У Пінску няма грошай плаціць настаўнікам адпускныя

Напрыкацы мінулага тыдня школьныя настаўнікі ў Пінску нарэшце атрымалі аванс. Пра асноўны заробак, які мусіў быць выплачаны ўжо 1 чэрвеня, у бугальтэрыі аддзелу адукацыі нават ня згадваюць.

Аднак асноўная праблема на сёньняшні дзень – выплата настаўніцтву адпускных. Па зьвестках гарфінаддзелу – гэта больш за 500 мільёнаў рублёў. А паступленьні ў гарадзкі бюджэт за месяц складаюць прыкладна 530 мільёнаў. Такім чынам, каб адправіць настаўнікаў на вакацыі з грашыма, трэба ўвогуле адмовіцца ад фінансаваньня іншых гарадзкіх патрэбаў. Зразумела, што гарадзкое кіраўніцтва на гэта ня пойдзе. Таму старшыня гарвыканкаму разам з намесьнікамі езьдзіць па школах і пераконвае настаўнікаў пацярпець ды не рабіць ніякіх публічных выступаў, бо, маўляў, кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб знайсьці грошы.

Аднак знайсьці грошы ў гарадзкім бюджэце будзе вельмі няпроста. Паводле статыстычных зьвестак, за чатыры месяцы бягучага году бюджэт выкананы толькі на 22 адсоткі – паказчык амаль у два разы горшы за леташні. Амаль палова гарадзкіх прадпрыемстваў – стратныя. Іхная запазычанасьць перад гарбюджэтам расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі – за некалькі месяцаў яна падвысілася ў 8,5 разоў. Гарадзкому кіраўніцтву застаецца спадзявацца толькі на грошы зь Менску.

А тым часам у гарадзкіх школах, дзе заняткі працягнутыя на тыдзень з-за працягнутых вясновых вакацыяў, ад 25 траўня адмененыя нават школьныя абеды, частка кошту якіх датуецца гарбюджэтам.

Ад 1-га чэрвеня зачынілася таксама значная частка дзіцячых садкоў. Плянуецца з трох-чатырох пакінуць адзін садок, у які, каб ашчадзіць грошы, перавядуць дзяцей з суседніх.

Што да настаўнікаў, дык праўдападобна, што сыходзіць у адпачынак бяз грошай яны не зьбіраюцца. У гарадзкой арганізацыі вольных прафсаюзаў настаўнікаў нам паведамілі, што калі ў бліжэйшы час грошы ня будуць выплачаныя, яны створаць страйкавы камітэт.

Пакуль жа настаўнікі Пінску накіравалі ліст Лукашэнку, у якім патрабуюць ад выканаўчай улады неадкладна зрабіць усё магчымае, каб настаўнік мог нармалёва выконваць свой асноўны абавязак – вучыць дзяцей, а не клапаціца ўвесь час пра ўласнае выжываньне. Настаўнікі папярэджваюць, што калі гэта ня будзе выканана, яны пакідаюць за сабой права абараняць свае правы ўсімі законнымі спосабамі.

Варта адзначыць, што гэтым разам ліст да Лукашэнкі ў паштовым аддзяленні ў настаўнікаў прынялі. Бо тры тыдні таму настаўніцкую тэлеграму на адрас "Менск, Маркса, 38" пінскія сувязісты прымаць катэгарычна адмовіліся. Тады настаўнікі накіравалі ў гарадзкую пракуратуру скаргу на процізаконныя дзеяньні сувязістаў. Адказу пакуль няма.

Аляксей Дзікавіцкі