў дырэктарам Тэатру імя Астэрвы ў Любліне. Томаш Нягодзіш, які ачольваў Польскі Інстытут апошнія тры гады, зьяжджае на пасаду пасла Польшчы ў Сэнэгале.

 

Кантроль над дыяспарай

У Міністэрстве замежных справаў да канца траўня ўтвораць новае падразьдзяленьне, прызначанае курыраваць кантакты зь беларускай дыяспарай. Пакуль што гэтыя функцыі выконвае (амаль бяз плёну) Дзяржкамітэт у справах рэлігіяў і нацыянальных мяншыняў. Узначаліць новую «структурную адзінку» былы міністар культуры і пасол Беларусі ў Літве Яўген Вайтовіч.

 

Скандальны фільм

Міхаіл Пташук скончыў здымаць свой блёкбастэр «Момант ісьціны», які «зьеў» амаль увесь леташні і сёлетні бюджэт беларускага мастацкага кіно. Плянавалася, што прэм’ера стужкі адбудзецца ў Крамлёўскім палацы 9 траўня з удзелам Лукашэнкі і Пуціна. Яе нават зьбіраліся паслаць на Міжнародны фэстываль у Канах і ўжо зрабілі рэклямны ролік, але заўпарціўся сцэнарыст Уладзімер Багамолаў. Ён патрабуе прыбраць з тытраў ягонае імя, бо фільм у Пташука атрымаўся надта фальшывы. У семідзясятыя гады Багамолаў дамогся закрыцьця першага фільму паводле гэтага сцэнару, за які браўся Вітаўтас Жалакявічус — маўляў, «нярускі чалавек няздольны праўдзіва паказаць перамогу ў вялікай айчыннай вайне». Прэм’ера стужкі цяпер перанесеная на 3 ліпеня.

Юрась Барысевіч

Новыя народныя песьні

Браслаўскае краязнаўчае таварыства імя Ота Хедэмана выдала зборнік папулярных беларускіх песьняў «Сьпявайма разам!». Гэта песьні, што карысталіся найбольшай папулярнасьцю на леташнім археалягічным летніку «Рацюнкі», які наладжвала таварыства. Большасьць песень — з рэпэртуару беларускіх рок-гуртоў, бардаў, з «Народнага альбому», аднак аўтарства ў зборніку не пазначанае, бо, на думку выдаўцоў, усе гэтыя песьні ўжо сталі народнымі, паведамляе Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў.

 

Трышчан і Іжота

Тры дні — з 11 да 13 траўня — у Магілёўскім драмтэатры праходзіла прэм’ера спэктаклю «Трышчан і Іжота» — паводле новай вэрсіі сярэднявечнага раману (аўтар Уладзімер Кавалёў), якую паставіў былы дырэктар магілёўскага Тэатру лялек Алег Жугжда. Спэктакль закрываў сёлетні тэатральны сэзон. У магілёўскім беларускім асяродку «Кола сяброў» прайшла ўрачыстая сустрэча актораў, рэжысэра і сцэнарыста з гледачамі.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0