Сшыткі Міхаіла Лапцева

 

З маскоўскім паэтам Міхаілам Лапцевым я пазнаёміўся праз публікацыю ў газэце расейскай контракультуры «Гуманітарны Фонд». Міхаіл пісаў пра нейкія ўласныя тэарэтычныя вынаходніцтвы (ці то нэаакмэізм, ці то нэаімажынізм) і прасіў ахвочых выказацца адносна ягоных спробаў заманіфэставаць паэтычную плыню. Я напісаў свае меркаваньні. Гэта было ў другой палове 1994 году. Міхаіл неўзабаве адказаў. На жаль, у сваім вялікім неўпарадкаваным архіве я ніяк не магу знайсьці таго ліста. Мне помніцца, гэта досыць стандартны прыватны ліст, без тэарэтычных разважаньняў і мудроных рэфлексіяў. Сьцісла пра літаратурныя навіны, кнігі і пляны. Прычым ніякіх скаргаў на жыцьцё. Адзінае, пра што апавядалася з сумам і ціхім болем, тычылася расейскага літаратурнага працэсу, які няўхільна маргіналізуецца і абяскроўліваецца. Міхаіл падзякаваў за дасланы мой зборнік «Разьвітаньне з Танталам» і абяцаў пераслаць свой… калі нехта зойдзе і аднясе кнігу на пошту. Пазьней я даведаўся (ад іншых людзей), што Лапцеў быў страшэнна хворы на нейкую бязьлітасную хваробу, якая штохвіліны пасьлядоўна выпручвала ягонае цела. Прычым на гэткую ж хваробу пакутавала і маці Лапцева, якая ўжо ўвогуле не падымалася з ложку. Два чалавекі ў халоднай маскоўскай кватэры марудна, пакутліва паміралі. Часам бязь лекаў і ежы.

Сваю кнігу Міхаіл, як і абяцаў, хутка даслаў — «Корни огня. Стихи 1987—1994 годов», Издательская квартира Андрея Белашкина, Серия «Классика ХХІ века». На тытуле зрабіў цёплы надпіс: «Уважаемому Алесю, с пожеланием, чтоб у него на каждом аркуше проявлялась объективная истина поэзии, её как бы симпатические чернила. 14/X-94». У кнізе была незвычайная паэзія, якая мне чамусьці нагадвала расейскія футурыстычныя экспэрымэнты пачатку ХХ стагодзьдзя. Праўда, сёньня я яе хутчэй параўнаў бы з «мадэрнізаваным» Бродзкім. Вершы шчыльныя, мэтафарычныя, асацыятыўныя.

Празь нейкі час я зноў атрымаў бандэролю ад Лапцева. У ёй былі два тоўстыя вучнёўскія сшыткі, поўныя вершаў. Міхаіл паведамляў, што дасылае іх мне на азнаямленьне, маўляў, гэта адзіны асобнік і я мушу абыходзіцца з рукапісамі акуратна. Вершы былі незвычайныя і значна «сьпялейшыя» за тыя, якія ведаў па зборніку. Што зь імі я павінен быў зрабіць? Прачытаўшы і напісаўшы аб сваіх уражаньнях, я пераслаў сшыткі назад у Маскву.

Праз год ад Руслана Элініна, заснавальніка сэрыі «Классика ХХІ века», я даведаўся пра сьмерць Лапцева. Узгадаліся ягоныя сшыткі, у якія рука паэта, адпачываючы пасьля двух-трох радкоў, перапісвала апошняе-лепшае. Магчыма, у прадчуваньні сьмерці. Ці пасьпеў Лапцеў атрымаць свае сшыткі назад? Дзе яны зараз? І пякучая здагадка завярэдзіла душу — гэта мне ён завяшчаў тыя перадсьмяротныя вершы, сабраныя для новай кнігі. У Маскве, у Расеі — завяшчаць не было каму.

Немагчыма не згадаць тут і пра лёс паэта, выдаўца Руслана Элініна. Дзякуючы ягонай неўтаймоўнай энэргіі ў Расеі быў створаны Фонд падтрымкі некамэрцыйных выдавецкіх праграм. Дзясяткі кніг, пераважна экспэрымэнтальнай скіраванасьці, пабачылі сьвет. Элініна таксама ўжо няма. У 1996 годзе, калі Руслан вяртаўся з Падмаскоўя, па дарозе на чыгуначную станцыю яго моцна зьбілі. Некалькі месяцаў праляжаў ён у коме ў маскоўскай клініцы. Усе спробы захаваць паэту жыцьцё не прынесьлі посьпеху.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0