Лісты ў рэдакцыю

 

Злачынства бяз тэрміну даўнасьці

Жылі мы ў мястэчку ў Заходняй Беларусі. Дзесьці ў пяцідзясятыя гады, як хадзіў я ў школу, неяк у хаце сказаў, што вёску Боркі спалілі немцы. Тады мая маці распавяла мне, што вёску Старажоўшчына і вёску Боркі Івацэвіцкага раёну спалілі партызаны.

У Старажоўшчыне сваякоў не было, таму падрабязнасьцяў мы ня ведалі. У Борках жа жыла вялікая сям'я роднага брата маёй мамы. А на невялічкім хутары пад Слонімам жыла іх родная сястра. Гэтыя партызаны часьцяком заходзілі на хутар і нават пакідалі там параненых. Таму і папярэдзілі, што калі ёсьць сваякі ў Борках, дык "хай уцякаюць!" Але вайна, шасьцёра малых дзетак... І сям'я засталася ў Борках.

"Самаахоўцы" не пускалі партызан у вёску ад лесу, дык тыя ўвайшлі з боку мястэчка.

Калі жонка майго дзядзькі ўбачыла, што ідуць два партызаны паліць хату, дык выйшла насустрач: "Хлопчыкі, не паліце хату, вунь шасьцёра дзетак у акопчыку сядзяць!" Адзін партызан стрэліў угару: "Уйдзі, сука!" А другі яго паправіў: "Разве так бьют, вот так бьют!" Савецкі партызан застрэліў беларускую маці шасьцярых дзяцей і спаліў іх хату.

Можа, той забойца і цяпер жыве ды атрымлівае прывілеі. Але ж і тое ваеннае злачынства ня мае тэрміну даўнасьці.

Мікола Цярэшка, Менск

 

Падтрымаем беларускамоўныя выданьні

Апошнім часам меншае наклад беларускамоўных выданьняў у нашай краіне. Сёньня нават такія дэмакратычныя газэты як "Народная воля" ды "Наша свабода" друкуюцца на дзьвюх мовах. І трэба заўважыць, што публікацыі на расейскай мове, на жаль, пераважаюць. Таму мы цалкам падзяляем жаданьне сапраўднай беларускай газэты "Наша Ніва" выходзіць ня проста па-беларуску, а й паводле клясычнага правапісу, і абураныя мэтанакіраванаю палітыкай дзяржаўных уладаў у зьнішчэньні газэты толькі за тое, што рэдакцыя мае сумленьне праз артыкулы сваіх аўтараў ды лісты чытачоў казаць праўду пра сапраўдную Гісторыю і сучаснасьць нашай краіны, пра дзяржаўную палітыку вынішчэньня ўсяго беларускага, пра дыскрымінацыю ў Беларусі Беларуса! І гэта ў той час, калі з маўклівага блаславеньня дзяржавы розныя калядзяржаўныя структуры (а нават Праваслаўная Царква!) беспакарана друкуюць ды распаўсюджваюць літаратуру фашыстоўскага зьместу!

Таму ТБМ заклікае падтрымаць беларускамоўныя выданьні праз падпіску ды падпісацца на ІІ паўгодзьдзе адразу на дзьве дэмакратычныя культурна-асьветніцкія газэты: "Нашу Ніву" і "Наша слова" (газэта ТБМ, штотыднёвік, індэкс 63865/2, кошт на 6 мес. – 942 руб.). Тыя ж, хто прынясе (альбо дашле на адрас Сядзібы ТБМ, што ў Менску на вул. Румянцава, 13, 220005) падпісныя квіткі на абедзьве газэты, атрымаюць у якасьці прэзэнту прыстойную кніжку на беларускай мове.

Беларускую газэту – кожнай беларускай сям'і!

Сакратарыят ТБМ

 

Разам зь ліліПуціным ударым па Талібану?

