Міхаіл Чыгір: Лепш незалежнасьць з Лукашэнкам, чым рынак у складзе Расеі

 

«НН»: Ёсьць думка, што пры сёньняшніх тэмпах русіфікацыі наша незалежнасьць трымаецца толькі на нелегітымнасьці Лукашэнкі: Расея ня хоча псаваць уласны вобраз і легітымнасьць аб’яднаньнем. Беларусь жа і палітычна, і эканамічна, і маральна гатовая стаць часткай Расейскай Фэдэрацыі. І таму, як толькі ў Беларусі зьявіцца любая, толькі што легітымная ўлада, Беларусь назаўтра ж станецца часткай Расеі...

Міхаіл Чыгір: Апошнія апытаньні паказваюць, што большасьць насельніцтва не жадае аб’яднаньня. Супрацоўніцтва хочуць, а аб’яднаньня — не. Працэс інтэграцыі, думаю, збавіць абароты, бо Лукашэнка марыў, што аб’яднаньне дасьць яму падставу балятавацца на прэзыдэнта Расеі. Гэтага ня здарылася, да ўлады прыйшоў Пуцін. Лукашэнка ня будзе паскараць гэтага працэсу. Дый Пуцін разумее, што аб’яднаньне з краінай зь нелегітымным прэзыдэнтам і парлямэнтам немагчымае. Міжнародная супольнасьць адрэагавала б на гэткае адэкватна. Размовы пра інтэграцыю будуць весьціся й далей, будзе нешта рабіцца ў эканамічнай сфэры, у вайсковай, магчыма, нешта ў палітычнай, але што датычыць аб’яднаньня дзяржаваў, дык, па-першае, на гэтае ня пойдзе Лукашэнка, а, па-другое, Расея разумее, што міжнародная супольнасьць не падтрымае працэсу зьліцьця дзяржаваў. Я хацеў бы нагадаць таксама рашэньне ніжэйшай палаты Кангрэсу ЗША: яны рэзка выказаліся наконт Беларусі і падкрэсьлілі ўпершыню, што рэжым у Беларусі трымаецца сілай падаўленьня на расейскім фінансаваньні. ЗША папярэджваюць Расею: вы шукаеце крэдыты на Захадзе, але пры гэтым — даклад называе канкрэтныя лічбы — ад паўтара да двух мільярдаў даляраў штогод даяце ў Беларусь. Гэта новая зьява ў адносінах ЗША і Беларусі, ЗША і Расеі. Гэта будзе стрымліваць нейкія крокі па аб’яднаньні. Ніхто ня будзе супраць эканамічнага супрацоўніцтва, яно будзе на карысьць Беларусі й Расеі, безь яго нельга, але аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў немагчымае. Нават калі б гэта адбылося, ёсьць людзі, якія выказаліся б наконт гэтага вельмі рэзка. Калі б — што немагчыма — былі падпісаныя дакумэнты пра зьліцьцё дзяржаваў, гэта справакавала б масавыя выступленьні. Моцным стрымліваючым фактарам зьяўляецца й Чачэнія.

 

«НН»: Гістарычная мяжа, пасьля якой страта незалежнасьці немагчымая, пяройдзена?

М.Ч.: Такі непрыемны шанец ёсьць, але, думаю, гэтага не адбудзецца. На такое Лукашэнку можа падштурхнуць толькі вельмі цяжкае эканамічнае становішча.

 

«НН»: Што лепш: незалежнасьць з Лукашэнкам ці дэмакратызацыя і рынкавыя рэформы цаной страты незалежнасьці?

М.Ч.: Незалежнасьць — гэта самае важнае. Аб’яднацца проста, разьяднацца і адбудаваць дзяржаву будзе цяжэй.

 

«НН»: Вы асабіста гатовыя падтрымаць Лукашэнку, калі ён зьменіць палітычны і эканамічны курс?

М.Ч.: Я вам скажу больш. Пазатым летам людзі Лукашэнкі прапанавалі мне вярнуцца і працаваць ува ўрадзе. Каб я бачыў, што ён зьмяняе курс, што ён на іншай аснове будуе адносіны з Захадам і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, што эканоміку ён пачынае разьвіваць у іншым кірунку, што будуе дзяржаву на базе прыватнай уласнасьці, я даў бы згоду працаваць, але пакуль я нічога гэтага ня бачу. Было б вельмі добра, каб ён памяняў свой курс, стаўленьне да яго зьмянілася б, але я ня веру ў ягоную здольнасьць памяняць кірунак разьвіцьця. Перад маёй адстаўкай я меў многа размоваў з Лукашэнкам пра шляхі разьвіцьця дзяржаваў, я пераконваў яго ў тым, што іншага шляху, апроч таго, якім ідуць іншыя краіны рэгіёну, няма, але я так і ня змог яго пераканаць. Чаму ён ня здольны памяняць кірунак разьвіцьця, ня знаю. Малады, здавалася б, яшчэ чалавек, мо й занадта малады для прэзыдэнта, але выпраўляць свае памылкі няздольны. Гэта вельмі дрэнна.

