Лісты ў рэдакцыю

 

Захад-Усход

Не, размова ня пойдзе пра супрацьстаяньне капіталізму і сацыялізму. Пра гэта ўжо напісана шмат. Тут нашмат прасьцейшая і больш рэальная гісторыя аб ідэалягічных, а галоўным чынам, лінгвістычных «сутычках» паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі.

Дзяўчына Тоня, скончыўшы Віцебскі вэтэрынарны інстытут, была накіраваная на практыку ў Браслаўскі раён. Не зважаючы на расейскае аблічча і нутро савецка-беларускага Віцебску, Тоня ўсё-такі захавала родную шумілінскую беларускасьць і нейкую рамантычную натуральнасьць, якой так бракуе нашым інтэлектуалам. Вядома, што Віцебшчына — гэта досыць разнастайны край, які адрозьніваецца сваімі «мальцамі», «лятучкай» ці «сяньня». Вядома таксама, што заходняя Віцебшчына ня мае анічога агульнага з уласна Віцебскам і ўяўляе сабой гістарычную Віленшчыну. І адміністрацыйна, і культурна.

Дык вось, аднаго разу Тоню тэрмінова выклікаў старшыня калгасу і наказаў ляцець маланкай на фэрму, дзе ўсю ноч раўла млявая карова. І наказаў пасьпяшацца. У апошнюю хвіліну старшыня кінуў вэтэрынарцы:

— Чакай, Тоня. Зараз табе ровар дадуць. Гэтак хутчэй будзе.

Сумленная і надта абавязковая Тоня выскачыла на шлях з мэдычным сакваяжыкам і пачала чакаць «ровар».

Глядзеўшы ў абодва бакі шашы, яна вельмі хвалявалася пра кароўку, якая ня спала ўсю ноч. І ейнае хваляваньне павялічвалася, бо ня бачна было ніякага «ровара». Нагаворваючы ў думках на старшыню, Тоня раптоўна ўбачыла веласіпед. Каб не чакаць «ровару», яна спрытна села на веласіпед і паляцела на калгасную фэрму. Яшчэ ля крушні яна заўважыла хэўру калгасьнікаў: дужа пакутавала карова.

— Чаму ж так доўга, дзетачка? — запытаўся стары.

— А! — адказала Тоня. — Чакала «ровара», які абяцаў падаць старшыня. Дык не дачакалася. Бачу — веласіпед ляжыць, дык вырашыла не чакаць машыны, а ехаць веласіпедам, — скончыла захаканая Тоня, паказваючы на веласіпед.

Рогату было!

З таго часу за вэтэрынарачкай мянушка: Тоня-Ровар.

Уладзіслаў Гарбацкі, Віцебск

 

водгук

Прэзыдэнт зь вялікай літары

У #19 за 10 траўня ў артыкуле А.Трусава «Беларускі рэфэрэндум — Пірава перамога мясцовай намэнклятуры» слова «прэзыдэнт» было напісана зь вялікай літары. Я лічу гэта проста непрымальным. Быццам цяпер чую словы маёй настаўніцы мовы й літаратуры: «Назвы пасадаў і прафэсіяў заўсёды пішуцца з маленькай літары». А «прэзыдэнт» — хоць і большая за ўсе іншыя, але ўсё-такі пасада. Якая ў любы момант можа быць занятая іншым чалавекам.

Хачу зьвярнуць увагу рэдакцыі на гэтакую рэч. У Сьвятым Пісаньні назвы народаў заўсёды пісаліся зь вялікай літары. А так яно й павінна быць. Бо назва народу ёсьць уласным імем. Апрача таго, імя зьяўляецца паказчыкам таго, што дадзены чалавек альбо народ — жывы.

«...Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы» (Адкр. 3:1). І калі нават у дэмакратычнай прэсе слова «Беларусы» напісана з маленькай літары, неяк язык не паварочваецца крынуць: «Жыве Беларусь».

Сяржук Пятровіч, Барысаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0