Навіны

 

Статак зуброў — 500 галоў

Статак беларускiх зуброў удвая перавышае колькасьць гэтых рэдкiх жывёлаў у лясах Польшчы. Пра гэта паведамiў мiнiстар прыродных рэсурсаў i навакольнага асяродзьдзя Беларусi Мiхаiл Русы. Міністар кажа, што да 2001 году статак зуброў у нас мае дасягнуць пад 500 галоваў. Зуброў трымаюць у шасьцi запаведнiках краiны, а элiтны генэтычны статак — у нацыянальным парку «Белавеская пушча». Сёлета мяркуюць расьсялiць зуброў яшчэ ў трох запаведнiках Беларусi, каб у блiжэйшыя гады жывёла перастала лiчыцца рэдкай i была выключана з «Чырвонай кнiгi».

 

Сустрэчы ў Вашынгтоне

24 мая старшыня камiтэту па мiжнародных справах сэнату ЗША, крайне правы амэрыканскі сэнатар Джэсы Гелмз сустрэўся зь лiдэрамi беларускай апазыцыi. Сэнатар паведамiў пра свой намер выступiць з заканадаўчай iнiцыятывай аб павелiчэньнi дапамогi з боку Злучаных Штатаў дэмакратычным сiлам Беларусi. Гутарка Гелмза зь Вiнцуком Вячоркам, Анатолем Лябедзькам, Зьмiтром Бандарэнкам выклікала рэзка адмоўную рэакцыю беларускага Міністэрства замежных справаў. У сваёй суботняй заяве МЗС кажа, што апазыцыя сама ня хоча ўдзельнічаць у дыялёгу.

Паводле інфармацыі БелаПАН

 

Японцы могуць укласьці грошы ў Наваполацак

Японскія фірмы Mitsui i Toyo падпісалі зь Беларусяй пагадненьні ў справе ўдзелу ў рэструктурызацыі Наваполацкага нафтаперапрацоўчага камбінату. Замежныя партнэры дэкляравалі гатоўнасьць выдзеліць Беларусі на гэтыя мэты крэдыт у 90 мільёнаў даляраў. «Нафтан» шукаў сродкі сабе на рэканструкцыю зь сярэдзіны 90-х. Найбольшы інтарэс да наваполацкага гіганту да гэтага часу выказвалі расейскія кампаніі «Лукойл» і «Юкас», якія быццам бы згодныя былі ўзамен на пагашэньне беларускіх пазыкаў Расеі прыўласьціць сабе частку прадпрыемства праз канцэрн «Ітэра». Японцы ж на акцыі «Нафтану» не замахваюцца. Інвэстыцыі японцаў прызначаныя на канчатковую фазу рэфармаваньня нафтакамбінату. Але гарантыяў на прыход гэтых японскіх інвэстыцыяў пакуль што няма.

Паводле інфармацыі БАРСу

Гарачай вады няма на ўсім Палесьсі

Ад 15 траўня да 10 чэрвеня пінчукі застануцца без гарачай вады — гэта ўжо другое адключэньне ад пачатку году. Аднак пінчукам яшчэ шанцуе. Жыхары суседніх Століна, Янава, Лунінца ды Дарагічына ўвогуле маюць гарачую ваду адзін-два зімовыя месяцы ды толькі на выходныя. Яшчэ пара гадоў такога жыцьця, і мы дазваньня забудземся, што такое цывілізацыя.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Пад адкрытым небам

20—21 траўня пад Барысавам адбыўся скаўцкi летнiк, праведзены спартова-турыстычным клюбам «Волат». У iм узялі ўдзел каля 100 бойскаўтаў з Барысава й раёну, Жодзiна, Менску, Маладэчна. Летнiк адкрыўся ўвечары 20 траўня спаборнiцтвамi па спартовым арыентаваньні. За чэмпiёнскi тытул змагалася сем камандаў. У вынiку напружанай барацьбы перамаглi барысаўскiя маладафронтаўцы. Затым была сьвяточная вячэра. Моладзь скупiлася ля вогнiшча й сьпявала пад гiтару беларускiя песьнi. Наступны ранак распачаўся з паласы перашкодаў. Тут ужо мацнейшымi аказалiся спрытныя госьцi зь Менску. Напрыканцы летнiка, як гэта заўсёды бывае, моладзь мроiла пра наступныя сустрэчы пад адкрытым небам на беразе маляўнiчага Старабарысаўскага возера.

Анатоль Аскерка, Барысаў

 

Настаўнікаў — на сена

Усе школы Пінску замацаваныя ў якасьці «шэфаў» за калгасамі і саўгасамі раёну. Да ведама гарана даведзены плян нарыхтоўкі сена, які і быў падзелены паміж школамі гораду. Але ня ўсе настаўнікі жадаюць працаваць на сенакосе, у адной са школаў нават паспрабавалі адкупіцца — сабралі грошы ў эквіваленце заплянаванай колькасьці сена і перадалі старшыні «падшэфнай» гаспадаркі.