 

«НН»: Што, на Вашу думку, мусілі б сёньня рабіць розныя палітычныя сілы на карысьць краіны?

М.Ч.: Добра, што беларускія палітычныя сілы канчаткова аб’ядналіся і дасягнулі адзінай пляцформы. Аб’яднаная апазыцыя ў пэрспэктыве можа рабіць немалы ўплыў на разьвіцьцё палітычнай сытуацыі. Пакуль палітычныя сілы могуць зрабіць няшмат, бо ініцыятыва ў сёньняшніх умовах у руках уладаў, якія адны маюць усе рычагі. Найважнейшае — каб увосені адбыліся адкрытыя справядлівыя дэмакратычныя выбары. Пасьля такіх выбараў не засталося б ніякіх закрытых пытаньняў. Але дэмакратычнасьць выбараў ніяк не залежыць ад апазыцыі, адно ад уладаў. Захад падштурхоўвае ўлады, каб яны пайшлі на чэсныя перамовы і на чэсныя выбары, але пакуль што, скажам шчыра, Лукашэнка на гэта ня йдзе і ёсьць небясьпека, што й ня пойдзе. У такім разе становішча, якое й так крытычнае ў краіне, яшчэ пагоршыцца, бо хто б што ні казаў, безь міжнароднай дапамогі аднавіць эканоміку, паставіць яе на рэйкі ўстойлівага разьвіцьця немагчыма. Як ня будзе чэсных выбараў, інвэстыцыі ў краіну ня пойдуць. Значыць, некалі надыдзе дзень, калі на вуліцу выйдуць сотні тысячаў людзей, і тады магчымы будзе й румынскі варыянт. Пажадана, каб зьмена ўнутранай і замежнай палітыкі адбылася мірным шляхам. Калі ж такой зьмены не адбудзецца, дык магчымыя вельмі непажаданыя варыянты разьвіцьця ў краіне.

 

«НН»: А чаго Вы чакаеце ад Шарэцкага, чаго — ад Пазьняка?

М.Ч.: Пазьняк, здаецца, ніякага ўплыву на становішча ня мае. Аказаўся ізаляваны, падтрымкі ў яго няма, якой была. Калісьці ён зрабіў многае для адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці, але пасьля страціў свой палітычны ўплыў. Што датычыць Шарэцкага, то, калі не адбудзецца дэмакратычных выбараў, міжнародная супольнасьць падтрымае Вярхоўны Савет 13 скліканьня, і тады палітычны ўплыў Шарэцкага рэзка ўзрасьце. Цяпер усе чакаюць дэмакратычных выбараў. Калі іх не адбудзецца, усе будуць рабіць стаўку на Вярхоўны Савет 13 скліканьня — як запісана ў праекце рэзалюцыі Сэнату ЗША, — і тады ён зможа вельмі актыўна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі.

 

«НН»: І што, на Вярхоўны Савет сапраўды можна ўскладаць спадзяваньні?

М.Ч.: Калі выбары ня будуць прызнаныя і Захад падтрымае Вярхоўны Савет 13 скліканьня, і пойдзе адкрытая падтрымка і фінансаваньне, ён набудзе новую сілу.

 

«НН»: А беларуская эміграцыя?

М.Ч.: Эміграцыя актыўнага ўплыву аказаць ня зможа.

 

«НН»: Вяртаньне ў Беларусь Івонкі Сурвіллы магло б добра паўплываць на сытуацыю ў краіне?

М.Ч.: У сёньняшняй сытуацыі яна вярнуцца сюды ня можа. Прыехаць у краіну з таталітарным рэжымам — вялікі шанец аказацца там, дзе, хацелася б, каб людзі не знаходзіліся. Падзеі могуць разьвівацца па-рознаму, але ў сёньняшняй сытуацыі, лічу, яна не павінна тут зьяўляцца, бо гэта небясьпечна для жыцьця.

 

«НН»: Які б сцэнар на восень Вы прапанавалі б апазыцыі?

М.Ч.: Калі ня ўдасца супольнымі намаганьнямі зрабіць выбары дэмакратычнымі, дык апазыцыя мусіць заклікаць Захад — і гэта тады адбудзецца аўтаматычна — каб вынікі парлямэнцкіх выбараў не былі прызнаныя міжнародным супольніцтвам.

 

«НН»: Лібэральная прэса выстаўляе Ярмошына й Латыпава падсподнымі апанэнтамі Лукашэнкі, прыхільнікамі палітычнай і эканамічнай лібэралізацыі. Што Вы думаеце на гэты конт?