Сустрэча ў Менску чатырох цюбяцеек, адной вушанкі ды сп. Аляксандра Лукашэнкі адкрывае нашым хлопцам бліскучыя пэрспэктывы вайсковай кар'еры ў Аўганістане.

Наша войска яўна застояла, марна едучы народныя харчы ды нажываючы пролежні на вайсковых ложках; школьныя ваенрукі прагнуць сьвежага ваенна-патрыятычнага матэрыялу. Што ж, БПСМ мае першачарговае права і пераважную квоту на новых Герояў Аўгану. Калі БПСМ гідзіцца памешваць гной на ўдарным жывёлагадоўчым фронце, хай пакажа, на што здатны іх патрыятызм на франтох Талібану. Заўважу толькі, што дзесяціклясьнікам нашай Дуброўскай школы сказалі ўзяць з сабою на вайсковыя зборы прасьціны і наўлечкі, бо ў вайсковай частцы, куды завязуць нашых сыноў дзеля бессэнсоўнае вайсковае муштры, няма пасьцельнай бялізны.

Цяпер Сьветлагорскае РАА думае-варожыць, дзе ўзяць 28.000.000 рублёў, каб завезьці падлеткаў у той Бабруйск. А ў сьветлагорскай школе № 11, дзе ёсьць ваенна-патрыятычны клас, зь юных ваенпатрыётаў спраўна спраўляюць тры 0,25 мінімальнага заробку двойчы на год, каб заплаціць "камандзіроўку" тром патрыятычным афіцэрам, што прыяжджаюць праводзіць тэсты зь юнымі ваенпатрыётамі: вайсковае ведамства ня мае грошай. Што ж, за фанатычны патрыятызм трэба плаціць!

Для выйсьця з эканамічнага крызысу нам тэрмінова патрэбныя буйныя трафэі. Мы ня можам чакаць міласьціны з Захаду (ды і ад Усходу таксама)! Узяць яе ў іх – наша задача.

P.S. Цікава, як у ходзе апэрацыі мы будзем называць маскалёў: старшы брат ці старэйшы?

А мо лепей ударыць па НАТО? Там трафэі большыя і лепшыя. Асьмелюся прапанаваць патрыятычную дактрыну: усё за межамі Беларусі – нашы трафэі, усе за межамі Беларусі – нашыя рабы. Справа за малым: пераможным анабазысам. І ўсё ж: ці не падпадае плян ліліПуціна пад крымінальны пункт аб прапагандзе вайны?

Мікола Бусел, бацька, Дуброва

 

Слова да "Белага Фронту"

Калі ў маёй публікацыі "Treciaja sila u Bierasci" ("Наша Ніва", №20) ёсьць недакладнасьці, прыношу сябрам і лідэрам "Белага Фронту" свае выбачэньні, але заўважу, што з майго паведамленьня не вынікае, што "БФ" – структурная адзінка РНЕ ці шчыльна зь ім зьнітаваная структура. Наадварот, быў зроблены акцэнт на самастойнасьць аб'яднаньня.

Што да прапаганды й добрага стаўленьня да беларускае мовы, дык узьнікае пытаньне – чаму ж улёткі надрукаваныя на расейскай?

Датычна лёзунгу "White Pride" – перапрашаю, мае зьвесткі, відаць, былі недарэчнымі, але ж гэты лёзунг узяты на ўзбраеньне сусьветнай плыньню скінгедаў, ці "БФ" да яе сябе не адносіць? (Тады навошта пісаць ува ўлётках – "организация SKINHEAD")?

Пра дзейнасьць "Краю" чуваць, а пра акцыі "БФ" існуе інфармацыйны вакуум. Прапаную асьвятляць свае мерапрыемствы, напрыклад, у "НН".

І апошняе: ніякай спробы ўбіць клін паміж "Краем" і "БФ" не прадугледжвалася, таму зычу плёну абедзьвюм арганізацыям, калі яны на карысьць Бацькаўшчыне.

Жыве Беларусь!

А.Тылер, Берасьце


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0