Навіны

 

Шалкевіча прыбралі з школьнай праграмы

16 траўня Полацак сустракаў Віктара Шалкевіча. Сустракаў, аднак, не зусім гасьцінна, бо Полацкая нацыянальная гімназія, дзе мусіў адбыцца галоўны канцэрт, за дзень да прыезду барда адмовілася прымаць госьця ў сваіх сьценах. Спроба знайсьці ў горадзе якую-кольвечы іншую пляцоўку завершылася няўдала. Арганізатары «гастроляў» Шалкевіча пачулі шчырыя прабачэньні і скаргі на ідэалягічны ўціск. Сытуацыя ў правінцыі сёньня моцна нагадвае савецкія часы, калі людзі баяцца ўсяго. Асабліва што зьвязана зь беларускай мовай і нацыянальнай культурай. Найбольш запалоханыя настаўнікі. Тыя людзі, якія апынуліся ў самым жабрацкім становішчы, прыніжаныя і зьняважаныя як ніколі.

Суседні Наваполацак выглядае выспай беларускага лібэралізму — усяго за пару гадзінаў удалося атрымаць дазвол на правядзеньне сустрэчы з бардам ува ўнівэрсытэце. Актыўны ўдзел у арганізацыі канцэрту ўзялі сябры рыцарскага клюбу «Жалезны воўк» — на раніцу ў горадзе ўжо віселі абвесткі. Канцэрт адбыўся ў традыцыйным Шалкевічавым стылі — з показкамі, жартамі і, вядома, песьнямі пра беларусаў.

А ў Полацку толькі ўвечары прыхільнікі яго творчасьці сабраліся ў мясцовым офісе БНФ, што ў гатэлі «Дзьвіна» (вокны офісу выходзяць на пляц Скарыны, і ў іх амаль зазірае бронзавы першадрукар). Пад час канцэрту пад «апазыцыйнымі вокнамі» доўга стаяў міліцэйскі газончык, і ахоўнікі парадку, напэўна, таксама з асалодай праслухалі «Хамскую ўладу» і «Кароткую гісторыю Беларусі».

Васіль Кроква, Полацак

 

Фільмы Дашкевіча й Волах

У сядзібе Народнага Фронту прайшоў прэм’ерны паказ новых дакумэнтальных фільмаў незалежных беларускіх кінэматаграфістаў. Карціны Алега Дашкевіча “Простыя гісторыі” і “Рыцары мары” распавядаюць, адпаведна, пра чарнобыльскіх перасяленцаў у Менску і пра змаганьне беларускай моладзі за незалежнасьць краіны. Фільм Ірыны Волах “У пошуках бэльвэдэру” дасьледуе розныя варыянты беларускага патрыятызму. Усе тры стужкі можна набыць на адной маляўніча аздобленай відэакасэце.

 

Сомаўская Эўфрасіньня

Экспэртная рада Міністэрства культуры падсумавала вынікі конкурсу праектаў помніка Эўфрасіньні Полацкай для яе роднага гораду. Пераможцам стаўся малады скульптар Аляксандар Сомаў, які стварыў свой праект помніка першай беларускай сьвятой яшчэ пад час навучаньня ў Акадэміі мастацтваў. Праект Сомава ўхвалілі і гарвыканкам, і мясцовыя царкоўныя ўлады. Праекту Голубева, які раней вельмі нахвальвала праваслаўная мітраполія, адракліся.

 

Выстава Цыркунова

У Беларускім інстытуце праблемаў культуры (насупраць кінатэатру «Вільня») адчынілася выстава жывапісу Алеся Цыркунова “Краю беларускага віды”. На выставе прадстаўлены экспрэсіўна асэнсаваныя краявіды нашай зямлі ад Вільні да Прыпяці: “Вострая Брама”, “Мядзельскі замак”, “Барысаглебская царква ў Наваградку”, “Хата Зоські Верас”, “Альтанка Купалы”, “Хата Ўладзімера Дубоўкі”. У адным зь зімовых краявідаў мастак адлюстраваў прывіды былых змагароў за незалежнасьць Айчыны.

 

Праекты Мальдзіса

Вядомы навуковец Адам Мальдзіс пад час сустрэчы пісьменьнікаў з У.Латыпавым зьвярнуўся да яго з прапановай пераносу загараднай рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Лошыцкі парк, дзе захавалася старая панская сядзіба. Як вядома, рэзыдэнцыя “Дразды” пабудаваная на месцы былога канцлягеру. Ператварэньне яе ў мэмарыял ахвяраў нацызму дазволіла б патлумачыць замежным паслам, чаму іх прымусілі зьехаць з Драздоў, лічыць А.Мальдзіс. Менскі андэграўнд ужо адрэагаваў на Мальдзісавы пражэкты акцыяй “Гуканьне Лукашэнкі”. Музыкі рок-гурту “Сонца-Кветкі”, мастачка Ірына Малеціна і артысты Тэатру Псыхічнае Няўраўнаважанасьці ўзьлезлі ўначы на дрэвы Лошыцкага парку і некалькі гадзінаў запар сьпявалі, замест салаўёў, патрыятычныя песьні. Парк, у які запрашаецца жыць Лукашэнка, здавён скарыстоўваўся санэпідэмстанцыяй для пахаваньня парэшткаў жывёлаў, у тым ліку чумных.

Юрась Барысевіч