М.Ч.: Якія яны там апанэнты?! Яны нідзе нічога ня выказаліся. Што яны там недзе кухоннай палітыкай займаюцца... Ня можаш уплываць на палітыку, зь якой ты ня згодны, пакладзі партфэль і сыдзі ў адстаўку. Ніякай надзеі на тое, што гэтыя людзі паўплываюць на Лукашэнку, у мяне няма.

 

«НН»: Што стала прычынаю адноснай няўдачы леташніх падпольных прэзыдэнцкіх выбараў? Непасьлядоўнасьць Пазьняка? Пачатак непапулярнага ў Беларусі ўмяшаньня NATO ў Косаве? Умелае запалохваньне з боку ўладаў, якому спадарожнічаў Ваш арышт і зьнікненьне Захаранкі? Агульная слабасьць незалежнага беларускага грамадзтва? Тое, што на волі не засталося кандыдата, які б езьдзіў ад заводу да заводу, ад вёскі да вёскі?

М.Ч.: Усё разам, але найперш дзеяньні ўладаў. Калі пачаліся беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ўладаў, людзі спалохаліся. Па-другое, мы не атрымалі на выбары тых фінансавых сродкаў, на якія разьлічвалі. Можа, мы б атрымалі больш сродкаў, каб я застаўся на свабодзе. Дый грамадзтва летась яшчэ не было зусім гатовае да такой акцыі. Ужо сёлета гатоўнасьць грамадзтва вышэйшая. Пасьля такіх дзеяньняў уладаў нам трэ было спыніць выбары і прызнаць, што далей працягваць выбары мы ня можам, а тое, што камісія працягвала працаваць са статыстыкай, лічу, што гэта была памылка.

 

«НН»: Гэта была памылка Ганчара?

М.Ч.: Думаю, што Ганчар гэта ўзгадняў зь іншымі, найперш — з Шарэцкім. Я сам быў у турме.

Але ў цэлым выбары былі вельмі пазытыўным гістарычным актам. Пасьля іх палітычная актыўнасьць у краіне рэзка ўзрасла і апазыцыя зразумела, што трэба аб’ядноўвацца.

 

«НН»: Ці вядома Вам пра зьнікненьне Захаранкі й Ганчара нешта такое, чаго б ня ведалі іншыя?

М.Ч.: Часта спрабую атрымаць нейкую інфармацыю. Што тычыцца Ганчара, дык нейкая надзея ёсьць, нейкія людзі кажуць, што ён яшчэ жывы. Што да Захаранкі, дык нават такіх слабых надзеяў ня маю — нічога ня ведаю.

 

«НН»: А Віньнікава?

М.Ч.: Зьехаць сама сабою яна не магла. Зьехала яна, бо гэта было выгадна і ўладам, і ёй. Уладам, бо яны ня мелі доказаў яе вінаватасьці, але і проста адпусьціць не маглі, так доўга пратрымаўшы яе ў турме.

 

«НН»: А на чые грошы яна жыве за мяжой?

М.Ч.: На чые, цяжка адказаць. На жыцьцё ёй хопіць... Яе могуць падтрымаць нейкія другія ўлады. А мо зьберажэньні, мо спонсары нейкія ёсьць...

 

«НН»: Вы, магчыма, ужо рыхтаваліся да турмы...

М.Ч.: Ну, я гатовы, што тут рыхтавацца? Такая справа, што з сабой самае неабходнае ўзяў, і гатовы да турмы. Ніводзін сьведка ня даў паказаньняў супраць мяне. Ніводзін дакумэнт ня сьведчыць супраць мяне. Збоку мне падказвалі, што я павінен зьехаць — я гэтага рабіць ня буду. Я маральна гатовы да самага дурнога рашэньня.

 

«НН»: Шкадаваць, што вярнуліся ў Беларусь, не шкадуеце?

М.Ч.: Што там шкадаваць? Рашэньне ж прынятае. Некалі ж і ў Беларусі павінна стаць сьветла! Вярнуўся, бо зразумеў, што мяне многія палітычныя партыі і ўплывовыя асобы падтрымліваюць. У любым разе час працуе на нас, а не на рэжым.

 

«НН»: Цяпер, калі Вы трохі-трохі пазьбеглі турмы, з кім з асобаў беларускай гісторыі Вы хацелі б, каб вас параўноўвалі?

М.Ч.: Тую гісторыю, якую я хацеў бы ведаць і прачытаць, у нас ня вельмі й прачытаеш, ня проста пазнаць. Цяжка таму казаць пра параўнаньні. Ведаю толькі, што ў нас усіх, хто быў актыўны, вынішчалі. Зьнішчалі ўсіх сьвядомых. Такая наша гісторыя.

Гутарыў Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0