 

Капаюць парэшткі з-пад стадыёну

У сярэдзіне траўня ў Глыбокім пачалі рэканструяваць стадыён. Рэч у тым, што пад полем знаходзяцца масавыя пахаваньні нямецкіх жаўнераў з часоў апошняй вайны, недзе 1500 чалавек тамака пахаваныя. Немцы ня раз наведвалі Глыбокае, прасілі перазахаваць парэшткі, бо, фактычна, футбольныя матчы чэмпіянату Беларусі 2-й лігі адбываліся на могілках. Урэшце дабіліся згоды, прычым плаціць за перанос нямецкі бок. Раскопкі вядзе спэцаддзел беларускага Міністэрства абароны.

 

Мужчынскі й Жаноцкі ўнівэрсытэты

У ВНУ Беларусі сярод студэнтаў 47,7% — мужчыны, 52,3% — жанчыны. Найболей мужчынаў навучаецца ўва Ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі — 82,9% ад агулу. А самы жаночы — Лінгвістычны ўнівэрсытэт, дзе дзяўчатаў 79,5%.

Паводле інфармацыі БАРСу

 

Сьмерць у вайсковай частцы

18 траўня ў Баранавічах разгледзелі грамадзянскую справу па позьве Тацяны Дрозд пра матэрыяльную кампэнсацыю ў сувязі са сьмерцю сына. Яе сын, 16-гадовы Зьміцер Дрозд, загінуў летась 13 верасьня. Ён залез на тэрыторыю вайсковай часткі, шукаючы кавалак трубы для матацыкла на сьметніку. За Зьмітром з-за дроту сачылі яго таварышы. Дзіма пералез праз бетонны плот, дабег да дроту і, прыўзьняўшы яго, пралез на сьметнік. Са сьметніка ён вяртаўся подбегам і натыкнуўся на стралка-ахоўніка Янушкевіча. Стралок папярэдзіў: «Стой, страляць буду!» Дзіма напалохаўся і замарудзіў бег. Адлегласьць паміж Дзімам і вартавым была каля 5—6 мэтраў. Тады вартавы стрэліў, спачатку ўгору, пасьля на Дзіму, але зь першага разу не пацэліў. Дзіма працягваў бегчы і крычаў: «Дзядзечка, не страляй!» Трэці стрэл Янушкевіч зрабіў у накірунку Дзімы і забіў яго. Баранавіцкай міжгарнізоннай пракуратурай была ўзбуджаная крымінальная справа «па факце нападу невядомага мужчыны на вартавога-стралка Янушкевіча» і спыненая з-за адсутнасьці ў дзеяньнях Янушкевіча складу злачынства. Маці зьвярталася да камандзіра вайсковай часткі 55435 з просьбай даць грошы на пахаваньне сына і помнік. Камандзір адмовіўся, тады маці зьвярнулася ў суд.

Суд прысудзіў, што вайскоўцы мусяць сплаціць жанчыне частку грошай, праўда, ня столькі, колькі яна прасіла. Т.Дрозд зьбіраецца не адступацца і далей бараніць свае правы: яна згубіла свайго сына з-за таго, што вайсковыя інструкцыі ў Беларусі больш адпавядаюць краіне, якая вядзе вайсковыя дзеяньні, а не жыве мірным жыцьцём ужо 55 гадоў, лічаць праваабаронцы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна-96»

 

Канец прыватнай юрыдычнай адукацыі

235 студэнтаў 2-га і 3-га курсаў Пінскай філіі недзяржаўнага Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва могуць быць пазбаўленыя магчымасьці скончыць навучаньне — ад 1 верасьня юрфак, праўдападобна, будзе зачынены.

У інстытуце, які працуе ў Пінску з 96-га, пра будучыя праблемы ведалі даўно, бо ўжо летась на першы курс юрфаку прыём быў спынены. Цяпер, паводле словаў кіраўніка Пінскай філіі Інстытуту сп.Савінава, Міністэрствы адукацыі і юстыцыі зьбіраюцца выдаць пастанову, паводле якой з наступнага навучальнага году юрыдычную адукацыю можна будзе атрымаць толькі ў дзяржаўных ВНУ. Адпаведна, юрыдычныя факультэты ў недзяржаўных вышэйшых навучальных установах будуць зачыненыя. Але ў гэтым выпадку незразумела, што рабіць студэнтам, якія ўжо правучыліся па некалькі гадоў. У Беларусі іх каля 8 тысячаў. На сходзе, які адбыўся 26 траўня, кіраўніцтва пінскай філіі Інстытуту кіраваньня прапанавала студэнтам пісаць лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі і прасіць, каб ён дазволіў ім давучыцца — прысутным быў прачытаны нават прыкладны тэкст звароту.

Аднак большасьць студэнтаў ня верыць, што адныя лісты могуць штосьці зьмяніць.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0