22.05.2000 / 13:00

Ганна Штэйнман. Stoplukafilm

№ 20 (177), 15 — 22 траўня 2000 г.


 

Stoplukafilm

«Незвычайны канцэрт». Stoplukafilm, Менск, 2000.

Гэтай вясною нечаканым падарункам для некаторых сацыяльна-актыўных аматараў рок-музыкі стаўся несанкцыяваны і незаплянаваны ўдзел у здымках відэакліпаў на песьні «Крамы», NRM, «Новага Неба», «Нэйрадзюбэля» і нават Pink Floyd.

Ідэя стварэньня альтэрнатыўных кліпаў «павісла» ў паветры даўно. Прынамсі, асабіста мне карцела паглядзець, што будзе, калі аздобіць любімыя песьні дакумэнтальнымі кадрамі з кронікі менскага супраціву, яшчэ з сакавіка 1996 г. Пакуль на рок-канцэртах крычалі «Жыве Беларусь!», а на мітынгах сьпявалі «Партызанскую», ідэю вылавілі, матэрыялізавалі, і наша музычная рэчаіснасьць нарэшце атрымала сваё відэаўвасабленьне: ужо больш за месяц «Незвычайны канцэрт» блукае па краіне дый за ейнымі межамі, асядаючы ў відэатэках беларускіх мэляманаў чарговай «крамольнай» касэтай. Восем кліпаў, аб’яднаных назовам, нельга вызначыць як музычны фільм — для гэтага патрэбна добра выпрацаваная агульная канцэпцыя, а яе якраз не стае, але гэткае «сьвята мантажу» прыцягвае ўвагу хаця б дзеля таго, каб параўнаць варыянт, прапанаваны STOPLUKAFILM’ам з тым, які кожны з нас ствараў для сябе пад час розных несанкцыяваных мерапрыемстваў. Як сапраўднае спараджэньне постмадэрнісцкай прасторы, «Канцэрт» пабудаваны на ўсялякім цытаваньні папярэднікаў: выкарыстаныя фрагмэнты са знакамітай стужкі «Звычайны прэзыдэнт», арыгінальны Pink Floyd’аўскі кліп і нават асобныя кадры з «Камандас» (у «Партызанскай»).

Калі казаць пра дакумэнтальную аснову, дык гэта кадры, усім добра вядомыя з тэленавінаў. Гэта той самы «малюнак», у стварэньні якога заўжды абвінавачваюць арганізатараў і ўдзельнікаў усіх мітынгаў і шэсьцяў. Ня вельмі ўдала толькі, што тыя самыя «малюнкі» пераходзяць з кліпу ў кліп. На пачатку прагляду твары сяброў і знаёмых на экране яшчэ цешаць: маўляў, мы ўжо спрычыніліся да Гісторыі. Але кожны новы кліп набліжае апатыю, добра зразумелую сталым наведнікам усіх акцыяў апазыцыі: тыя самыя людзі, тыя самыя твары, самі ходзім, потым самі пра сябе пішам, самі сябе здымаем, самі чытаем і глядзім. Утвараецца замкнёнасьць, якую цяжка разарваць нават пашыраючы прастору з дапамогай Pink Floyd. Можа, з-за гэтага найбольшую цікавасьць выклікаюць песьні не «пра нас», а «пра яго», бо глядзець, як спадар прэзыдэнт рухаецца ў такт Шалкевічавага «Таварыша Сапегі», — суцэльная асалода. Зрэшты, кліпы можна клясыфікаваць ня столькі па галоўных героях, колькі па тым, што было ў іх першасным — песьня ці зьява. Тыя, хто ўжо пасьпеў паглядзець «Незвычайны канцэрт», сярод найбольш удалых кліпаў называюць «25, 26, 27...» (NRM) i «Ехали уроды на поминки» («Нэйрадзюбэль»). Першы зь іх якраз і ёсьць прыкладам таго, як спачатку была зьява, потым на яе падставе паўстала песьня, якая ў сваю чаргу была праілюстраваная той самай зьявай, што калісь спарадзіла яе. Калі дадаць сюды добрае тэхнічнае вырашэньне і ўдала змантаваныя кадры — посьпех амаль гарантаваны. Але глядзець на гэта ўсё адно ня так цікава, як, да прыкладу, на менш прадказальны і больш творчы праект, калі песьня і зьява існавалі ў нашай сьвядомасьці абсалютна незалежна адна ад аднае і сваім спалучэньнем выклікалі да жыцьця нешта новае, непрадказальнае і незалежнае. З гэтага гледзішча кліп «Ехали уроды на поминки», аздоблены кронікай падпісаньня дамовы паміж Расеяй і Беларусяй, ёсьць, бадай, найлепшым дасягненьнем «Канцэрту».

Пытаньне, як жа вызначыць жанрава-відавую прыналежнасьць прэзэнтаванай STOPLUKAFILM’ам стужкі, заходзіцца ў стадыі вырашэньня. Ва ўсялякім разе, спробы зьвязаць кліпы паміж сабою з дапамогай заставак са «Звычайнага прэзыдэнта» сьведчаць, што «Незвычайны канцэрт» прэтэндуе на тое, каб называцца «творам», а ня проста падборкай кліпаў, хаця гледачоў не пакідае ўражаньне «недаробленасьці». Можа, гэта з-за таго, што ў кожнага даўно існуе свой варыянт «Незвычайнага канцэрту», які зьявіўся прыкладна адначасова са зьяўленьнем «Партызанскай». «Партызанская» завяршае канцэрт настальгічнымі кадрамі бел-чырвона-белага афіцыёзу. Гэткі прыхаваны падарунак гледачам: можна ўявіць, што гэта не «было», а хутка «будзе».

Між іншым, калі хто добра вучыў гісторыю, памятае, што «Канцэртам» у свой час называўся другі этап рэйкавай вайны, і ў мінулы раз сьледам за апэрацыяй «Канцэрт» неўзабаве адбылося вызваленьне Беларусі.

Ганна Штэйнман


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру