9 гадоў язды

 

27 траўня ў 91-м годзе пачала выходзіць адноўленая «Наша Ніва». Гэта значыць, што ў працягласьці існаваньня газэта перажыла сваю папярэдніцу, якая зачынілася на дзявятым годзе. Праўда, і сёньняшняя «Наша Ніва», як сказаў нам сьледчы пракуратуры Новікаў, «вісіць на валаску». Толькі прычынай закрыцьця можа стаць не сусьветная вайна, як было ў выпадку з папярэдніцай, а тое, што беларуская газэта надта не падабаецца цяперашнім уладам. Другое папярэджаньне «Нашай Ніве» вынесенае за артыкул Сямёна Шарэцкага «Зараза фашызму. А.Лукашэнка капіруе А.Гітлера». Пасьля гэтага ўлады могуць зачыніць выданьне ў любы момант. Што мы маглі адказаць сьледчаму пракуратуры? Толькі тое, што зашмат антыфашызму, на нашу думку, не бывае.

Галоўная выснова ад сустрэчы з Новікавым. Рэспубліканская пракуратура кіруецца ідэалягічнымі матывацыямі, а зусім не законам. Прыгожа памерці мы вам не дамо, — сказаў Новікаў. «Прыгожа памерці» ў ягоным уяўленьні — значыць, быць зачыненымі з шумам, каб «сіяністы» (верагодна, маецца на ўвазе Захад увогуле) казалі, што ў РБ няма свабоды слова.

Рэдакцыя будзе аспрэчваць чарговае папярэджаньне без спадзеву на посьпех. Урэшце, мы маем справу з прававым самавольствам уладаў. Заманецца ім забараніць «НН» — забароняць, не заманецца — будзе газэта і далей «вісець на валаску». Адзінае, што мы можам і што вынікае з нашае адказнасьці перад чытачамі — гарантаваць выхад чарговага нумару незалежна ад таго, зь якой нагі ўстане заўтра таварыш пракурор альбо спадар Падгайны. Ні «прыгожа», ні «непрыгожа» паміраць мы не зьбіраемся, хоць бы ўжо таму, што кантэкст нашага існаваньня шырэйшы за цяперашні палітычны рэжым РБ.

Калі дзевяць гадоў таму друкаваўся першы нумар адноўленае «Нашай Нівы», Баранавічы сьвяткавалі свой стогадовы юбілей. Мы выйшлі з раённай друкарні і задзёрлі галовы ўгару. Проста над намі на гарадзкі пляц апускаліся парашутысты. Заставалася роўна два месяцы да прыняцьця дэклярацыі сувэрэнітэту Беларусі, недзе ў Вільні адзначалася гадавіна беларускае тэлепраграмы, якая тады рабілася ў падпольлі, як і ўся тагачасная тэлевізія, прагнаная са свайго будынку танкамі генэрала Ўсхопчыка, які нядаўна стаў намесьнікам міністра абароны Беларусі. Сьледам за парашутыстамі па цэнтральнай баранавіцкай плошчы пайшлі сьвяточныя калёны дэманстрантаў, а мы загрузіліся ў мікрааўтобус, бо сьпяшаліся завезьці дэбютны нумар «НН» у менскі Дом літаратара, дзе праходзіў першы зьезд Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Рэдакцыя газэты мясьцілася тады на Траецкім прадмесьці ў музэі Багдановіча. Памятаю, мы складалі там прывезеныя з Баранавічаў аркушы першага нумару і на гадзіну мусілі адарвацца ад гэтае справы, бо разам з музэйнікамі пайшлі ўскладаць гірлянду з кветак да помніка Максіму Багдановічу — адзначалася гадавіна ягонае сьмерці.

За прамінулы час зьмянілася краіна і ўлада ў ёй. «НН» стала болей пісаць пра палітыку. Да ўлады прыйшла «чвэрцьінтэлігенцыя». Менавіта так заўсёды пачынаецца фашызацыя грамадзтва. Верагодна, мы будзем зноў і зноў пісаць пра заразу фашызму, які спакваля і амаль незаўважна займае чынавенскія кабінэты і аднойчы можа раптам стаць усеахопнай рэальнасьцю. Вось тады штосьці рабіць будзе ўжо позна.

Рэдакцыя


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0