БТ вачыма беларуса

МАЛАБЮДЖЭТНЫЯ НАВІНКІ І ПЭРФОМАНС ПІЛЬНАСЬЦІ

 

Ну вось і дачакаліся мы БТэшных прэм’ераў. Хрусталёў хваліўся, што многае ўдалося зрабіць задарма, але, гледзячы на сумны экран, думаеш — а навошта?!

«Адысэя каманды Кухто» — адна анімацыйная застаўка вясёленькая, а болей — нічога. Паставілі ў студыі сьценку з тэлевізараў (трэба ж хоць нешта паставіць), паказваюць на іх тэксты пытаньняў (трэба ж хоць нешта паказваць), і тое бяз сэнсу, бо глядач тыя пытаньні прачытаць ня можа, экраны буйным плянам яму не паказваюць. Праграма наводзіць сум. На адным вядучым далёка не заедзеш.

Але гэта дробязь у параўнаньні з «Буднямі». Адсутнасьць застаўкі (нельга ж за яе лічыць праезд у кадры слова «будні»), бляклая чорна-шэрая ды брудна-блакітная студыя, тая ж сьценка з тэлевізараў, якія ўжо нічога не паказваюць. Ну, проста поўная аналёгія з нашымі рэальнымі буднямі… (А мо гэта тонкі мастацкі прыём?!) Шоўмэн Кузін вельмі стараецца выглядаць крутым і вострым. Сваімі ж «сюжэтамі» для ілюстрацыі пэўных праблемаў аўтары «Будняў» заб’юць любога. Пра што б ні вялася гаворка — пра слабыя вынікі міжнародных матчаў, ад’езд маладых гульцоў за мяжу ці што яшчэ, на экране пад бубнёж нейкай дзеўчыны бясконца бегалі па полі нейкія адны й тыя ж футбалісты...

Пра «Нашы песьні» нават і сказаць што цяжка. Зьбіраецца колькі дзясяткаў (улучна зь дзецьмі) людзей, якія ня ўмеюць сьпяваць (улучна зь вядучымі ды іншымі выступоўцамі з сцэны), ды дэманструюць, як хто зь іх памятае песьні трыццацігадовай даўніны. Ну, і дэманструйце.

Усе новыя праграмы расейскамоўныя. Быццам гэта дадасьць ім папулярнасьці. І ўсе іх яшчэ па тры разы паўтараюць!

...Арт-фэстываль «Менская вясна» БТ здымала. Прыехала група «Добрай раніцы» здымаць пэрфомансы, а тут міліцыя: «Папрашу ўсіх з камэрамі і фотаапаратамі!» І пратрымалі ў бліжэйшым пастарунку паўгадзіны. Высьвятлялі, што за акцыя, дзе дазвол, хто здымае, дзе дазвол. Ды яшчэ — «вам той экспанат з вусікамі нікога не нагадвае?» Аказваецца, дырэктарка кінатэатру «Радзіма», ля якога пэрфомансы адбываліся, праявіла пільнасьць ды заўважыла наяўнасьць пудзіла з вусамі. Праўда, не заўважыла, што бяз лысіны і нават у капелюшы. Паскардзілася міліцыянтам, і тыя забаранілі здымаць, без асаблівых тлумачэньняў (самае сьмешнае, што паказ пэрфомансаў працягваўся). Вось так у нас кожная дырэктарка камандуе, што здымаць, а што не, а потым наракае, што глядзець няма чаго.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0